04 Июля, 2020 Суббота

З Коласам па жыцці

  • 03 ноября 2017 Общество Беларуская 0

    Ёсць людзі, пра якіх нельга гаварыць без хвалявання і сардэчнай удзячнасці за тое, што яны зрабілі ў жыцці. Такім чалавекам з’яўляецца Якуб Колас — выдатны паэт, празаік, драматург. Яго імя вядома далёка за межамі нашай рэспублікі. Беларускі народ па праву ганарыцца сваім Песняром, які прынёс нашай літаратуры сусветную славу. Калі мы пачынаем чытаць творы Якуба Коласа, нас заўсёды ахоплівае нейкае асаблівае пачуццё. Здаецца, мы прыйшлі ў госці да вельмі блізкага і роднага чалавека, які нас любіць і паважае.

    У гэтым годзе ўся краіна святкуе юбілей вядомага класіка беларускай літаратуры. Для нашай навучальнай установы гэта падзея асаблівая і знакавая. Штогод у Нясвіжскім каледжы праходзяць Каласавіны, а сёлета святкаванне набыло шырокі размах. З пачатку 2017 года працавала творчая майстэрня “З Коласам па жыцці”, штомесяц адбываліся святочныя мерапрыемствы,  якія паступова набліжалі да 135-й гадавіны з дня нара-джэння паэта.  Заключным этапам святаў стала творчая акцыя “Якуб Колас — мой і наш”.

    Многія спецыяльнасці ў нашай навучальнай установе звязаны з педагагічнай сферай, таму мерапрыемствы маюць прафесійны накірунак. На прыкладзе жыцця і творчай дзейнасці Якуба Коласа навучэнцы маюць магчымасць спазнаць хараство роднай прыроды, адчуць адданасць сваёй прафесіі, навучыцца добрым адносінам да людзей.

    Выкладчыкі і навучэнцы спецыяльнасці “Фізічная культура” распрацавалі турыстычны маршрут па мясцінах Якуба Коласа, спецыяльнасці “Дызайн” — стварылі мастацкія кампазіцыі і інсталяцыі “Праз ніці белай павуціны — абрысы часу Песняра...” Усе, хто мае дачыненне да спецыяльнасцей “Пачатковая адукацыя” і “Замежная мова”, прынялі актыўны ўдзел у конкурсе творчых работ “Адкрываю Коласа нанова”, падчас якога яны ў розных жанрах (лістах, нататках, сачыненнях, эсэ, вершах, перакладах на замежныя мовы)  прапанавалі іншым свае разважанні над сэнсам твораў Якуба Коласа.

    Дырэктар каледжа Алена Васільеўна Жураўлёва прапанавала пасадзіць пладовы сад у гонар славутага дзеяча Бацькаўшчыны. І яе ініцыятыву падтрымалі ўсе: да 3 лістапада каля каледжа з’явіліся маладыя грушкі і яблынькі. Сад стане сімвалам здзяйснення смелых мар нашчадкаў: як будуць квітнець і сталець гэтыя маладыя дрэвы, так будзе расці і прафесійны ўзровень нашых навучэнцаў.

    Цікава прайшоў фестываль народных гульняў “Казкі жыцця”. Навучэнцы П-12 групы спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”, Ф-23 групы спецыяльнасці “Фізічная культура”  і Д-24 групы спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” падрыхтавалі цікавыя і змястоўныя гульні, у якія гулялі дзеці — сучаснікі маленькага Кастуся Міцкевіча: “Проса”, “Два агні”, “Збі бульбу”, “Івашка”, “Маялка” і іншыя. Навучэнцы на працягу гадзіны весяліліся, бегалі, скакалі, спявалі, адкрываючы нанова ўсякія “штукі”, якім навучаў дзяцей, напрыклад, дзядзька Антось з паэмы “Новая зямля”.

    Сапраўдным святам стаў фестываль тэатральна-літаратурных пераўвасабленняў “Ну і чытаў, брат, Каласок! Ну і пісаў!..”, дзе навучэнцы З-21 групы спецыяльнасці “Замежная мова” прадэманстравалі свае здольнасці да пераўвасаблення, выбраўшы пэўнага героя коласаўскіх твораў. Гэта былі Андрэй Лабановіч з трылогіі “На ростанях”, Ганна і Сымон з паэмы “Сымон-музыка”, Савось з верша “Савось-распуснік”, рак з паэмы “Рак-вусач” і іншыя. Выразнае мастацкае чытанне суправа-джалася мультымедыйнай прэзентацыяй.

    Асаблівай увагі заслугоўвае фотаконкурс “#Я чытаю Коласа”, афармленне выставы фота “Мой Колас”, падчас якога група дызайнераў распрацавала спецыяльны трафарэт-выяву постаці Якуба Коласа. З дапамогай гэтага трафарэту трэба было зрабіць шэраг фотаздымкаў, сюжэт якіх адлюстроўваў бы сутнасць творчасці Якуба Коласа: мясціны, інтэр’ер, сучаснае стаўленне чытача да яго творчасці. Фота змешчаны на асобным інфармацыйным рэсурсе — у Інстаграме з хэш-тэгам “#Я чытаю Коласа”. Да выявы абавязкова даецца тэкставае тлумачэнне выбару фону для фота.

    З гонарам адзначаем, што наша навучальная ўстанова актыўна супрацоўнічае з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем імя Якуба Коласа ў Мінску і яго філіялам. Мы сочым за мерапрыемствамі, якія адбываюцца ў іншых навучальных установах, што носяць імя Песняра, наладжваем з імі цесныя сувязі, каб мець магчымасць  даведацца нешта новае, што тычыцца асобы Кастуся Міхайлавіча Міцкевіча. Цікава, але напярэдадні знамянальнай даты навучэнцамі спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць”  устаноўлены факт, што прадзед нашага выкладчыка гісторыі Жанны Гвідонаўны Радчанка —  Міхаіл Антонавіч Семяняка — вучыўся з 1898 па 1902 год у Нясвіжскай настаўніцкай семі-нарыі разам з Якубам Коласам. Пра іншыя цікавыя адкрыцці нашых навучэнцаў можна даведацца на старонках сайта каледжа, а палюбавацца фотакалажамі “#Я чытаю Коласа” — у інстаграме  пад адпаведным хэш-тэгам.

    Навучэнцы і супрацоўнікі нашай установы адчуваюць вялікі гонар, што яна носіць імя Якуба Коласа, працягваюць справу яго маладога жыцця, а значыць, маюць права звацца яго нашчадкамі.

    Марына ЕНЧЫК,

    Людміла КІПЕЦЬ,

    выкладчыкі беларускай мовы

     і літаратуры ўстановы адукацыі “Нясвіжскі дзяржаўны каледж

    імя Якуба Коласа”.

    www.nesvizh-news.by/

    Автор: Марына ЕНЧЫК, Людміла КІПЕЦЬ,Нясвіжскія навіны
    Теги: 

Комментарии (0)