26 Апреля, 2024 Пятница

Шрыфт Брайля адкрывае свет

  • 29 января 2018 Общество Беларуская 0

    У кнігах, якімі карыстаюцца многія выхаванцы спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната (для дзяцей з праблемамі зроку), няма прывычных для нас літар і прыгожых ілюстрацый. Але хлопчыкі і дзяўчынкі вельмі любяць чытаць – па «кропках» Брайля. Ды навобмацак разглядаць карцінкі ў ЗД-фармаце.   

    Бібліятэчны фонд гэтай установы адзін з самых маштабных у нашым раёне – як па колькасці асобнікаў, так і па масіўнасці кожнага з іх (яны накшталт вялікіх офісных папак з дакументамі). Толькі ўявіце: сярэднестатыстычная кніга на 120 старонак, надрукаваная звычайным шрыфтам, займае 16 (!) тамоў па Брайлі. Літаратурай з рэльефна-кропкавым тактыльным шрыфтам наша школа-інтэрнат дапамагае і іншым спецыяльным установам вобласці.

    Нядаўна бібліятэка папоўнілася новымі экзэмплярамі. Падручнікі і мастацкую літаратуру ў рамках дабрачыннай акцыі перадало выдавецтва «Народная асвета». Яно адзінае ў нашай краіне выдае літаратуру са шрыфтам Брайля.

    — Акцыя «Кнігі – дзецям!» даўно калясіць па Беларусі, але ў Маладзечне яна праводзілася ўпершыню. І мы, безумоўна, рады гэтаму, — заўважае дырэктар школы-інтэрната Наталля Глінская. – Як вядома, выдавецтва кніг з рэльефна-кропкавым тактыльным шрыфтам вельмі дарагое. Адзін экзэмпляр абыходзіцца прыкладна ў тры тысячы рублёў.

    Такія кнігі патрабуюць пэўнага рэжыму захоўвання тэмпературы, вільготнасці і наогул асабліва беражлівых адносін пры карыстанні, чаму выхаванцаў школы-інтэрната вучаць з пачатковых класаў.

    Хлопчыкі і дзяўчынкі адразу ўзяліся акуратна разглядаць літаратурныя падарункі. І наперабой чытаць услых.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Ірына РАБУШКАМаладзечанская газета

Комментарии (0)