20 Апреля, 2024 Суббота

Замежны фатограф падзяліўся як закахацца ў Беларусь за пяць дзён

  • 14 ноября 2017 Общество Беларуская 0

    Нікаля Рыгеці — незалежны фатограф, які працуе як фрылансер. Сам ён з Жэневы, Швейцарыя. «Гэта здарылася, як звычайна бывае, абсалютна выпадкова, — расказвае фотамастак. — Мой сябар, швейцарскі калега-фатограф, пэўны час працаваў ва ўкраінскай сталіцы, дзе сустрэў сваю будучую жонку, і вырашыў там жа ажаніцца. І я паехаў да яго на вяселле. У Кіеве выпадкова даведаўся пра тое, што калі прыляцець у Беларусь праз аэрапорт, то пяць дзён тут можна быць без візы. Я падумаў, чаму б не паглядзець краіну, у якой яшчэ не быў? Тым больш, што яна так блізка ад Кіева. 45 хвілін — і я ўжо тут».

    Упершыню ў нашу краіну Нікаля трапіў у пачатку чэрвеня гэтага года і «з першага погляду закахаўся ў шарм беларускай сталіцы». У той час было шмат святла, цёпла, сонечна — тое, што і трэба для добрых здымкаў. Тады швейцарац і даведаўся, што трэцяга ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень Незалежнасці, а гэта значыць — святкаванні, парад, гулянні. «Мне параілі: калі хочаш па-сапраўднаму ўбачыць краіну, прыязджай на свята, акурат праз месяц. Таму другі раз я прыехаў спецыяльна на святкаванне — ізноў на пяць дзён. І гэта былі яшчэ больш яркія ўражанні. Калі прыехаў дадому, у Жэневу, першае, што зрабіў — пайшоў да рэдактара, з якім ужо выдаваў кнігу «Прыднястроўе: краіна, якой не існуе», і прапанаваў яму выдаць кнігу пра Беларусь. Выдавец пагадзіўся».

    Такая ідэя ўзнікла ў Нікаля таму, што агульнае бачанне ў швейцарцаў пра Беларусь скажонае. І ён хоча падзяліцца тым, як пабачыў нашу краіну, са сваімі землякамі. Другая мэта — арганізаваць у Мінску выстаўку яго здымкаў, так бы мовіць, погляд швейцарца на «сінявокую». «У Швейцарыі пра Беларусь амаль не ведаюць. А гэта ж дзяржава не на іншым канцы зямлі, яна зусім блізка. Можна сказаць, што мы амаль суседзі — а не ведаем адзін аднаго».

    Перш за ўсё Нікаля даведаўся пра Мінск, хоць дзякуючы сябрам, якія яго прымалі тут, ён трапіў нават у палескую вёску Кротаў, што ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Туды яго запрасіў Уладзімір Васільеў, фатограф з беларускімі каранямі, у гэтай вёсцы вырас яго тата. «Нікаля сфатаграфаваў, як мая цётка доіць карову, паглядзеў, як увогуле там наладжаны побыт», — кажа Уладзімір. «А я быў здзіўлены добразычлівасцю людзей, якія мяне ўпершыню бачаць, а ставяцца як да роднага: прынялі гасцінна, пачаставалі традыцыйнымі беларускімі стравамі. А карова тут як і ў Швейцарыі: гэтаксама чорна-белая», — усміхаецца швейцарац.

    «Там, у вёсцы, я зразумеў, што Мінск адрозніваецца ад іншых беларускіх гарадоў і невялікіх населеных пунктаў. У сталіцы мяне перш за ўсё ўразіла атмасфера, будынкі, якія асвятляюцца вечарам: днём яны выглядаюць зусім інакш. А азёры, рэкі ў межах горада нагадваюць мне пра родную Швейцарыю. Увогуле тут шмат пейзажаў, якія амаль не адрозніваюцца ад тых, што я бачу на сваёй Радзіме. Толькі гор няма», — расказвае Нікаля. Адказваючы на пытанне, якая Беларусь ва ўспрыманні швейцарцаў, фатограф дзеліцца, што, на жаль, дагэтуль пануе стэрэатып аб яе «савецкасці». А пра тое, што тут шмат сучаснага, якое спалучаецца з мінуўшчынай, амаль ніхто не ведае. «З людзьмі, якія жывуць тут, я бліжэй пазнаёміўся на Дні Незалежнасці. Але я не размаўляю па-руску, мне складана весці гутарку. У той жа час беларусы вельмі добразычлівыя, лёгка ідуць на кантакт. У нас ёсць усе падставы, каб наладжваць дружбу паміж народамі», — лічыць Нікаля.

    Сярод іншых работ фотамастака — выданне аб чалавеку, які арганізаваў пратэстанцкі рух у Жэневе, а таксама пра Эфіопію. «Я збіраюся ізноў прыляцець у Беларусь у лютым, каб пабачыць снег, — дзеліцца планамі Нікаля Рыгеці. — Праўда, ужо планую быць два тыдні: зраблю візу і застануся даўжэй. Пяць дзён — занадта мала, каб спазнаць краіну...»

    Автор: Вераніка ПуставітЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)