07 Августа, 2020 Пятница

Як правільна казаць: соска ці дунда, падгузак ці падгузнік?

  • 01 февраля 2018 Общество Беларуская 0

    «Мы з мужам маладыя бацькі, гадуем маленькую беларусачку, і розных пытанняў у нас узнікае шмат, у тым ліку моўных, — піша наша чытачка Марына з Мінска. — Растлумачце, калі ласка, як правільна казаць: соска ці дунда, падгузак ці падгузнік. Не ведаем мы і як па-беларуску трэба называць тое, у чым возім дачку на шпацыр».

    <hr />

    Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.

    1. Літаратурная мова складаецца па асаблівых законах і ў яе не заўсёды трапляюць самыя ўжывальныя варыянты слоў. Трапіў туды, напрыклад, статак, хоць здаўна бытавала стада. Падобная сітуацыя і са словам соска. У дыялектах можна сустрэць розныя назвы гэтага прадмета: сыска, ду́нда, абманка. Але ў літаратурнай мове замацавалася менавіта соска. Гэтым словам карысталіся Максім Танк, Янка Брыль, Іван Шамякін і іншыя. Раім ужываць яго і мы. Сінонім соскі — пустышка.

    2. Са словамі падгузак і падгузнік блытаніна і сапраўды ўзнікае часта, і спараджаюць яе слоўнікі. Большасць з іх падае толькі падгузак, але некалькі даведнікаў фіксуюць і падгузнік. На нашу думку, пажадана аддаваць перавагу аднамоўным слоўнікам. Асноўныя з іх змяшчаюць толькі падгузак. Менавіта яго выкарыстоўвае і «Звязда».

    3. Каляскі, на якіх з малечай гуляюць па вуліцы, па-беларуску нетрадыцыйна называць вазкамі. Два прыклады. У парку паднялася паніка. Маладыя мамы ледзь каляскі не паперакульвалі, уцякаючы (Павел Місько). Адтуль на вуліцу высунулася дзіцячая каляска. У ёй сядзеў хлопчык у чырвоным берэціку (Вячаслаў Адамчык).

    Вазок (возік) ва ўнармаванай мове — гэта маленькі воз, у які запрагаюць коней або на якім уручную перавозяць грузы (блізказначнае слова — тачка).

    Крэсла з коламі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі па-беларуску называюць інваліднымі каляскамі; павозкі, якімі карыстаемся ў гіпермаркетах і ўніверсамах, — таксама каляскі.

    У абарону слоў

    Барабаншчык... Права на існаванне гэтага слова шмат хто гатовы аспрэчваць. Аднак аргументаў у іх няшмат.

    З аднаго боку, у літаратурнай мове бубна́ч значыць тое, што і барабаншчык. Адпаведна ў «музычным» значэнні словы ўзаемазамяняльныя і ўдарніка з рок-гурта можна называць і барабаншчык, і бубнач.

    Дык можа, варта пакінуць толькі апошняга, «бубнача»? Наўрад.

    У нашай мове, як у літаратурнай, так і ў народнай, ёсць дзве назвы інструментаў — і барабан, і бубен. Напрыклад, у ілюстраваным «Васьмімоўным даведніку народных інструментаў» Змітра Сасноўскага з кнігі «Гісторыя беларускай музычнай культуры ад старажытнасці да канца ХVІІІ ст.» мы знаходзім абодва інструменты з рознымі выявамі і апісаннямі. Ад назоўніка барабан, зразумела, і паходзіць назва таго, хто на ім іграе.

    Такім чынам, у нашай мове ёсць дзве назвы розных інструментаў — барабан і бубен, і дзве назвы музыкаў.

    Адпаведнікамі фразеалагізма адстаўной казы барабаншчык (чалавек, не варты ніякай увагі) з'яўляюцца ад пустой бочкі затычка, усадзіў бог душу ні ў пень ні ў грушу...

    Автор: Алесь Саламевіч, Леў ГлушыцкіЗвязда

Комментарии (0)