19 Апреля, 2024 Пятница

У адзінстве з прыродай

  • 01 декабря 2017 Общество Беларуская 0

    Сёння, у першы дзень зімы, у салоне-галерэі “Скарбніца” закончыла сваю работу выстава турыстычнай фатаграфіі “Успаміны, якія грэюць”,  аб пачатку работы якой мы паведамлялі ў выпуску “НН” № 88.

    Гэта штогадовая выстава, якая сёлета прайшла ў 16-ы раз, як і раней, сабрала на сваім адкрыцці захопленых прагай да складаных падарожжаў людзей — удзельнікаў турыстычнага клуба “Вандроўнік”  і іх сяброў. Пасля агляду па-мастацку аформленых фотаздымкаў у “Скарбніцы”  яны абмяняліся ўражаннямі і ўспамінамі ў канферэнц-зале цэнтральнай раённай бібліятэкі, якую гасцінна прадаставіла гэта ўстанова. Тут усіх чакаў сюрпрыз — яшчэ дзве міні-выставы, на якіх былі прадстаўлены вырабы з дрэва, зробленыя турыстамі непасрэдна ў паходах, а таксама невялікая, але вельмі цікавая калекцыя камянёў, знойдзеных падчас падарожжаў, і засушаных насельнікаў халодных салёных вод — марскіх зорак з Белага мора, а таксама вераску і моху з Карэліі (фото 1).

    Усё гэта выклікала заканамерную цікавасць прысутных (фото 2), таму што, вядома, не кожны дзень можна на свае вочы пабачыць такія незвычайныя рэчы. Не менш цікавымі былі аповеды выступоўцаў — людзей розных прафесій, аб’яднаных любоўю да падарожжаў сярод жывой прыроды, якія ўзгадвалі аб зараджэнні турыстычнага руху на Нясвіжчыне і дзяліліся сваімі ўражаннямі. Гэта былі несвіжане Алесь Язвінскі, Ігар Богуш, кіраўнік клуба “Вандроўнік” Алена Цымбарэвіч, жыхар Віцебска Мікалай Белезякоў, а таксама прадстаўнік маладой турыстычнай змены Арцём Мікітовіч, які прадставіў увазе прысутных захапляльны відэафільм аб паходах моладзі. Асобна трэба адзначыць яшчэ аднаго сябра і госця нясвіжскіх турыстаў — Алега Ульянава з Магілёва, якому па-трапіць разам з імі ў водны паход не перашкодзілі ні адлегласць, ні значны перапынак у турыстычнай  практыцы — апошні раз у такім паходзе ён быў 39 гадоў таму. Гэта лічба — не памылка. Алег Іванавіч, сапраўды, сёлета адзначыў сваё 70-годдзе, на ўласным прыкладзе яскрава паказаўшы, што мудрасць і сталасць могуць выдатна спалучацца з бадзёрасцю і любоўю да жыцця. Калі ж дадаць сюды яго цудоўныя вершы і песні пад гітару ва ўласным выкананні, то стане зразумелым, што пад словамі “ў паходзе галоўнае — гэта адзінства з прыгажосцю і адзінства з людзьмі” падпішуцца турысты з розных мясцін і нават розных нацыянальнасцей.

    Увогуле, музыка гучала ў той вечар часта — прысутных парадавалі песнямі ва ўласным выкананні таксама госці з Віцебска Дзмітрый Шчаўканогаў і Юрый Казлоў, што стала яшчэ адным цудоўным падарункам усім удзельнікам турыстычнага свята.

    Які ж ён — свет вачамі чалавека, закаханага ў жыццё і прыгажосць наваколля, чалавека, упэўненага ў сваіх сілах?

    Адказ на гэта пытанне я па-      спрабавала знайсці ў саміх турыстаў — аўтараў фотавыставы.

    Таіса і Генадзь Аксёнік, гаспадары аграсядзібы “Нясвіжская”:

    — Мы ў гэтым годзе пабачылі горы, прычым розныя. У канцы зімы пабывалі ў Закарпацці, у Букавелі, дзе каталіся на горных лыжах, а ў канцы лета — на Каўказе. Там пабачылі знакаміты помнік прыроды Белыя Скалы, што ў раёне Сочы, куды яшчэ няма афіцыйных экскурсій. Уражанні сапраўды незабыўныя. Што тычыцца горных лыж, то з імі фізічна непадрыхтаваны чалавек не справіцца, а адчуванні ад спуску на іх можна параўнаць з тым, калі трапляеш у “бочку” на катамаране — тое ж адчуванне сябе пушынкай у руках стыхіі. А на Каўказе свая прыгажосць — вельмі багатая, пышная прырода, дзе нават ракавінка смаўжа, які, здаецца, не дзіва для Беларусі, мае асаблівы панцыр, які пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі. Вельмі ўразіла і веліч вадаспадаў на Белых Скалах, якія зліваюцца з трох патокаў у адзін, і прыгажосць Чорнага мора з яго загадкавымі гротамі.

    А горы — гэта асобная гісторыя. Яны вельмі прыгожыя і тады, калі зімой на іх вяршынях блішчыць снег, і летам, калі на іх ляжаць аблачыны.

    Вось адтуль, а яшчэ з адной вельмі маляўнічай мясціны па-блізу Брэсцкай крэпасці — нашы фотаздымкі.

    Мікалай Белезякоў, прад-прымальнік:

    — Я быў у гэтым годзе ў двух паходах: адзін, як звычайна, вясной, — па Беларусі, другі, летам, — па Карэліі. Нам пашанцавала з надвор’ем, але не вельмі пашанцавала з вадой — яе было шмат, і таму некаторыя складаныя парогі былі амаль незаўважныя, і там, дзе чакаў асаблівых уражанняў і эмоцый, усё аказалася занадта спакойна. Калі не лічыць гэтага, усё астатняе было вельмі добра: цудоўныя людзі побач, цудоўная прырода. Ёсць у ёй такія моманты, якія нельга знайсці ў Беларусі, тыя ж неверагодныя скалы, напрыклад. А шукаць гэтыя моманты і фіксаваць іх на фотакамеру мяне прымушае, напэўна, некаторая мастацкая струнка, якая ёсць у маёй свядомасці — па адукацыі я майстар мастацкай апрацоўкі драўніны, і люблю прыгожыя формы і колеры.             

    Ігар Богуш, урач-хірург, пачынальнік турыстычнай фотавыставы “Успаміны, якія грэюць”:

    — Сёлета я быў з сябрамі ў пасёлку Мурмашы, што ў 30 кіламетрах ад Мурманска. Ішлі 30 кіламетраў па заліве, затым 40 — па Баранцавым моры. Былі на рацэ Вароньцы, дзе водзіцца сёмга, але нам не пашчасціла яе злавіць, на рацэ Юмас і аднайменным возеры, што знаходзяцца на Кольскім паўвостраве. Тут ужо было весялей з уловам — у рацэ трапляліся фарэлі, а ў возеры — акуні. На беразе возера спадабаліся ўмовы — там стаіць паляўнічы домік, дзе былі і печ,  і лежакі, на вуліцы — навес, кастрышча, лаўкі, усё, што трэба для адпачынку. Вось адтуль і прывёз здымкі, каб тыя, хто там не быў, маглі ўбачыць, як ловіцца траска ў Баранцавым моры, як заходзіць сонца на возеры Юмас і адпачывае на яго беразе адзінокая лодка, як цячэ рака Варонька.

    Многія дзівяцца, чаго нас нясе на поў-нач, калі ўсе звы-чайныя людзі імкнуцца пагрэць костачкі на поўдні. Але ж ёсць і тыя, хто гэта разумее. А здымкі атрымліваюцца тады, калі ўзнікае непераадольнае імкненне ўбачыць і зафіксаваць прыгожае, а потым — падзяліцца гэтым. І калі другі чалавек прымае тое, што цябе радуе — гэта двайная радасць!

    Аляксандр Мікітовіч, прад-прымальнік:

    — У гэтым годзе хадзіў з сябрамі па маршруце Іслач — Заходняя Бярэзіна —  Нёман. Дарэчы, быў на гэтым маршруце 10 гадоў таму, але сёлета рака змянілася, стала куды больш паўнаводнай. Мы нават, бывала, гублялі русла і ішлі, што называецца, па палях. Гэта толькі здаецца, што добра, калі вады шмат. Бывае складана знайсці стаянку для адпачынку, асабліва, калі група вялікая. Нават калі не адзін раз хадзіць па адной і той жа рацэ, кожны год усё будзе па-рознаму: іншы калектыў, іншая абстаноўка, іншае надвор’е. Дарэчы, сёлета нам з надвор’ем, можна сказаць, пашанцавала, але адзін раз навальніца застала прама на вадзе. А яшчэ ў гэтым годзе мы ўпершыню ў Беларусі прайшлі тры кіламетры супраць цячэння па Нёмане, каб зэканоміць адлегласць. Складана было, але справіліся. Вельмі маляўнічыя мясціны былі на Іслачы. Яна такая балоцістая, што часам ператваралася ў ручай, але на яе берагах мы бачылі ласёў і казуль, якіх амаль не хвалявала наша прысутнасць. Кожная фатаграфія, зробленая ў такіх мясцінах, — як новая кропля ў рознакаляровым даж-джы паходных уражанняў. 

    Уладзімір Цымбарэвіч, прадпрымальнік:

    — Мы сёлета ўпершыню пабывалі на Карэльскай рацэ Чырка-Кем. Паход атрымаўся складаным, частку шляху прыйшлося пераносіць катамараны ў руках, бо раку перакрывалі завалы з дрэваў. Сыпаў дробны дождж, стаяў туман, вільготнасць была 98 працэнтаў. Пакуль не з’явілася чыстая ад завалаў вада, было ўражанне, што ідзём па нашых, беларускіх балотах — звыклага для нас краявіду Карэліі не было бачна. Нават рыбы было мала — толькі на юшку і крыху падсмажыць. Гэта было выпрабаванне. Але потым, калі надвор’е палепшала і з’явілася чыстая ад завалаў вада, усё стала зусім па-іншаму. А самаробная лазня і ўвогуле ўзняла ўсім настрой. Дарэчы, гэта рэчка — добрае месца для тых, хто толькі пачынае хадзіць у падарожжы на катамаранах. Мы, як аматары цяжкасцей, пачалі свой паход вышэй, чым агульнапрынята, аднак усё ж такі справіліся.     

    Алесь Язвінскі, настаўнік фізкультуры:

    — Калі б я быў адзін, то нічога не атрымалася б. Хтосьці працаваў, як я, на школьнай ніве, хтосьці — на медыцынскай, хтосьці — на спартыўнай, але калі мы сабра-ліся ўсе разам, атрымаўся наш клуб — “Вандроўнік”. Гэту цудоўную назву прыдумаў Генадзь Аксёнік. За час, які прайшоў, многае адбылося, быў закладзены падмурак маладзёжнага турызму, і зараз нашу эстафету пераймаюць нашы дзеці. Так што галоўнае тут — гэта сябры побач. Мы — супольнасць людзей з асаблівасцямі (усміхаецца — Аўт.), бо не кожнаму зразумелае тое задавальненне, якое мы атрымліваем ад вандроўкі ў цяжкіх умовах. Нашы людзі адфільтроўваюцца адразу і застаюцца з намі назаўсёды. А фотаздымкі мае на гэты раз прывезены з беларускіх Заходняй Бярэзіны, Нёмана, Іслачы і карэльскай Чырка-Кемі.  

    Як яны атрымаліся — меркаваць гледачам.

    P.S. Паходны сезон завершаны, але ў аматараў карыснага і здаровага адпачынку ўжо з’яўляюцца новыя ідэі на наступны год. Няхай яны здзейсняцца, а мы абавязкова раскажам пра іх нашым чытачам падчас новых “Успамінаў, якія грэюць!”

    Соф’я ЛЮБАНЕЦ.  

     

    www.nesvizh-news.by/

     

    Автор: Соф’я ЛЮБАНЕЦНясвіжскія навіны
    Теги: 

Комментарии (0)