26 Апреля, 2024 Пятница

Вясёлыя гісторыі чытачоў Звязды

  • 20 октября 2017 Общество Беларуская 0

    Найлепшы «настаўнік» года

    Гэтай дзяўчынцы, мусіць, трэба было нарадзіцца хлопчыкам. Людка — смелая і дзёрзкая — змалку была завадатаркай ці, дакладней, «затычкай да кожнай бочкі». Уся акруга ведала, што яна першая ў розных хлапечых гульнях, першая ў бойках, першая ў налётах на чужыя сады-агароды, першая, на жаль, і ў прагулах урокаў...

    Што з гэтым рабілі бацькі? Прасцей расказаць, чаго не рабілі: і ўпрошвалі яе, малую, і ўгаворвалі, і нешта абяцалі, і страшылі… А не дзейнічала нічога, нават папруга, якую бацька павесіў на сцяне як намёк, што болей размоў ужо не будзе.

    Падыход да гэтай «цяжкай» дзяўчынкі спрабавалі знайсці і асобныя настаўнікі, але ж большасць іх проста махнулі рукой. Нават горш за тое — на Люду стараліся павесіць і яе грахі, і чужыя.

    — Шаўцова, чаму дошка нямытая? — штораз пытала ў яе класная кіраўніца.

    — Дык не я ж дзяжурная, — спрабавала адбіцца дзяўчынка.

    Але марна: менавіта ў яе класная заўсёды пытала, чаму некага ў школе няма, чаму кніжкі ляжаць не там, дзе павінны, чаму фортка ў класе адчынена (альбо зачынена)

    «Ды што яна ўсё чапляецца? Колькі можна?» — абуралася дзяўчынка. Цярпенне яе было на мяжы: яна думала, што з гэтым трэба нешта рабіць, але што?

    План помсты падказаў выпадак: у лузе (смеласці ды лоўкасці было не пазычаць) Люда злавіла вужа, засунула яго за падкладку пінжака і з'явілася на ўрок да класнай: праўда, са спазненнем...

    Гэтага было дастаткова, каб распачаць чарговы разнос:

    — Шаўцова, дзе ты шляешся замест таго, каб быць на ўроку?! Што ў цябе пад пахай?

    Слухаць далей Люда не стала. Яна падышла да стала, выцягнула вужа і паклала яго перад настаўніцай.

    Што пачалося, — не расказаць! Класная закрычала, заверашчала, дзеці — таксама, нехта пабег з класа, нехта — напрасткі да дырэктара...

    Той нібы віхар пранёсся па калідоры, уляцеў у клас, ні ў кога нічога не пытаючы, схапіў Людку за вуха і вывеў са школы.

    — Вон! — сказаў. — І каб духу твайго не было. Бацькі няхай прыйдуць.

    Так што іншага выйсця не было: дзяўчынцы прыйшлося расказаць пра ўсё дома.

    Бацька выслухаў і, здаецца ж, зразумеў яе, але папругу са сценкі зняў...

    Пасля гэтага ў сваю старую школу Люда больш не вярнулася. А ў новай адчайную ды здольную да вучобы дзяўчынку адразу ж прывецілі, заўважылі. Настаўнікі час ад часу сталі яе нахвальваць, вучні — звяртацца па дапамогу...

    Так ці іначай, Люда паспяхова скончыла школу, паступіла ў інстытут, стала добрай бухгалтаркай, эканамістам. Але ж пры выпадку ўсім расказвае, што як ні круці, а найлепшым «настаўнікам» для непаслухмяных заўсёды быў і будзе бацькоўскі рэмень.

    Ніна Бурко, г. Беразіно

    Сустрэнемся на… экзамене

    Чыстая праўда, нічога не прыдумала.

    Еду, значыць, я ў аўтобусе, салон перапоўнены, але ж я неяк села. Жанчына сярэдняга веку побач са мной стаіць, хоць, відавочна, ёй таксама хацелася б сесці… А перад ёю яшчэ дзяўчо — модніца нейкая, з пірсінгам на ніжняй губе. «Маладое, дурное...» — падумала я пра гэту дзяўчыну і, як высвятляецца, не памылілася. Справа ў тым, што побач з'явілася свабоднае месца, тая жанчына, памкнуўшыся сесці, папрасіла дзяўчыну:

    — Дайце прайсці...

    — Больш ты нічога не хочаш? — нават не зварухнуўшыся, агрызнулася тая.

    — А мы хіба на «ты»? Блізка знаёмыя ці сваячкі? — здзівілася жанчына. (Вольнае месца ўжо занялі, спяшацца не было куды...)

    — Ды пайшла ты... — у адказ ёй заявіла модніца, паказаўшы пры гэтым, што завушніца ў яе не толькі на губе, але і на… языку!

    Такое, згадзіцеся, убачыш нячаста, а ўбачыўшы, наўрад ці забудзеш. Вось і жанчына, разглядаючы сваю крыўдзіцельку, здзіўлена прамовіла:

    — Вой, а я ж вас, здаецца, ведаю. Вы з трэцяга курса, так? У наступным семестры я ў вас буду лекцыі чытаць. Так што мы з вамі яшчэ сустрэнемся, праўда? І размову нашу абавязкова прадоўжым — на экзамене.

    Тым часам наш аўтобус пад'ехаў да наступнага прыпынку. Модніца, як той рак, чырвоная, моўчкі рванула да выхаду. А мы з жанчынай міжволі ўспомнілі стары анекдот: у казарме стаяць два сябрукі. «Слухай, давай над нашым старшыной прыколемся?» — прапануе першы. «Над дэканам ужо прыкалоліся… Табе што — мала?»

    Наталля Шастакова, г. Гомель

    Пашчасціла

    У цырульнях гэтак здараецца: кліентка, якая запісалася на стрыжку, у прызначаны час не прыйшла, наступная за ёй — на прычоску — з'явілася крыху раней і майстар адразу ж усадзіла яе ў мяккае крэсла, абхінула цёмнай доўгай накідкай, спытала:

    — Як робім?

    — На макаўцы вышэй, на скронях трохі пышней, ніз гладкі, — адказала стомленая жанчына і ў асалодзе заплюшчыла вочы: рэдкія паходы ў цырульню былі для яе хвілінамі адпачынку.

    Майстар тым часам заляпала нажніцамі. «Напэўна, нейкія пасмачкі выбіваюцца? — падумала кліентка. — Малайчына, няхай падраўняе, прыбярэ». Сама ж яна (дзе яшчэ вось так пасядзіш?) працягвала «кайфаваць» — атрымліваць асалоду, пакуль не зразумела, што яе… грунтоўна стрыгуць...

    Казаць, што яна не для гэтага прыйшла, было відавочна позна. «Што будзе, тое будзе», — здалася кліентка не то на волю лёсу, не то на майстэрства цырульніцы.

    — Усё! Стрыжка гатова! — сказала неўзабаве тая.

    — Але ж я запісвалася на прычоску.

    — Як на прычоску?! — спалохалася майстар. — І што зараз рабіць?

    — Ды выбару як быццам няма: прычоску.

    … Карацей — завяршылася гэтае непаразуменне добра: і стрыжка, і ўкладка ўдаліся на славу. А яшчэ было трохі смеху, што таксама нядрэнна, бо кажуць, што ён падаўжае жыццё.

    Фаіна Касаткіна, г. Паставы

    Англійскі кампот

    Не ведаю, як для каго, а для мяне «крыніцай» новых баек з'яўляюцца… старыя. Мяркуйце самі: выйдзе ў «Звяздзе» чарговы «Провад», сябры-знаёмыя пачытаюць, глядзіш, нехта скажа: «Во, а ў мяне ж таксама было...» І выкладзе гатовы сюжэт.

    Ну вось напрыклад: я пісала нядаўна (гл. «Звязда» ад 13.10), як адзін наш дзядуля хацеў доктара частаваць, як свае зубныя пратэзы са шклянкі выняў, а яму гарэлкі туды… Дык цётка Пашка (маці маёй сяброўкі) з гэтай нагоды генеральскія зубы ўспомніла.

    Але ж пра іх — потым, спачатку пра цётку трэба.

    Ёй, Праскоўі Ануфрыеўне (дарэчы, таксама падпісчыцы «Звязды»), у гэтым годзе 95 стукнула. Усю апошнюю вайну яна медыкам прайшла. І не абы-дзе, а на флоце, у Мурманску, куды немцы рваліся з усіх сіл, бо там — паўночныя марскія шляхі...

    Бамбілі, карацей, амаль штодня, тапілі англійскія гуманітарныя грузы, не зважалі нават на шпіталі, хоць там, на дахах, чырванелі крыжы і, паводле міжнародных канвенцый, бамбіць такія аб'екты нельга. Але ж гэта — нармальным праціўнікам, а не фашыстам. (Дарэчы, неяк яны скінулі бомбы, ніводная не разарвалася. Сапёры потым казалі, што замест смяротнай «начынкі» там быў проста пясок і запіска: «Чым змаглі — памаглі». Гэтак (з рызыкай для жыцця) набліжалі перамогу нашы палонныя, якія працавалі на нямецкіх заводах.)

    І лётчыкі (прычым з абодвух бакоў) ляталі над Мурманскам самыя-самыя, звычайна — афіцэры, асы.

    Але ж іх збівалі таксама. Нямецкіх, тых, што выжылі, бралі тады ў палон, трохі падлечвалі і «здавалі» чынам з НКДБ. Яны, гэтыя «высокія шышкі з высокіх органаў», як іх цётка Пашка назвала, увесь час там «дзяжурылі». Таму загрымець «на пажыццёвае з расстрэлам на «фінішы» было што раз плюнуць...

    Ледзь не трапіла пад трыбунал і цётка, Пашка.

    … Недзе ў 1943-м да іх у шпіталь збіраўся прыляцець сам камандуючы Паўночным флотам адмірал Галаўко. А папярэдне — прыбыў генерал, начальнік медслужбы флоту, і распачаў там такую дзейнасць...

    Праўда, сілы не разлічыў, — з язвай «зваліўся».

    Такога вось рэдкага пацыента адразу паклалі ў асобную палату, забяспечылі адмысловым харчаваннем. І догляд патрабаваўся такі ж — персанальны, з боку не менш чым фельчара і лейтэнанта Праскоўі.

    Трэба сказаць, што службу гэта дзяўчына заўсёды несла сумленна.

    Аднойчы, калі генерал «адпачывалі», яна ціхенька зазірнула ў яго «апартаменты» і згледзела на століку шклянку: як ёй падалося — з недапітым кампотам. Нешта ў ім яшчэ плавала? Падумала: можа, заморскія фрукты? Але ж раз генерал не дапіў і адразу не з'еў, то, значыць, напой не спадабаўся і дапіваць яго ён не будзе — новы прынясуць...

    А таму вось гэты яна хуценька занесла ў памыйніцу, у спецыяльны бак для адходаў.

    Плюхнула і забылася б, але ж у аддзяленні пачаўся гвалт:

    — Дзе мае зубы?! — ва ўсё горла крычаў генерал.

    — ?!

    А яго ніхто не разумеў, бо пратэзаў тады і ў вочы не бачылі!

    Думалі б, што ў чалавека нешта з галавой (розумам крануўся), але зубы ў яго і праўда зніклі — усе, хоць надоечы былі...

    І гаварыў ён раней нармальна, а цяпер толькі шамкаў ды пырскаўся слінай...

    Пабеглі да начальніка шпіталя. Ён тут жа прынёсся са світай дактароў, і генерал ужо ім роў:

    — Пад трыбунал!.. Усіх разжалую! Вы ў мяне ў санітары пойдзеце!.. Дзе мае зубы?

    Каб супакоіць яго, давялося ледзь не сілком увесці дзве дозы заспакаяльнага, пачакаць, пакуль падзейнічае, і толькі тады папрасіць:

    — Калі ласка, скажыце, а што канкрэтна значыць пытанне «Дзе мае зубы?»

    — Ды пратэзы ў мяне, балван, — прашамкаў заспакоены генерал начальніку шпіталя. — Яны вось тут у шклянцы стаялі.

    Пачуўшы гэта, лейтэнант Праскоўя куляй паляцела на памыйніцу.

    На яе вялікае шчасце, змесціва бака ніхто не выкінуў і тое, што ў мутнай шклянцы яна прыняла за скрылікі фруктаў, па-ранейшаму ляжала зверху.

    Дзяўчына хуценька падняла іх, вымыла, прадэзынфікавала і на дрыготкіх нагах занесла хвораму.

    Такім чынам, бура, трохі заціхшы, больш не ўсчыналася: генерал супакоіўся, шпіталь уздыхнуў з палёгкай. А ўжо Праскоўя...

    Паводле афіцыйнай версіі, зубны пратэз яна брала на санапрацоўку, а своечасова не прынесла, бо не паспела — хворы прачнуўся раней.

    … Карацей, нікому і ніколі яна не расказвала, дзе — канкрэтна — пабывалі тыя генеральскія зубы. Грыф сакрэтнасці зняў звяздоўскі «Провад», на 73-м годзе пасля Перамогі.

    Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён

    Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

    Автор: Валянціна ДоўнарЗвязда
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)