19 Октября, 2019 Суббота

Не пераставайце марыць!

  • 02 февраля 2018 Общество Беларуская 0

    Тыдзень геаграфіі ў Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы завяршыўся цікавай сустрэчай. У госці да кадэтаў прыйшоў Сяргей Торбік – случчанін, які пабываў у Антарктыдзе ў складзе беларускай палярнай экспедыцыі. Па адукацыі і родзе заняткаў Сяргей – аператар тэлебачання і кіно, фатограф. Для далёкага падарожжа яму прыйшлося асвоіць новыя спецыяльнасці. А самым цяжкім выпрабаваннем стала доўгая разлука з сям’ёй.

    На сустрэчу з навучэнцамі кадэцкага вучылішча Сяргей прыйшоў з любімымі жонкай Людмілай і сынам Серафімам.

    – Гэта было вельмі цікавае падарожжа, самая доўгая, 130 дзён, і адначасова складаная мая камандзіроўка, – расказвае Сяргей. – Я ўдзельнічаў у будаўніцтве першай беларускай антарктычнай станцыі. Паехаць туды прапанаваў кіраўнік аднаго з тэлевізійных праектаў Аляксей Аляксандравіч Гайдашоў. Падчас адной з размоў Аляксей Аляксандравіч, даведаўшыся, што я некалі захапляўся навукай, прапанаваў мне паўдзельнічаць у антарктычнай экспедыцыі. Я вучыўся на курсах, прайшоў стажыроўку і паехаў займацца навуковай дзейнасцю, а ў вольны час – здымаць фільм пра будаўніцтва першай беларускай станцыі ў Антарктыдзе. Спачатку ляцелі да Кейптаўна, а праз 20 дзён паплылі на Антарктыду, тыдзень на караблі.

    Вядома, гэта экспедыцыя стала выпрабаваннем. Ты жывеш у камфортных бытавых умовах, побач сям’я, кожны дзень маеш магчымасць карыстацца інтэрнэтам і іншымі здабыткамі цывілізацыі, а трапляеш у зусім нязвыклае асяроддзе. І хоць кожны дзень ты сярод людзей, гаворыць Сяргей, пачуць родны голас раз у тыдзень усяго на дзве хвіліны – вельмі цяжка.

    – Прыйшлося многаму навучыцца:  і варыць метал, і гатаваць, і шмат яшчэ чаму, таму што ў экспедыцыі кожны павінен умець рабіць усё, каб замяніць любога іншага. Я бычыў палярнае ззянне, гэта дзіўная з’ява. У Антарктыдзе ўвогуле ўсё дзіўна. Надвор’е мяняецца хутка, бывае вецер 40 м/с, тады можна подскочыць і праляцець некалькі метраў. Давялося сустрэць пінгвінаў, лавіць рыбу проста на губку чырвонага колеру. Прыгоды там кожны дзень. Можна сто разоў прайсці па сцежцы, а на сто першы лёд разыдзецца і ўтворыцца пяцідзесяціметровы абвал. І гэта вельмі цікава, нягледзячы на ўсе цяжкасці.

    На такой адлегласці ад сям’і, у такіх умовах, калі застаешся сам-насам, адбываецца пераацэнка каштоўнасцей, адзначае Сяргей. Тое, што лічылася важным у горадзе, аказваецца не такім ужо абавязковым.

    – Я зразумеў, як бы банальна гэта не было, што самае галоўнае – гэта сям’я. Калі ты пазбаўлены стасункаў з самымі блізкімі, па-іншаму пачынаеш адносіцца да іх, цэніш яшчэ больш. Падтрымка сям’і, жонкі самая моцная, самая каштоўная. І я ўдзячны маёй Людміле за тое, што падчас кароткіх размоў знаходзіла патрэбныя словы, пасля якіх я проста ззяў. А яшчэ падчас экспедыцыі ў мяне з’явіўся сябар, там разумееш, што такое дружба.

    Падчас сустрэчы кадэты прагледзелі відэафільм пра будаўніцтва першай беларускай антарктычнай станцыі, задалі Сяргею Торбіку пытанні.

    – Не пераставайце марыць нават пра самае неверагоднае, – звярнуўся да кадэтаў Сяргей, – усё ў вашых руках. Нічога не бойцеся, імкніцеся да ажыццяўлення сваіх планаў і жаданняў – і ўсё будзе.

    Цяпер наш зямляк займаецца сваёй звыклай работай – здымае, прысвячае час сям’і і… думае пра Паўночны полюс.

    Сяргей Торбік скончыў сярэднюю школу №7 (цяпер гімназія №2), Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Здымае дакументальныя фільмы, рэкламу, тэлеперадачы. Першыя фотаздымкі зрабіў, калі яму было пяць гадоў. Удзельнік фотавыставак, у тым ліку міжнародных. На міжнародных фестывалях «Белыя росы» і «Дэльфійскія гульні» заняў першыя месцы ў намінацыі «Фатаграфія». Адбылося некалькі персанальных фотавыставак Сяргея Торбіка.

    Як тэлеаператар працаваў над праектамі «Песні Перамогі» і «Обратный отсчет», рэаліці-шоу «Ідэальнае спатканне» для тэлеканала АНТ, на здымках праекта «Гiсторыя беларускай страўнi» і іншых. Удзельнік рэспубліканскага фестывалю відэафільмаў  «Тэрыторыя творчасці», міжнароднага фестывалю відэафільмаў «Хрустальный аист», рэспубліканскага маладзёжнага фестывалю «Киногрань». Лаурэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (2009 г.).

    Автор: Ірына ВЕЧАРСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)