19 Октября, 2019 Суббота

"Феерверк бяспекі"

  • 20 ноября 2017 Общество Беларуская 0

    11 лістапада Слуцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і дзіцячы забаўляльны цэнтр «Лео» правялі адукацыйна-забаўляльную гульню «Феерверк бяспекі».

    Хлопчыкі і дзяўчынкі з першых хвілін актыўна ўключыліся ў гульню па асновах бяспекі жыццядзейнасці, адказваючы на каверзныя пытанні вядучых. Згадаўшы асноўныя правілы бяспечных паводзін у надзвычайных сітуацыях, дзеці ператварыліся ў пажарных-выратавальнікаў. Спачатку трэба было «сесці» ў «пажарную машыну» (гімнастычны абруч) і баявым разлікам у складзе чатырох чалавек, здзяйсняючы манеўраванне (агінаючы кеглі), «выехаць на дзяжурства». У наступным конкурсе дзеці спаборнічалі ў скручванні «пажарнага рукава», затым, пераадолеўшы перашкоду ў выглядзе тканевай трубы, хлопчыкі і дзяўчынкі ў шлемах выратавальнікаў тушылі «агонь» (запаленую свечку). Самы смачны конкурс быў і самым вясёлым – з’есці цукерку трэба было ў пальчатках выратавальніка.

    Па завяршэнні конкурснай праграмы дзеці і дарослыя маглі прымераць баявую вопратку пажарнага-выратавальніка, сфатаграфавацца ў спецыяльнай фотазоне.

    Падчас конкурсаў, тэматычных забаў супрацоўнікі Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях нагадалі маленькім гасцям і іх бацькам галоўныя правілы бяспечных паводзін.

    – Вялікі плюс мерапрыемства ў тым, што дзеці знаходзяцца тут разам з бацькамі, – адзначыў начальнік каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №2 г. Слуцка Валерый Паўлавіч Санько. – Мы яшчэ раз нагадалі, што дарослым неабходна праводзіць з дзецьмі гутаркі, пастаянна паўтараць з імі правілы бяспечных паводзін і навучыць, як не разгубіцца ў розных экстрэмальных сітуацыях.

    Автор: Ірына МАЛЯЎКАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)