27 Апреля, 2024 Суббота

Разлік грашыма і агароднінай

  • 04 ноября 2017 Общество Беларуская 0

    Такая форма частковай занятасці папулярная сярод маладзечанцаў. У гэтым нядаўна пераканаліся карэспандэнты нашага выдання.

    На гадзінніку — восем раніцы. Ля адной з пасадачных пляцовак аўтавакзала бачым дзясяткі чалавек. Яны збіраюцца адправіцца ў адно з сельгаспрадпрыемстваў раёна. У кожнага «ссабойка», а таксама вялікая сумка ці мяшок.

    Добраахвотныя памочнікі аграрыяў расказваюць адзін аднаму, колькі бульбы, капусты, морквы і буракоў ужо нарыхтавалі і колькі яшчэ патрэбна для харчовай бяспекі сям’і. Начальнік аддзела садзейнічання занятасці насельніцтву ўпраўлення па працы, занятасці i сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Варатынская звярае спісы.

    Мы пагаварылі з некаторымі людзьмі.

    — Стаю на ўліку ў службе занятасці, — расказаў Васілій Пятроў. – Па яе накіраванні працаваў ужо на палях ААТ «Усход-Агра» і ў фермера Ігара Пакуша. Добра, што гаспадаркі разлічваюцца агароднінай. Для сямейнага бюджэту гэта неблагая магчымасць сэканоміць.

    У Валянціны Сарока пастаянная работа ёсць. Але частку водпуску жанчына вырашыла прысвяціць грамадскім работам. Яна звярнулася ў службу занятасці. На прадпрыемствы АПК выязджае штогод вясной і восенню.

    — У час грамадскіх работ у людзей ёсць магчымасць і грошы зарабіць, і харчаваннем запасціся. Асабіста я сёлета ўдзельнічаў у праполцы палёў і сартаванні агародніны. Сёння разам з іншымі пенсіянерамі еду ўбіраць капусту, — адзначыў Вячаслаў Дылеўскі.

    Прадстаўніца фермерскай гаспадаркі Ігара Пакуша Ганна Шасцілоўская паведаміла, што дапамога ва ўборцы агародніны фермеру вельмі патрэбная. Цяпер удзельнікі грамадскіх работ убіраюць капусту. Крыху раней яны былі задзейнічаны ва ўборцы буракоў. Работадавец сочыць за тэхнікай бяспекі. Разлік адбываецца ў канцы рабочага дня грашыма і агароднінай.

    Па тэме мы папрасілі выказацца Ірыну Варатынскую.

    — Удзельнічаць у грамадскіх работах маюць права як беспрацоўныя, якія стаяць на ўліку ў службе занятасці, так і іншыя катэгорыі насельніцтва, — расказала Ірына Чаславаўна. – Некаторыя беспрацоўныя накіроўваюцца на работы ў абавязковым парадку, некаторыя згодна з заканадаўствам вызваляюцца ад іх.

    У раёне арганізуюцца пасадка лесу, сартаванне агародніны, праполка, уборка камянёў з палёў, дапамога ва ўборцы ўраджаю. Як правіла, гэтыя работы не патрабуюць кваліфікацыі ці спецыяльнай падрыхтоўкі. Аплачваюцца яны ў адпаведнасці з сістэмай аплаты працы, што ўстаноўлена ў наймальніка, згодна са штатным раскладам, але не ніжэй за памер мінімальнага заробку. На месцы людзі праходзяць інструктаж па тэхніцы бяспекі. Працуюць яны звычайна да 16.00-17.00 з перапынкам. Дамоў вяртаюцца тым жа аўтобусам, на якім прыехалі ў гаспадарку.

    Ірына Варатынская дадала, што ў перыяд уборкі ўраджаю на прадпрыемствы АПК раёна штодня адпраўлялі звыш 100 чалавек. Найбольш запатрабаваныя памочнікі былі ў ААТ «Усход-Агра», фермерскіх гаспадарках Ігара Пакуша і Алены Троцкай. Сёлета заключана 17 дагавораў аб арганізацыі

    аплачваемых грамадскіх работ, 15 з іх — з сельгаспрадпрыемствамі раёна.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Алег БЯГАНСКІ.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)