29 Марта, 2024 Пятница

Каля Наўраў адкапалі... адкрыццё

  • 06 сентября 2017 Общество Беларуская 0

    СЁЛЕТА зноў прайшлі археалагічныя раскопкі курганнага могільніка Наўры. Пра што расказалі курганы і якія таямніцы пакуль хаваюць,  гутарым з кіраўніком экспедыцыі — кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам, загадчыкам кафедры філасофіі, сацыялогіі і эканомікі Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Мікалаем ПЛАВІНСКІМ.

    — Чым адметныя раскопкі гэтага года?

    — Сёлетняя археалагічная экспедыцыя была вельмі маштабнай, складалася з дзвюх частак. З 4 па 24 ліпеня ў раскопках удзельнічалі студэнты-практыканты і старшакурснікі гістарычнага факультэта БДУ. А з 24 ліпеня па 6 жніўня — валанцёры і навучэнцы Гатаўскай сярэдняй школы Мінскага раёна — гэта быў археалагічны летнік, арганізаваны Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры. 

    — Нагадайце, калі ласка, гісторыю пытання. 

    — Першыя археалагічныя раскопкі курганнага могільніка Наўры праходзілі яшчэ ў 1934 годзе, наступныя — у 1987. Пад маім кіраўніцтвам гэта ўжо чацвёртая экспедыцыя (папярэднія былі ў 2012, 2015 і 2016 гадах). 

    — Што ж гэтым разам адкапалі?

    — Сёлета, акрамя даследавання ўласна курганоў, шукалі сельскія паселішчы на беразе возера Наўры — месца, дзе жылі людзі, ад якіх і засталіся курганы. На жаль, пакуль не знайшлі. Але выявілі матэрыялы эпохі мезаліту, неаліту, бронзавага веку і познесярэднявечныя.  Сам курганны могільнік Наўры складаецца з дзвюх груп. Усе ранейшыя даследаванні тычыліся асноўнай курганнай групы, якая ўключае 120 курганоў. У ёй сёлета мы вывучылі два курганы. А яшчэ раскапалі адзін з другой групы, якую раней ніхто не вывучаў — і там прыйшлі да найбольш цікавых вынікаў. Выявілася, што ён крыху больш ранні за курганы асноўнай групы — дзесьці 2-ой паловы Х — 1-ай паловы ХІ стагоддзя. Гэта язычніцкае пахаванне па абрадзе трупаспалення. І самае цікавае — побач з ім знайшлі яшчэ некалькі пахаванняў без курганных насыпаў. Яны, мабыць, былі здзейснены ў нейкіх драўляных ці берасцяных канструкцыях, якія знаходзіліся прама на старажытнай зямной паверхні. Вось гэтыя бескурганныя пахаванні, напэўна, — найбольш цікавае адкрыццё. Таму што такіх у Беларусі да гэтага часу выяўлена не было. 

    — Якім перыядам яны датуюцца? 

    — Прыкладна такім жа, што і курган — 2-ой паловай Х —1-ай паловай ХІ стагоддзя. Яны выяўляюцца як невялікая колькасць у зямлі спаленых костак. Гэта не адзінкавая з’ява: вядомы такога кшталту пахаванні ў Наўгародскай зямлі, у вярхоўях Волгі. Але адшукаць іх можна толькі ў працэсе маштабных раскопак. Іншая справа — курган: гэта земляны насып, яго бачна. А тут складаней, ёсць момант выпадковасці. Мы знайшлі, бо вывучалі вялікую плошчу вакол кургана…

    Наталля ЛІСІЦКАЯ.

    Автор: Наталля ЛІСІЦКАЯНарачанская зара

Комментарии (0)