20 Апреля, 2024 Суббота

"На цябе, наша моладзь, надзея"

  • 09 ноября 2017 Общество Беларуская 0

    Прайшла адаптацыя на першых працоўных месцах выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, праясніліся многія пытанні, а некаторыя яшчэ патрабуюць вырашэння. Для абмеркавання актуальных тэм і збіраюць традыцыйна моладзь на такія сустрэчы.

    Сёлета на Случчыне прыступіў да працы 271 малады спецыяліст, з іх 165 з вышэйшай адукацыяй, 106 – з сярэдняй спецыяльнай. Найбольшы працэнт замацавання – у сферы аховы здароўя і адукацыі. На 1 верасня ў раёне працуюць 597 маладых спецыялістаў (прыкладна 94%). Пакідаюць Случчыну па прычынах далейшага навучання, пераразмеркавання, службы ў арміі. У сярэднім працэнт замацавання – больш за 80%.

    Запрошаныя на форум маладыя спецыялісты пабывалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях Слуцкага раёна. Наведвалі аб’екты прамысловасці і сацыяльна-культурнай сферы: цукроварафінадны і сыраробны камбінаты, РУП «Слуцкія паясы», камбінат хлебапрадуктаў і хлебазавод, БУ-55 ААТ «Будтрэст №3 Ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі», ААТ «Казловічы-Агра», фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Алімп», цэнтр традыцыйнай культуры, Казловіцкі сельскі дом культуры, аграсядзібу «Птушыны свет», галерэю мастацтваў імя У.С. Садзіна.

    Маладым спецыялістам расказалі пра ўмовы працы, арганізацыю работы з моладдзю, сацыяльныя гарантыі, азнаёмілі з магчымасцямі для адпачынку і творчасці.

    У БУ-55, напрыклад, прапануюць нядрэнную заработную плату для пачынаючых спецыялістаў і добрыя перспектывы, калі станоўча сябе зарэкамендаваць. Намеснік начальніка БУ-55 Аляксандр Аляксандравіч Арэсткін адзначыў, што на прадпрыемстве не шкадуюць сродкаў для дадатковай адукацыі спецыялістаў, адпраўляюць на курсы, семінары. Вырашаюць і жыллёвае пытанне. Трэба, каб моладзь добра працавала, развівалася, праяўляла свае лепшыя прафесійныя якасці – тады ўсё атрымаецца. Такі наказ моладзі.

    На камбінаце хлебапрадуктаў таксама клапоцяцца пра маладых спецыялістаў. Тут прадугледжана матэрыяльнае стымуляванне пры прыёме на работу, заахвочванне актыўнай грамадскай, фізкультурна-масавай дзейнасці. Ёсць магчымасці для заняткаў спортам і іншае. Маладыя спецыялісты атрымліваюць дапамогу і падтрымку па многіх пытаннях. А ў першую чаргу самі павінны вызначыць, да чаго імкнуцца, у якім кірунку рухацца.

    Юрый Калесніковіч родам з Піншчыны, прыехаў у Слуцк разам з жонкай Юліяй. Абое – настаўнікі фізікі. Жывуць пакуль у інтэрнаце і плануюць застацца ў Слуцку не толькі на два неабходныя для адпрацоўкі гады. Горад спадабаўся, работа задавальняе, у калектыве прынялі добразычліва.

    Пасля экскурсій маладых спецыялістаў па прадпрыемствах раёна ў гарадскім Палацы моладзі прайшоў творчы конкурс «PRO-выбар». Перад пачаткам конкурсу ў фае працавалі інфармацыйныя секцыі, можна было пракансультавацца ў спецыялістаў службаў райвыканкама, работнікаў банка па розных пытаннях. У спецыяльнай скрыні пакідалі прапановы і пытанні да старшыні Слуцкага райвыканкама, які прысутнічаў на мерапрыемстве.

    Творчы конкурс прынёс задавальненне і гледачам, і тым, хто быў на сцэне. 8 каманд з розных галін народнай гаспадаркі  прадставілі своеасаблівыя візіткі прафесій. Гэта было ярка, цікава, з добрым гумарам. Наша моладзь таленавітая, крэатыўная, захопленая, пазітыўная. Кожная каманда атрымала дыплом у адной з намінацый, падарункі.

    Старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі адказаў на пытанні маладых спецыялістаў. Цікавіліся, ці будуць пабудаваны новыя спартыўныя аб’екты і што плануецца абнавіць,  добраўпарадкаваць, таксама задавалі асабістыя пытанні. Старшыня райвыканкама агучыў вельмі слушную прапанову маладых людзей: у адным з пустуючых будынкаў зрабіць нешта накшталт арт-галерэі, дзе маглі б выстаўляць свае работы маладыя людзі, арганізоўваць мерапрыемствы, гандаль hand mande-вырабамі. Адказваючы на пытанні, Андрэй Уладзіслававіч паведаміў, што сёння спецыялісты працуюць над пытаннем асваення тэрыторыі былога кансервавага завода, парку ў раёне 12 гарадка, вельмі хвалюе кіраўніцтва Случчыны праблема добраўпарадкавання невялікіх вулачак у горадзе, пераходу на lad-асвятленне, абнаўлення Слуцкай ЦРБ і іншыя пытанні. Запланавана ўстаноўка абсталявання для заняткаў воркаутам, яна павінна з’явіцца на тэрыторыі паміж  спартыўнай школай і паркам. Паступова вырашаюцца і іншыя пытанні. На Случчыне рады прымаць маладыя кадры, падкрэсліў старшыня райвыканкама, пажадаў поспехаў.

    Пры той падтрымцы, якую атрымліваюць выпускнікі-спецыялісты, прыступаючы да выканання сваіх працоўных абавязкаў, толькі ад іх залежыць, як складзецца ў тым ліку іх прафесійнае жыццё – гэта думка не раз гучала на працягу форуму. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Вітальеўна Ражанец, якая прысутнічала на мерапрыемстве, адзначыла, што, калі будзе жаданне працаваць, самаўдасканальвацца, пазнаваць тонкасці прафесіі, то сённяшнія маладыя спецыялісты стануць сапраўднымі прафесіяналамі. А перыядычнасць такіх сустрэч і павелічэнне колькасці ўдзельнікаў сведчаць пра ўзаемную ўвагу. Кіраўніцтва раёна зацікаўлена ў дасведчаных, ініцыятыўных, актыўных спецыялістах. Калі ў моладзі ёсць імкненне ўдасканальваць веды, мэтанакіраванасць, планы ажыццявяцца.

    Безумоўна, такія мерапрыемствы спрыяюць пашырэнню поля сумеснай дзейнасці маладых людзей, выяўляюць лідараў, даюць старт новым ідэям, магчымасці для супрацоўніцтва.

    Автор: Ірына ВЕЧАРСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)