25 Апреля, 2024 Четверг

Прадукты - па тэндары, сухі паёк - па суботах

  • 13 февраля 2018 Общество Беларуская 0

    Урад краіны распарадзіўся навесці парадак у сталовых ВНУ. Ежа павінна быць па студэнцкай кішэні і пры гэтым адпавядаць якасці і санітарным нормам прыгатавання. У нашым раёне інстытутаў і ўніверсітэтаў няма, але яго з поўным правам можна назваць студэнцкім, ці, больш пра-вільна, вучнёўскім, бо на Маладзечаншчыне шэсць сярэдніх спецыяльных і прафесіянальных устаноў.

    Журналісты «МГ» пабывалі на абедзе ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы…

    Альтэрнатыва ёсць

    Гэта адна з нямногіх устаноў, дзе ёсць свая сталовая для навучэнцаў. Для юнакоў і дзяўчат, якія паступілі на агульных умовах на базе дзевяці класаў, харчаванне аднаразовае і бяс-платнае. Але для іх не праду-гледжана стыпендыя. Тыя, хто навучаецца пасля адзінаццаці класаў, яе атрымліваюць і могуць па жаданні харчавацца ў сталовай каледжа за свой кошт. У дзяцей-сірот (іх 47 чалавек) чатыры бясплатныя прыёмы ежы.

    Штодзень у сталоўцы харчуецца ад 450 да 700 навучэнцаў. Пераважна гэта бясплатнікі, сіроты і льготнікі. Навучэнцаў, якія жадаюць падсілкавацца за грошы, няшмат — не больш за дзесяць чалавек. Юнакі і дзяўчаты загадзя аплачваюць харчаванне праз бухгалтэрыю. Зрабіць гэта можна на месяц наперад. Калі па нейкіх прычынах «абанемент» не расходуецца, грошы перахо-дзяць на наступны. Найчасцей навучэнцы аплачваюць абеды, адзін у сярэднім каштуе 2 рублі 30 капеек. Акрамя асноўных страў, у яго абавязкова ўвахо-дзяць салата і які-небудзь фрукт. Трохразовае харчаванне абыхо-дзіцца амаль у чатыры рублі на дзень. А сіротам дзяржава выдаткоўвае на штодзённы рацыён звыш шасці рублёў. Навучэнцам з маламаёмных сем’яў (іншых сацыяльных катэгорый) на падставе пэўнага пакета дакументаў прадстаўляюцца льготы.

    — Мы тлумачым нашым навучэнцам, як важна правільна харчавацца, што ад гэтага залежаць іх здароўе і паспяховасць у вучобе, — заўважае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ларыса Апаланюк. – Абавязкова расказваем ім аб шкодзе пастаянных халодных «перакусаў», фастфуда. Праводзім тэматычныя гутаркі з бацькамі выхаванцаў. Зацікаўлены мы і ў тым, каб навучыць юнакоў і дзяўчат самастойна гатаваць ежу. У двух нашых інтэрнатах для гэтага створаны ўсе ўмовы. У адным — кухні абсталяваны па калідорным прынцыпе, у другім — па блочным (на два пакоі). Усюды ёсць электрапліты, халадзільнікі, у пераважнай большасці – электрачайнікі і мікрахвалевыя печы. А некаторыя навучэнцы аддаюць перавагу ежы, якую прывозяць з дома і проста разаграюць.

    Баланс у ежы

    У каледжы два абедзенныя перапынкі па 45 мінут. Гэтага часу хапае, каб выхаванцы паспелі падсілкавацца.

    Водар свежай ежы адчуваецца амаль з ганка. Працуе сталовая з васьмі гадзін раніцы да сямі вечара. Тут шэсць повараў чацвёртага і вышэйшага, пятага разрадаў, ёсць кухонныя і іншыя рабочыя.

    Калектывам з 14 чалавек шосты год кіруе Лілія Жураўлёва, якая мае вялікі вопыт у рабоце. Як кажуць, яе правая рука – інжынер-тэхнолаг па харчаванні Інеса Загорская. Працуе ў дружным калектыве і выпускніца каледжа повар чацвёртага разраду Ірына Дылеўская.

    — Меню для навучэнцаў складаецца раз на два тыдні і з улікам двух сезонаў – восень-зіма і вясна-лета. Але штодзень ім прапануюцца розныя стравы, — далучаецца да размовы Інеса Загорская. – Наша ўстанова падпарадкоўваецца ўпраўленню адукацыі Мінскага аблвыканкама, таму меню ў абавязковым парадку зацвяр-джае тэхнолаг гэтай структуры. У навучэнцаў збалансаванае харчаванне з улікам іх узросту і неабходных норм тлушчаў, бялкоў, вугляводаў і калорый.

    Штогод каледж праводзіць тэндар сярод патэнцыяльных пастаўшчыкоў прадуктаў харчавання. Упор – на мясцовых вытворцаў. Пры прыгатаванні ежы, у тым ліку ў гатовых заводскіх вырабах, не дапускаюцца пэўныя інгрэдыенты. Напрыклад, вострыя прыправы, воцат. Тым не менш, у рацыёне навучэнцаў ёсць стравы з маянэзам, у складзе якога звычайна выкарыстоўваецца воцат. Але ў каледжы ён, як і марынаваныя нарыхтоўкі з агародніны, выключна на лімоннай кіслаце, што дазваляецца для навучэнцаў 15-18 гадоў.

    Па суботах – сухі паёк

    Два разы за навучальны год сярод навучэнцаў праводзяць маніторынг, каб высветліць, што іх не задавальняе ў рабоце сталовай і меню. Прыдрацца да арганізацыі харчавання практычна немагчыма. Пробы што-дзённа знімае тэхнолаг. Абавяз-кова вымяраецца тэмпература страў спецыяльным лічбавым тэрмометрам «Чэк Тэмп». Напрыклад, суп па норме павінен быць +65 градусаў, катлета — +71, салата з агародніны — +14, кампот — +23. Кожны тыдзень назіраюць за працэсам прадстаўнікі савета па кантролі за харчаваннем. У яго ўваходзяць майстры працоўнага навучання аддзялення грамхарчу, якое ёсць у каледжы, а таксама вучнёўскага прафсаюза. Яны выбарачна ўзважваюць порцыі, аглядаюць санітарны стан харч-блока, умовы захоўвання і тэрміны рэалізацыі прадукцыі і нават сочаць, як мыецца посуд. Раз на год спецыялісты занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праводзяць планавую праверку і не менш за пяць разоў – пазапланавыя.

    Па выніках маніторынгу, які арганізуецца сярод навучэнцаў, повары ўлічваюць іх пажаданні па меню. Сярод любімых страў курыныя кнэлі (накшталт катлет), тварожная запяканка, боршч, салат «Аліўе», кампот са свежых або марожаных ягад.

    Працуе сталовая і ў суботу. Але ў гэты дзень, зноў жа па жаданні навучэнцаў, прадугле-джаны сухія пайкі, напрыклад, вафлі, зефір, напітак, фрукты. Гарачае харчаванне «не прыжылося», бо многія хлопцы і дзяўчаты спяшаюцца хутчэй паехаць на выхадныя дамоў. А паёк у дарозе ніколі не зашкодзіць.

    Праблемы вырашальныя

    Нельга адмаўляць тое, што ў сталовай усё ж ёсць некаторыя праблемы. Гэта тычыцца абнаўлення абсталявання. Хаця пакрысе яно замяняецца. Пяць гадоў таму з абласнога бюджэту было выдаткавана на набыццё электрычнай патэльні, два гады таму – на параканвектамат.

    Больш за пяць гадоў таму з-за абсалютнага зносу быў дэманціраваны раздатачны канвеер. Ім карысталіся тут паўвека. Каб ежа не паспела астыць, дзяжурным (іх па чарзе вылучаюць сярод навучэнцаў) дапамагаюць кухонныя рабочыя. У каледжы спадзяюцца, што гэта пытанне вырашыцца сёлета. Як і адкрыццё яшчэ адной сталовай у іншым корпусе (былое ПТВ №135). Раней яна там працавала, але памяшканне па-трабавала капітальнага рамонту, абсталяванне – поўнай замены. Ажыццявіць гэты праект каледжу дапамагае аблвыканкам.

    У планах і адкрыццё буфета. Кіраўніцтва шукае тых, хто жадае працаваць з адпаведнай для ўстаноў адукацыі групай прадукцыі.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Ірына РАБУШКАМаладзечанская газета

Комментарии (0)