29 Марта, 2024 Пятница

Што ўразіла маладзечанку Аксану Апяцёнак на Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў

  • 04 ноября 2017 Общество Беларуская 0

    Шматкіламетровая чарга на лекцыю з аўстралійскім матывацыйным аратарам Нікам Вуйчычам, пралетарскія песні на сустрэчы з расійскім палітыкам Генадзіем Зюганавым, беларускія «абдымашкі» з прадстаўнікамі розных кантынентаў… Маладзечанка Аксана Апяцёнак, адна з прадстаўніц дэлегацыі Мінскай вобласці, падзялілася ўражаннямі пра ХІХ Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў, які нядаўна прайшоў у Сочы.

    А вы ўзялі з сабой гітару?

    Аксана накіравалася туды як прадстаўнік маладзёжнай грамадскай арганізацыі. Яна з’яўляецца камандзірам вучнёўскага атрада аховы правапарадку «Барс» і сакратаром «пярвічкі» БРСМ у гандлёва-эканамічным каледжы. У гэтай установе таксама выкладае праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій.

    Мерапрыемствы ў рамках фестывалю ладзіліся ў пятнаццаці гарадах – ад Калінінграда да Уладзівастока. Сочы стаў асноўнай пляцоўкай. Сюды з’ехалася 25 тысяч (!) маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў амаль з 180 краін свету. Гэта прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, спартсмены, творцы, журналісты, інжынеры, ІТ-спецыялісты, лідары студэнцкага самакіравання і палітычных партый, прадпрымальнікі, навукоўцы, выкладчыкі… Ды яшчэ пяць тысяч валанцёраў. Фестываль стаў адным з самых маштабных за ўсю гісторыю яго існавання, пачынаючы з 1947 года, з Прагі.

    — Настолькі пазітыўная і добразычлівая была атмасфера ў Сочы! Літаральна кожнае фестывальнае мерапрыемства яркае і запамінальнае. Я і сёння, калі заплюшчваю вочы, бачу 30 тысяч сочынскіх усмешак! – не стрымлівае эмоцый Аксана Апяцёнак. – Цяпер зразумела ветэранаў маладзёжнага і студэнцкага руху, якім даводзілася бываць на аналагічным фестывалі і з якімі мы сустрэліся за дзень да вылету ў Сочы.

    Сустрэча, дарэчы, адбылася ў Мінскім абласным выканаўчым камітэце. Намеснік старшыні выканкама Віктар Сірэнка дэлегатам даў не толькі наказ, але і слушную параду — абавязкова ўзяць каму-небудзь з сабой гітару.

    — Музычны інструмент прывезлі знаёмыя аднаму з хлопцаў акурат за некалькі гадзін да вылету. Мы тады і не здагадваліся, як гітара нам спатрэбіцца і дапаможа, — гаворыць Аксана.

    Маштаб, які ўражвае

    Двума авіярэйсамі амаль 300 беларусаў вылецелі ў Сочы. Дэлегацыю ўзначаліў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Найбольшая колькасць прадстаўнікоў – 168 чалавек – ад Мінска. Гэта кіраўнікі розных ведамстваў і арганізацый, сённяшнія актывісты маладзёжнага руху і яго ветэраны. У аэрапорце беларусаў сустракаў мэр горада-гаспадара фестывалю Анатолій Пахомаў, які, дарэчы, захапляецца пляжным футболам, а таксама турызмам. Дзяўчаты ў нацыянальным убранні віталі шаноўных гасцей з братняй рэспублікі хлебам ды соллю.

    На спецыяльных шатлах іх даставілі ў «Сочы Парк Атэль», дзе і жылі ў фестывальныя дні. Ён знаходзіцца блізка ад комплексу «Алімпійскі парк» — асноўнага месца падзей.

    — Комплекс уражвае сваім маштабам! Тут размешчаны футбольныя палі, лядовая арэна, траса для аўтагонак «Формула-1»… Цяжка паверыць, што ў свой час да правядзення Алімпійскіх гульняў-2014 гэты парк з’явіўся на пустцы, — дзеліцца ўбачаным маладзечанка. – Мы правяралі крокамерам, колькі кіламетраў за дзень «намотваем», каб дабрацца ад аднаго збудавання да іншага. Атрымалася ажно 20!

    Зрабіць свет лепшым

    Сярод самых адметных мерапрыемстваў, на якім пашанцавала пабываць Аксане, — урачыстае адкрыццё фестывалю. Яно адбылося ў Лядовым палацы «Вялікі». Справа ў тым, што толькі на цырымоніі адкрыцця і закрыцця прадугледжваліся білеты. На кожную дэлегацыю іх была выдзелена пэўная колькасць. Прадстаўнікі Мінскай вобласці атрымалі адпаведна па 16 і 4 запаветныя квіткі.

    Маладзечанку, як і ўсіх прысутных, уразілі прывітальныя словы прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна, які валодае англійскай і нямецкай мовамі. Наогул, фестывальныя мерапрыемствы суправаджаліся на васьмі мовах – рускай, англійскай, кітайскай, нямецкай, французскай, італьянскай, іспанскай і арабскай.

    — Вельмі спадабалася ідэя адкрыцця. Дзейства было заснавана на рэальных гісторыях маладых людзей, якія паспрабавалі змяніць гэты свет альбо змаглі пераадолець сябе, — заўважае Аксана. – Кожная з іх пачыналася відэасюжэтам, на працягу якога героі выходзілі на галоўную сцэну. Асабліва ўразіў малады адвакат з Індыі. Разам з добраахвотнікамі ён за 86 тыдняў ачысціў узбярэжжа акіяна ад неймавернай колькасці смецця – яго сабралі 5400 (!) тон. Таксама цікавая гісторыя хлопца з Непала, які ў глухой вёсачцы ініцыяваў будоўлю школы. Потым далучыліся і мясцовыя жыхары. Была ўзведзена прыгожая пабудова, калі можна так сказаць, з падручных матэрыялаў, якія знаходзілі ў ваколіцах. Выйшла на фестывальную сцэну і 25-гадовая дзяўчына, якая ўжо дастаткова дарослай даведалася пра тое, што яе выхоўваюць прыёмныя бацькі. Доўгі час яна праз сацыяльныя сеткі шукала сваю родную сястру. І ў Сочы дзяўчаты прыехалі разам.

    Усе гісторыі суправаджаліся тэматычнымі творчымі нумарамі папулярных артыстаў. Арганізатары дзейства паспрабавалі патлумачыць гледачам, што дружба і ўзаемаразуменне дапамагаюць зрабіць гэты свет лепшым. А ідэйнымі стваральнікамі адкрыцця фестывалю выступілі вядомы прадзюсар Ігар Крутой і член Акадэміі расійскага тэлебачання Аляксей Сячонаў.

    Беларускія «абдымашкі»

    Асаблівую ўвагу ўдзельнікаў фестывалю прыцягнулі інфармацыйны стэнд і пляцоўка, што падрыхтавалі беларусы.

    Менавіта тут і спатрэбілася гітара. Пад акампанемент нашы пачалі напяваць знакамітую «Купалінку», і незаўважна ўтварыўся інтэрнацыянальны хор. Потым па просьбе яго ўдзельнікаў спявалі і многія іншыя кампазіцыі. Пераважна прасілі выканаць песні з савецкіх мультфільмаў.

    Наогул, на беларускай пляцоўцы быў зроблены ўхіл на прапаганду Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у краіне ў 2019 годзе. З задавальненнем наведвальнікі складалі і тэматычныя пазлы з выявай адметных мясцін, аб’ектаў культурнай спадчыны і спорту. Нашы суайчыннікі такім чынам вырашылі пазнаёміць удзельнікаў сочынскага фестывалю з Беларуссю. Была падрыхтавана цікавая інфармацыя пра адметныя традыцыі і дасягненні вышэйшых навучальных устаноў, дзе заўсёды рады і замежным студэнтам. Арганізавалі беларусы і хакейную пляцоўку. Жадаючыя маглі апрануць сапраўдную экіпіроўку і паспрабаваць сябе ў якасці спартсменаў.

    — Удзельнікі фестывалю адзначылі нашы прыгожыя касцюмы. Іх шылі па індывідуальных мерках спецыяльна для паездкі ў Сочы. Многія, здалёк убачыўшы дэлегатаў, усклікалі: «О, Беларусь!» — і хуценька выстройваліся для фота. У нас былі два віды касцюмаў – дзелавы і спартыўны. Выдалі і па пары красовак, якія пасавалі да кожнага з іх. Улічваючы маштабы комплексу, абутак на абцасах у дзяўчат быў неактуальным. Уся «экіпіроўка» засталася дэлегатам.

    А яшчэ суайчыннікі ахвотна вучылі прадстаўнікоў розных кантынентаў нашай роднай мове, і тыя з непадробнай цікавасцю старанна паўтаралі ўслед: добры дзень, дзякуй, калі ласка, бульба… Урэшце з’явілася шмат жадаючых, каб беларусы пад відэазапіс павіншавалі на мове кагосьці з іх сяброў ці радні з адметнай падзеяй у жыцці, нават калі яна ўжо была ці плануецца яшчэ праз паўгода. Такім чынам, беларускамоўныя святочныя відэапаштоўкі разляцяцца па ўсіх кантынентах.

    Падыходзілі да беларусаў і па «абдымашкі». Значэнне гэтага слова тлумачылася непасрэдна ў час абдымання.

    З дзвюх гадзін ночы – у чарзе

    Аксану ўразілі і вялізныя чэргі на фестывальныя мерапрыемствы. Білеты, паўтарылася дзяўчына, прадугледжваліся толькі на цырымоніі адкрыцця і закрыцця. На ўсе іншыя прапускалі па жывой чарзе па меры запаўнення залы. Каб не сумаваць у чаканні, моладзь заўсёды спявала песні сваіх краін.

    Самая вялікая, у некалькі кіламетраў, чарга ўтварылася на лекцыю аўстралійскага матывацыйнага аратара, мецэната, пісьменніка і спевака Ніка Вуйчыча. Як вядома, ён нарадзіўся з рэдкім генетычным захворваннем, але змог знайсці сябе ў жыцці і дапамагае ў гэтым іншым. Сустрэча з ім пачыналася ў 9.00, чаргу людзі займалі з дзвюх гадзін ночы. Аксана вельмі марыла патрапіць на яе. Калі даведалася, што ў зале толькі 200 месцаў, зразумела, што не атрымаецца. Таму, як і многія, слухала аратара ў прамым эфіры па відэаэкране. Такая трансляцыя была арганізавана на ўсіх фестывальных мерапрыемствах.

    Затое маладзечанка пабывала на сустрэчы з расійскім палітыкам Генадзіем Зюганавым.

    — На першых хвілінах я нават спалохалася. Прысутныя дружна і вельмі гучна пачалі скандзіраваць: «Ленін! Партыя! Камсамол!». Потым яшчэ больш магутна заспявалі: «И Ленин такой молодой…», — успамінае дэлегатка.

    Але ўрэшце сустрэча, прысвечаная 100-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі, праляцела як адно імгненне. На погляд Аксаны, гэта фестывальнае мерапрыемства было таксама адно з самых каларытных. Яго ўдзельнікі акунуліся ў тую эпоху.

    Выступіў і міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка. Ён расказаў аб тым, што сучаснае маладое пакаленне здольнае ўмацаваць дружбу паміж нашай краінай і Расіяй і наогул разам паспрыяць міру на планеце. Менавіта беларусы ў адзін з фестывальных дзён ініцыявалі адкрыты дыялог, прысвечаны ўзаемадзеянню Расійскага і Беларускага саюзаў моладзі.

    У Сочы таксама праводзіліся Дні культур розных кантынентаў і Расіі як гаспадыні мерапрыемства. На Дні Еўропы выступіў яшчэ адзін наш зямляк Марк Войтка ў складзе групы «PROвокация».

    … Фестываль пакрысе адыходзіць у гісторыю, але для кожнага ўдзельніка ён застанецца незабыўным. Заўсёды будуць у памяці велічны комплекс «Алімпійскі парк», пах Чорнага мора з яго пералівістымі хвалямі, ні на што не падобны смак фірменнага варэння з сасновых шышак і духмяных ласункаў.

    Фота: архіў Аксаны АПЯЦЁНАК.

    Автор: Ірына РАБУШКА.Маладзечанская газета

Комментарии (0)