20 Апреля, 2024 Суббота

Салодкая прафесія

  • 10 ноября 2017 Общество Беларуская 0

    Кожны з нас у дзяцінстве фантазіраваў на тэму сваёй будучай прафесіі. Нехта, як тата, хацеў стаць міліцыянерам, ездзіць на машыне з мігалкамі і лавіць злачынцаў, нехта, як мама, – доктарам, насіць белы халат і ратаваць жыцці людзей. Кагосьці захаплялі пажарныя машыны ці цягнікі, хтосьці марыў аб небе ці нават космасе. А хто не хацеў у дзяцінстве працаваць на шакаладнай фабрыцы або ў цэху па вытворчасці марожанага, быць бізнесменам або міністрам?

    Рэдакцыя газеты «Слуцкі край» пачынае праект «Журналіст мяняе прафесію».

    Аб тым, у якую прафесію мне «акунуцца», я доўга не думала, вырашыўшы ажыццявіць мару многіх дзяцей, адправілася ў святую святых усіх ласуноў – кандытарскі цэх ААТ «Слуцкі хлебазавод». Тым больш, што працаваць з крэмамі і мастыкай умею, а словы «молд» (формы для стварэння кандытарскіх упрыгожванняў) і «плунжар» (прыстасаванне для выразання кандытарскіх упрыгожванняў) не з’яўляюцца для мяне кітайскай граматай, так што асароміцца не павінна.

    Працэдура ўзгаднення з дырэкцыяй завода (проста так усіх жадаючых на прадпрыемства, вядома, не пусцяць), і вось я прымаю сваю працоўную форму з рук намесніка дырэктара завода па ідэалагічнай і кадравай рабоце Людмілы Міхайлаўны Сцяпура.

    – Валасы неабходна прыбраць пад шапачку, з рук работнікі абавязкова здымаюць пярсцёнкі і бранзалеты. Гэтага патрабуе тэхніка бяспекі, – праводзіць першасны інструктаж Людміла Міхайлаўна. І вось я апынулася ў храме ласуноў – кандытарскім цэху, дзе трапіла да кандытара трэцяга разраду Ірыны Анатольеўны Баскакавай.

    Спачатку я вырашыла паназіраць за працай прафесіянала. Ірына ўпрыгожвала пірагі. Яна спрытна працавала плунжарам, выразаючы з цеста кветачкі і лісточкі, і пры дапамозе злёгку ўзбітых яек прыклейвала іх на пірог. За лічаныя хвіліны той змяніўся, ператварыўшыся ў каравай, якім сустракаюць маладых з ЗАГСа. Думаю, я справілася б з гэтым не менш як за гадзіну.

    Я ўважліва агледзела працоўнае месца і спецыяльныя прыстасаванні, для сябе адзначыла, што тут нічога незвычайнага. Такія ж плунжары, выемкі і формачкі можна знайсці ў гандлёвых кропках Слуцка. Здзівіла толькі адсутнасць качалкі.

    Пакуль Ірына працавала, яна расказала, што па прафесіі яна пекар, але прайшла курсы і стала кандытарам.  Зараз рыхтуецца да конкурсу, які пройдзе 14 лістапада ў сталіцы. Што слуцкія майстры прадставяць на суд журы, пакуль сакрэт. На рахунку Ірыны ўжо некалькі конкурсаў, на двух з іх – дыпломы III ступені.

    Пакуль вялася гаворка, Ірына скончыла ўпрыгожваць вясельныя пірагі. Патрэбна была новая порцыя цеста.  Ірына прынялася замешваць цеста.

    – Цеста павінна быць дастаткова крутым, – тлумачыла кандытар, – каб добра трымала форму. Я падключылася да працэсу (я ж сюды працаваць прыйшла!) і, надзеўшы пальчаткі, з энтузіязмам прынялася вымешваць цеста. Гэтая справа не была для мяне ў навінку, справілася я досыць хутка і якасна. Пасля спецыяльны агрэгат (дык вось чаму няма качалкі!) хутка, а галоўнае раўнамерна раскатаў цеста.

    – Трэба некалькі разоў прапусціць яго праз валікі, адначасова дадаючы трохі мукі, каб давесці цеста да патрэбнай кансістэнцыі. Напрыклад, наша яшчэ недастаткова тугое, – тлумачыла  Ірына.

    Вярнуўшыся да працоўнага месца, я ўпэўнена ўзяла ў рукі плунжар і пачала вырэзваць кветачкі. – Цяпер мы будзем упрыгожваць пірагі, якія заказалі сельгаспрадпрыемствы. Таму спачатку ўпрыгожваем кветкамі і стужкамі, а затым робім надпісы.

    Нажом мне трэба было прарабіць невялікія паглыбленні ў пірагу, закласці ў яго лісточкі так, каб яны прыгожа ляглі на румяным баку пірага, затым зверху ў паглыбленне «пасадзіць» загадзя сабраную з таго ж салёнага цеста ружу, упрыгожыць стужкай ці пасадзіць плунжарам рамонак. Я паспрабавала скруціць ружу з цеста (так, я ведаю, што яна збіраецца з асобна выразаных кружочкаў), але атрымаўся ў мяне хутчэй гваздзік, ці ж чэзлая півоня, гэта выклікала ўсмешку ў майстра.

    Мы прыступілі да вырабу надпісаў. Нарэзаўшы тонкімі палоскамі цеста, Ірына стала выкладваць літары. Што мяне здзівіла, пачала яна з канца слова, патлумачыўшы свае дзеянні тым, што так прасцей разлічыць плошчу для ўсяго надпісу. Літары ў прафесіянала выходзілі роўныя, прыгожыя. У мяне ж… Прыйшлося акуратна здымаць сваю мікраскапічную загагуліну. Скончыўшы з аздабленнем пірагоў, я атрымала прапанову папрацаваць з масцікай. Перамясціўшыся ў іншы цэх, мы прыступілі да вырабу некалькіх кветачак для конкурснай работы. Выкарыстоўвалі стэкі з шарыкамі на канцах, молды (для нанясення на пялёсткі пражылкаў) і спецыяльны дрот для фіксацыі пялёстка ў патрэбным становішчы. Самаробная масціка, якую я выкарыстоўваю дома, і тая, з якой мы працавалі, якасна адрозніваліся. Гэтая не ліпла да рук, ня крышылася. Таму праца прынесла мне задавальненне, ды і падобныя кветкі, праўда, без выкарыстання дроту, я рабіла неаднойчы. За цікавай працай і гутаркай час праляцеў незаўважна. Пара было вяртацца ў рэдакцыю, да звыклай работы.

    Прымяраючы на сябе прафесію кандытара, я зразумела, што гэта не так проста, як здаецца. Патрэбныя добры вакамер, пачуццё меры, велізарнае цярпенне і мастацкі густ.

    Работа кандытара вельмі цікавая, развівае фантазію, гэта прастора для творчасці.

    Развітаўшыся з калектывам кандытарскага цэха (вельмі прыемныя і дружалюбныя людзі), я вярталася ў рэдакцыю і задумалася над наступнай прафесіяй для праекта. Выбар быў зроблены. Які? Хутка даведаецеся!

    Автор: Ірына МАЛЯЎКАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)