16 Апреля, 2024 Вторник

Тут чакаюць радасць і поспех

  • 28 декабря 2017 Общество Беларуская 0

    Як заўсёды, шыкоўна ўпрыгожаная зала, грацыёзныя мілыя юныя дамы, упэўненыя статныя кавалеры, шматлікія госці. Паланэз, мазурка, полька, контрданс і, вядома ж, вальс. Некаторыя з танцаў – пад цудоўныя мелодыі ў выкананні ваеннага аркестра 30-й асобнай чыгуначнай брыгады (дырыжор Андрэй Ігнатаў).  Гэтым відовішчам нельга не залюбавацца.

    У рамках рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» кадэцкае вучылішча наведалі  і павіншавалі выхаванцаў і работнікаў МАКВ член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Іванавіч Сірэнка, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Анатольеўна Старавойтава, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак, намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Ларыса Генадзьеўна Дабравольская, ваенны камісар Мінскай вобласці палкоўнік Мікалай Сцяпанавіч Крыўчэня і іншыя прадстаўнікі раённых і абласных структур.  Для гасцей правялі экскурсію па вучылішчы, пазнаёмілі з умовамі навучання і быту кадэтаў, іх поспехамі і дасягненнямі. Намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Іванавіч Сірэнка адзначыў, што кадэцкае вучылішча – унікальная адукацыйная структура, вучылішча рыхтуе кадры, якія ўжо разумеюць, што такое дысцыпліна і парадак, абавязак, верныя дзяржаве, а кадэцкі баль – гэта ў тым ліку і культура ўстановы.

    Танцавальная праграма сёлетняга балю была шырэйшая, кадэты пад кіраўніцтвам харэографа Ірыны Віктараўны Лаўровай вывучылі контрданс, вальс-раманеску, кракавяк. Танцы-гульні, а таксама цікавая інсцэніроўка – гістарычная сустрэча гусараў і кадэтаў – разнастаілі баль.

    Прысутныя былі вельмі ўражаны атмасферай балю і майстэрствам танцораў.

    – Гэта захапленне, здзіўленне, радасць, задавальненне, нібы пабываў у казцы, – падзяліўся ўражаннямі Віктар Іванавіч Сірэнка. – Адчуваецца радасць жыцця, калі глядзіш на маладых, прыгожых, рамантычных кадэтаў. Дзякуй усім за гэту казку. Вы – апора Радзімы, будучыя дзяржаўныя людзі, якія будуць годна выконваць свой абавязак.

    Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Анатольеўна Старавойтава падтрымала гэта меркаванне, пажадала кадэтам быць шчаслівымі і ўпэўненымі на шляху да сваіх мэт, любіць тых, хто побач, і сваю родную зямлю.

    Чароўная музыка захапіла прысутных і зноў закружыла ў танцы нясмелых першакурснікаў і дасведчаных кадэтаў-выпускнікоў. Гэта мудрагелістая танцавальная навука спатрэбіцца ім.

    Автор: Ірына ВЕЧАРСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)