26 Мая, 2018 Суббота

Одиннадцатиклассник из Пружан Максим Гумен вошел в семерку сильнейших на Международном иллюзионном фестивале "MINSK MAGIC 2017"

  • 07 февраля 2018 Общество Беларуская 0

    Нібы па ўзмаху сваёй чароўнай палачкі юны пружанскі фокуснік Максім Гумен працягвае тварыць цуды! На Міжнародным ілюзійным фестывалі «MINSK MAGIC 2017», які нядаўна праходзіў у нашай сталіцы, таленавіты юнак (пра яго ў адным з нумароў нядаўна пісала наша газета) пакарыў публіку і ўвайшоў у сямёрку самых моцных фокуснікаў. А спаборнічаць яму было з кім!

    У Доме літаратараў сабраліся не толькі ілюзіяністы-аматары, але і сапраўдныя прафесіяналы — фокуснікі міжнароднага класа з Беларусі, Украіны, Літвы, Германіі, Расіі і іншых краін. Брэсцкую вобласць прадстаўлялі тры ілюзіяністы — з Брэста, Баранавіч і Пружан, і з іх толькі аднаму Максіму ўдалося дасягнуць высокіх вынікаў, літаральна наступіўшы на пяты лідарам.

    Пераможцаў вызначалі ў розных намінацыях: мікрамагіі (трукі з дробнымі прадметамі), ментальнай магіі («экстрасэнсорыкі»), камічнай і сцэнічнай магіі (дэманстрацыі трукаў ва ўмовах сцэны-скрынкі). На выступленне кожнаму давалася ўсяго сем хвілін, за якія фокусніку трэба было паспець раскрыць увесь свой «магічны» патэнцыял. Бяздонны белы капялюш спадара Гумена і яго «чароўны» чамаданчык, напоўнены даверху магічнымі манетамі, картамі, вяровачкамі, паралонавымі шарыкамі і іншымі дробнымі прадметамі (якія мелі звычку невядома адкуль з’яўляцца ў самы нечаканы момант), зрабілі сваю справу: Максім атрымаў высокія балы за артыстычнасць, тэхніку і змест нумара ў «мікрамагіі».

    — Але, на жаль, не ўсё прайшло гладка. Шчыра кажучы, суддзі былі вельмі строгімі і па справядлівасці адзначылі адно маё слабое месца — адсутнасць плаўных пераходаў ад фокуса да фокуса. У мяне ж на кожны элемент рэквізіту быў пастаўлены асобны нумар, а неабходныя мастацкія звязкі адсутнічалі, — раскрывае свае «таямніцы» пружанскі чараўнік, фокусы якога ў бліжэйшы час стануць яшчэ больш эфектнымі.

    Справа ў тым, што Максім набыў станоўчы вопыт не толькі ў конкурснай праграме, але і на навучальных лекцыях, якія праводзілі прафесіяналы з сусветным імем. Сваімі аўтарскімі ідэямі, напрацоўкамі і канцэптамі з юнымі ўдзельнікамі конкурсу падзяліліся пераможца XV чэмпіянату свету па фокусах у Лондане Віктар Рэнер (з Германіі), спецыяліст па камічнай магіі Павел Бах, пераможца трэцяга сезона тэлешоу «Здзіві мяне» Антон Амбрашэкаў і знакаміты дзіцячы ілюзіяніст Уладзімір Шміт, вядомы сваёй дабрачыннай дзейнасцю.

    — Я набыў вопыт, а галоўнае — новых сяброў: пазнаёміўся з таленавітымі маладымі людзьмі з Украіны і Германіі. На мой погляд, іх выступленні былі больш арыгінальнымі, чым у расіян, якія па-дзялілі паміж сабой першыя тры месцы. Важна і тое, што пасля выступлення ў мяне з’явіліся прыхільнікі і сярод мінскай публікі. Мае кантактныя тэлефоны запісалі арганізатары канцэртаў, вясельных вечарынак, таму зараз чакаю запрашэння, — прызнаецца Максім Гумен, у рэпертуары якога неўзабаве з’явяцца і чароўныя галубы. Якім чынам яны змесцяцца ў яго чамаданчыку з рэквізітам, застаецца толькі здагадвацца.

    Наперадзе яго, вясёлага вучня 11 класа СШ № 4, чакаюць выпускныя экзамены, пасля якіх ён плануе паступаць у Маскву ў цыркавое вучылішча. Сваёй мары — звязаць жыццё са светам магіі — Максім не здраджвае і працягвае шчыра верыць, што ілюзійны жанр заўсёды будзе вабіць самых лепшых людзей.

    — Вось вы, дарослыя, напэўна, мяркуеце, што магія знікла, калі развалілася Трыдзявятае царства, а чарадзеі і казачныя істоты засталіся на прачытаных старонках Кнігі часу. Насамрэч цуды магіі побач, у іх трэба толькі паверыць…

    Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

    Автор: Алена ЗялевічРаённыя будні

Комментарии (0)