25 Апреля, 2024 Четверг

З юбілеем, "Слуцкія Афіны"!

  • 05 февраля 2018 Общество Беларуская 0

    Слаўнай, вечнай стужкай ведаў, духоўнасці, творчасці, пошуку, наватарства, лепшых традыцый, пераемнасці пакаленняў, настаўніцкага і вучнёўскага братэрства злучаны чатыры стагоддзі гісторыі старэйшай гімназіі нашай краіны – гімназіі №1 горада Слуцка. 400-годдзе слуцкай гімназіі, відавочна, знакавая падзея не толькі для Случчыны, для ўсёй Беларусі. З якімі поспехамі сустракаюць свой важкі юбілей «Слуцкія Афіны», расказвае дырэктар установы Алена Мікалаеўна Міронава:

    – Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Гімназія №1 г.Слуцка» – сучасная ўстанова з багатай гісторыяй і традыцыямі. Наша любімая гімназія дынамічна развіваецца, захоўваючы лепшыя традыцыі мінулага, арыентуючыся на інавацыйную сучаснасць і будучыню. Гімназія сёння – гэта прастора, у якой цікава вучыцца дзецям і цікава працаваць настаўнікам. Актыўная, мэтанакіраваная і якасная праца педагагічнага калектыву гімназіі, вучняў і  бацькоў  дазваляе дасягнуць высокіх вынікаў.

    Пра гэта сведчаць наступныя паказчыкі: сярэдні бал гімназістаў за 2016/2017 навучальны год склаў 8,1, сем выпускнікоў нашай установы ўзнагароджаны залатымі медалямі. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў 2016 годзе наша гімназія ўвайшла ў ТОП-100 лепшых устаноў адукацыі рэспублікі па трох прадметах: рускай, беларускай, англійскай мовах. Сярэдні бал па выніках цэнтралізаванага тэсціравання склаў 62. Сто працэнтаў выпускнікоў гімназіі сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь.

    Сфарміравана трывалая сістэма арганізацыі факультатыўных заняткаў на ўсіх ступенях агульнай сярэдняй адукацыі. Ахоп вучняў факультатыўнымі заняткамі таксама стапрацэнтны. У гімназіі дзейнічае свой тэатр (кіраўнік Ірына Аляксандраўна Куніцкая), клуб знатакоў «Што? Дзе? Калі?» (кіраўнік Марыя Юр’еўна Шыловіч), на працягу сямнаццаці гадоў выдаецца часопіс навучэнцаў «Гімназічны ліхтар» (кіраўнік Галіна Іванаўна Шачак), а таксама дыдактычны часопіс педагогаў «Карыфей» (кіраўнік Валянціна Фёдараўна Енікава), якія з’яўляюцца неаднаразовымі пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў школьных СМІ.

    Для вучняў 10-х, 11-х класаў арганізавана мультыпрофільнае навучанне. Заключаны дагавор на супрацоўніцва з Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэтам.

    Вучні гімназіі – пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд па вучэбных прадметах, а таксама міжнародных турніраў Саюзнай дзяржавы. У 2017 годзе нашы гімназісты атрымалі тры дыпломы на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (Кацярына Імпалітава, дыплом І ступені па біялогіі, Кацярына Шаплыка, дыплом ІІІ ступені па біялогіі, Валерыя Махлай, дыплом ІІ ступені па фізіцы), дыплом ІІ ступені – на Міжнароднай алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы атрымала Крысціна Забела. Вучаніца нашай гімназіі Валерыя   Махлай стала вучнем года Мінскай вобласці-2017.

    Адным з прыярытэтных накірункаў у асобасна арыентаваным адукацыйным працэсе з’яўляецца арганізацыя даследчай дзейнасці вучняў у навуковым аб’яднанні «Школьная Акадэмія Навук», якое атрымала фінансавую падтрымку спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

    Вучні нашай гімназіі – неаднаразовыя дыпламанты  міжнародных навукова-практычных канферэнцый у Серпухаве і Пратвіно, з 2010 года ўдзельнічаюць у Міжнародных Гагарынскіх чытаннях, а настаўніца Таццяна Яўгенаўна Максіменка атрымала дыплом Федэрацыі касманаўтыкі Расіі. Захоплены сваёй справай педагог, які ўмее запаліць дзіцячыя сэрцы, павесці за сабой, яна ўносіць і важкі ўклад у арганізацыю даследчыцкай дзейнасці гімназістаў. На Х Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі вучняў і студэнтаў «Моладзь і інавацыя» (г. Серпухаў) у секцыі «Актуальныя пытанні фізікі і хіміі» вучаніца гімназіі Ксенія Каладоўская атрымала дыплом І ступені, у секцыі «Тэхнічная творчасць» праца вучняў Валерыі Махлай і Дзмітрыя Масакоўскага адзначана дыпломам ІІІ ступені. У 2016 годзе на ХХІІІ Усерасійскіх юнацкіх чытаннях ім. У.І. Вярнадскага Яўгеній Белавус узнагароджаны дыпломам І ступені.

    За час свайго існавання (з 1998 па 2017 гады) гімназія падрыхтавала 17 пераможцаў міжнародных алімпіяд па інфарматыцы, хіміі, рускай мове і літаратуры, 64 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 6 пераможцаў алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць». Вучні гімназіі атрымалі 20 дыпломаў  на рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях, 10 дыпломаў на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях вучняў і студэнтаў у Расійскай Федэрацыі, 10 дыпломаў на Міжнародных Гагарынскіх грамадска-навуковых чытаннях.

    У 2007 годзе гімназія адзначана граматай і ордэнам Ламаносава за значны ўклад ва ўмацаванне сяброўства і супрацоўніцтва ў галіне адукацыі паміж Расійскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь Расійскім нацыянальным камітэтам грамадскіх узнагарод.

    Шмат увагі ў гімназіі надаецца ідэалагічнаму, грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню: правядзенне акцый, мерапрыемстваў, арыентаваных на дзяржаўныя святы – Дзень герба і сцяга Рэспублікі Беларусь, Дзень Канстытуцыі, Дзень яднання народаў Расіі і Беларусі, Дзень Перамогі.

    Гімназія ганарыцца поспехамі і перамогамі, будуе планы на будучае і рэалізоўвае новыя ідэі. Так, ужо трэці год установа працуе над укараненнем рэспубліканскага інавацыйнага праекта «Рэалізацыя індывідуальнага навучання вучняў з улікам іх здольнасцей і прафесійнага выбару».

    Умацоўваем матэрыяльна-тэхнічную базу, праведзены капітальны рамонт будынкаў, памяшканняў. Наша ўстанова атрымала новае аблічча, сёння радуе арыгінальным дызайнам, прыгажосцю аўдыторый, кабінетаў, фае, калідораў, іншых памяшканняў.

    Па выніках работы за 2016 год наша гімназія стала лаўрэатам абласнога конкурсу (2-е месца) «За дасягненні высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі» сярод устаноў адукацыі, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў у намінацыі «Лепшая гімназія, ліцэй».

    Гімназія сёння – гэта стабільна высокая якасць адукацыі. Дасягненне такіх вынікаў забяспечвае высокакваліфікаваны педагагічны калектыў, у якім усе маюць вышэйшую педагагічную адукацыю, 93,2 працэнта педагогаў вышэйшай і першай кваліфікацыйных катэгорый. У складзе педагагічнага калектыву пяць педагогаў удастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы вучняў і студэнтаў: намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце (замежная мова) Таццяна Аляксееўна Варанцова, настаўніца англійскай мовы Людміла Анатольеўна Трапачова, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганна Мікалаеўна Бараненка, настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Іванаўна Губановіч, настаўніца біялогіі Ніна Мікалаеўна Чарнавус. У свой час прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы вучняў і студэнтаў былі адзначаны педагогі гімназіі Ларыса Васільеўна Ермакова, Алена Мікалаеўна Дыдышка, Таццяна Аляксееўна Жартун. 

    Плённа працуюць на ніве адукацыі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Юр’еўна Бурнель, настаўніца біялогіі Іна Анатольеўна Хаустовіч, настаўніца хіміі Ала Вячаславаўна Мартышэнка, настаўніца геаграфіі Марына Францаўна Цвірко,  настаўнікі пачатковых класаў Галіна Міхайлаўна Даўгучыц, Алена Аркадзьеўна Вяроўка, Святлана Міхайлаўна Цыуля, настаўніца музыкі Ірына Міхайлаўна Сталбавенка і іншыя. Сучасны настаўніцкі калектыў гімназіі – гэта сінтэз вопыту і маладосці, інавацый і творчасці, навукі і прафесійнага падзвіжніцтва. Тут пануе асаблівая атмасфера, якая акрыляе, натхняе, спрыяе інтэлектуальнаму, духоўнаму росту і дзяцей, і дарослых. Невыпадкова, што нашы выпускнікі вяртаюцца ў гімназію ўжо ў якасці педагогаў.

    З  асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю мы ўзгадваем нашых папярэднікаў, ветэранаў гімназіі. Гэта яны закладвалі падмурак тых галоўных каштоўнасцей, ведаў, прынцыпаў работы, адносін у калектыве, якімі слуцкая гімназія №1 кіруецца і сёння. 22 гады нашу ўстанову ўзначальваў Яўгеній Рыгоравіч Жартун, чалавек выдатных арганізатарскіх здольнасцей, адметнай чуласці і ўважлівасці  да іншых. На жаль, яго ўжо няма разам з намі, як і яго папярэдніка Леаніда Мікалаевіча Кузняцова, многіх іншых былых работнікаў гімназіі, якія пайшлі з жыцця. Светлая ім памяць і наша бясконцая ўдзячнасць.

    Адзінаццаць гадоў працавала дырэктарам  установы Ларыса Васільеўна Ермакова – таленавіты, самаадданы настаўнік і кіраўнік, прафесіянал з вялікай літары. Шмат гадоў аддала рабоце ў гімназіі адна са старэйшых нашых ветэранаў Раіса Аляксееўна Тычына, а таксама Вера Анатольеўна Багдановіч, Леанід Рыгоравіч Савановіч, Любоў Рыгораўна Місюкевіч, Надзея Міхайлаўна Грыцкевіч і многія-многія іншыя ветэраны ўстановы. Дзякуй вам, дарагія нашы, за адданую працу, за вернасць гімназіі, за трапяткую любоў да яе, якой і цяпер напоўнены вашы сэрцы.

    400 гадоў! Узрост мудрасці, трываласці, узрост, правераны часам, жыццём. Слуцкая гімназія №1 стала роднай для многіх-многіх людзей, прадстаўнікоў шэрагу пакаленняў, якія тут вучыліся і працавалі. З яе сцен выйшлі знакамітыя матэматыкі, фізікі, медыкі, пісьменнікі, пакаральнікі космасу, прадстаўнікі многіх іншых прафесій, але галоўнае – высакародныя людзі з жаданнем ствараць дабро, дарыць яго свету, дарыць яго іншым. І гэта самае важнае, і гэта працэс бясконцы…

    Таму 400 – узрост маладосці, натхнення, новых мар і планаў, новых адкрыццяў і пакарэння вяршынь. З юбілеем, гімназія №1!

    Автор: Наталля СЕЛЯЗНЁВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)