26 Апреля, 2024 Пятница

Ад прыватных пытанняў да дзяржаўных інтарэсаў

  • 13 сентября 2017 Общество Беларуская 0

    На прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, які право­дзіць у нашым раёне старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат ад Докшыцкай выбарчай акругі №22 Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, ушачане традыцыйна прыхо­дзяць як са сваімі прыватнымі, так і з агульнымі пытаннямі і прапановамі, якія, па меркаванні заяўнікаў, павінны ўдасканаліць існуючыя заканадаўчыя нормы, палепшыць якасць жыцця насельніцтва.

    Да падобных, напрыклад, належала тэма, узнятая Уладзімірам Мікалаевічам Марковічам. Пенсіянер пастаянна жыве ў Наваполацку, аднак на цёплы сезон пераязджае ў Кублічы, дзе мае дом. Да нядаўняга часу было так, што з-за гарадской прапіскі яму даводзілася за электрычнасць і газ плаціць значна больш, чым мясцовым жыхарам. Прынятая ў мінулым годзе Пастанова Савета Міністраў №233 часткова «змікшыравала» сітуацыю – зараз у пенсіянераў па ўзросце і інвалідаў, калі яны прадстаўляюць у энергазбыт даведку, што пацвярджае рэгістрацыю па месцы часовага прабывання ў вясковым доме, узнікае права аплаты электраэнергіі па субсідзіраваным дзяржавай тарыфе. А вось каб плаціць менш за звадкаваны ці прыродны газ, у вясковым доме неабходна аформіць пастаянную прапіску. Толькі тады кошт 21-кілаграмовага балона газу зменшыцца з 35 да 12 рублёў.

    Навапалачанін расказаў, што за сезон паспеў ужо зрасходаваць тры газавыя балоны, і гэта даволі значны ўдар па бюджэце, а таму выказаў пажаданне, каб сацыяльная падтрымка пенсіянераў-дачнікаў распаўсюдзілася і на субсідзіраванне «газавых» выдаткаў. У.П.Андрэйчанка звярнуў увагу на тое, што грамадзяне Беларусі не плацяць за газ па яго сабекошце – гэта абумоўлена сацыяльна арыентаванай палітыкай нашай дзяржавы. Выдаткі ж пакрываюцца за кошт павелічэння тарыфаў для прамысловага сектара, што ў сваю чаргу прыводзіць да павышэння сабекошту беларускай прадукцыі і памяншае яе канкурэнтаздольнасць. «Тым не менш, я данясу Вашу прапанову да членаў урада», – паабяцаў наш дэпутат.

    Адначасова і прыватным, і грамадскім было набалелае пытанне, з якім звярнуўся да Ула­дзіміра Паўлавіча ад імя жыхароў вёскі Лажане яе старэйшына Уладзімір Ільіч Барысёнак. Праблема датычылася саманарыхтоўкі дроў. Адпаведна нядаўнім заканадаўчым новаўвядзенням, на землях сельгаспрызначэння грамадзянам можна нарыхтоўваць дровы толькі пры наяўнасці дазволу, выдачу якога ажыццяўляе адпаведная сельгасарганізацыя, што мае дакументы на гэтыя землі. Аднак мясцовае сельгаспрадпрыемства «Агра-Селішча» пакуль што такія паперы не аформіла. Уладзімір Ільіч звярнуўся ў Плінскае лясніцтва, але і тут яго чакаў «бар'ер». Калі раней можна было без асаблівых праблем выпісаць для саманарыхтоўкі сухастой ці буралом, то зараз, адпаведна новаму Лясному кодэксу, каб даць на гэта дазвол у месцах па выбары грама­дзян, лясгасы павінны ўнесці змяненні ў лесаўпарадкавальныя праекты, што патрабуе пэўнага часу. Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка звязаўся па тэлефоне з міністрам лясной гаспадаркі і выказаў пажаданне, каб механізм новаўвядзенняў укараняўся на месцах без цяганіны і не адбіваўся на надзённых патрэбах вяскоўцаў. «Учора вецер паваліў лес – сёння леснікі ўнеслі змяненні – заўтра людзі пачалі нарыхтоўваць дровы – вось як павінна быць наладжана справа!» – рэзюмаваў спікер беларускага Парламента. Ну а вырашэнне канкрэтнага пытання У.І.Барысёнка і яго аднавяскоўцаў узята на кантроль. Дарэчы, Уладзімір Паўлавіч станоўча ацаніў прыклад плённай работы старэйшыны, падкрэсліў, што актыўнасць падобных абраннікаў вёскі дапамагае людзям вырашаць набалелыя праблемы.

    Хвалюючае пытанне жыхароў Павулля агучылі на прыёме Валянціна Міхайлаўна Спірчонак і Жанна Віктараўна Аваднёва (на здымку). Раней іх населены пункт, у якім зарэгістравана 38 чалавек, забяспечваўся вадой з артэзіянскай свідравіны, што засталася на тэрыторыі былой МТФ. Гэта давала магчымасць вяскоўцам карыстацца пральнымі машынамі, абсталёўваць душавыя пакоі. Аднак нядаўна свідравіна выйшла са строю. Спецыяльная камісія дала заключэнне аб яе непрыдатнасці для эксплуатацыі, нельга аднавіць і шчыльна забетанаваную «бязвежавую» свідравіну, а каб пабудаваць новую, трэба затраціць каля ста тысяч рублёў. Для ацэнкі сітуацыі прадстаўнікі райвыканкама на чале з намеснікам старшыні А.В.Галяковічам неаднаразова выязджалі ў вёску, гутарылі з насельніцтвам. У.П.Андрэйчанка разам з Андрэем Вітальевічам, старшынёй райвыканкама У.Г.Аўдошкам і заяўніцамі дэталёва прааналізаваў праблему. Ён патлумачыў, што ўключыць гэты праект у дзяржаўную праграму «Чыстая вада» не ўяўляецца магчымым, бо яна не разлічана на малаколькасныя населеныя пункты. Адзіным выйсцем застаецца будаўніцтва новых і ачыстка існуючых шахтавых калодзежаў. Некалькі грамадскіх будуць абсталяваны за кошт ЖКГ, для тых жа, хто пажадае выкапаць прыватныя, прадпрыемства гатова зрабіць адтэрміноўку плацяжу. Гаспадарам, якія хочуць карыстацца пральнымі машынамі і іншымі выгодамі, можна падумаць пра абсталяванне мясцовых свідравін – калі скааперавацца, скажам, на тры двары, абыдзецца гэта прыкладна ў 500 рублёў, што нельга назваць непад'ёмнай сумай. Дарэчы, падобная сітуацыя склалася нядаўна ў вёсцы Вацлавова, і праблема была вырашана якраз падобным чынам.

    Няма зараз ніякіх пытанняў да якасці вады ў жыхароў Арэхаўна. І менавіта наш дэпутат у парламенце паспрыяў хутчэйшаму ажыццяўленню будаўніцтва ў аграгарадку станцыі абезжалезвання, якая была ўключана ў прыгаданую вышэй праграму «Чыстая вада». Са словамі шчырай удзячнасці звярнуліся да У.П.Андрэйчанкі мясцовыя жыхары Леанід Аляксандравіч Лісоўскі і Віктар Міхайлавіч Шыркевіч. Уладзімір Паўлавіч распытаў іх пра іншыя актуальныя для населенага пункта праблемы, сярод якіх адна з галоўных – неабходнасць рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў. Таксама падзякавала нашаму дэпутату за станоўчае вырашэнне агучанага падчас аднаго з папярэдніх прыёмаў пытання жыхарка Лутава Сяльца Алена Васільеўна Лаеўская. 

    Автор: Н.БАГДАНОВІЧ.Патрыёт
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)