26 Апреля, 2024 Пятница

На мінскім напрамку без змен

  • 02 марта 2018 Общество Беларуская 0

    Змяненні ў Законе «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» закранулі і Маладзечна, дзе каля трох гадоў таму ў «маршруткі» пад нумарам 700 з’явіліся памочнікі – вадзіцелі, якія выконваюць тыя самыя нерэгулярныя рэйсы да Мінска. Пакуль яны працягваюць працаваць на ранейшых умовах.

    Аб дастаўцы пасажыраў у напрамку сталіцы расказаў намеснік дырэктара філіяла «Аўтапарк №4» ААТ «Мінаблаўтатранс» Віктар РУТКОЎСКІ.

    — Якія абавязацельствы звязваюць 700-ю «маршрутку» і Маладзечанскі аўтапарк? Ці праўда, што гэта дзяржаўнае таксі?

    — Маладзечанскі аўтапарк супрацоўнічае з ТВПУП «Маркізет Стыль» каля 10 гадоў. Яго «маршруткі» курсіруюць пад нумарам 700. Гэта не дзяржаўны перавозчык, як думаюць многія. Гэта прыватнік, які калісьці адкрыў маршрут на Мінск і яго развіваў. У прадпрыемства заключаны дагавор з аўтавакзалам на абслугоўванне, заезд на тэрмінал, продаж білетаў на рэйсы згодна з зацверджаным раскладам, які ёсць на сайце і ў будынку вакзала. 15 працэнтаў ад сумы продажу білетаў прадпрыемства пералічвае аўтавакзалу.

    Цяпер у рэгулярнага перавозчыка 52 апраўленні на дзень з аўтавакзала. Плюс два аўтобусы па рабочых днях і чатыры ў выхадныя адпраўляе наш аўтапарк. На Бараўляны ёсць адзін рэйс па рабочых днях адпраўленнем у 7.00. Усе аўтобусы да Мінска цяпер бяруць пасажыраў на прыпыначных пунктах грамадскага транспарту ў Маладзечне на працягу свайго маршруту. Аўтобус на Бараўляны заязджае таксама ў Краснае і Радашковічы. Браніраваць месца і пасадку можна з любога прыпынку па тэлефонах, якія размешчаны на сайце аўтавакзала і на сайце перавозчыка.

    — Да Мінска можна дабрацца таксама на электрычцы. Але часам эканомія часу і камфорт пераважваюць цэнавы фактар. Калі паўстала няштатная сітуацыя (напрыклад, рамонт участка чыгункі), наколькі гнутка аўтапарк можа зрэагаваць, перабудавацца і даставіць да месца прызначэння ўсіх жадаючых?

    — Калі ўзнікла экстранная неабходнасць, колькасць рэгулярных рэйсаў можна павялічыць як з боку цяперашняга нашага партнёра, так і самога аўтапарка. Калі гаварыць пра работу з «Маркізет Стыль», то прадпрыемства гатова зменшыць інтэрвал руху. Але мы не можам дакладна прагназаваць сітуацыю і пакуль не ведаем, на якіх умовах «Мінаблпасажыртранс» будзе праводзіць конкурс на права працаваць на маршруце. Не выключана, што ўсе перавозчыкі будуць заяўляцца на яго «з нуля».

    — Ці лічыце вы канкурэнцыю рэгулярнага і нерэгулярнага перавозчыка на мінскім напрамку сумленнай?

    — Я б не назваў яе такой па некалькіх прычынах. Хаця б таму, што нерэгулярныя перавозчыкі практыкуюць адпраўленне ў рэйс непасрэдна перад аўтобусам, што ідзе па раскладзе, загадзя сабраўшы пасажыраў. Гэта адбываецца ў напрамку Чысці, Вілейкі і, вядома ж, Мінска. Пра такія факты ведаюць і супрацоўнікі аўтавакзала, і нашы партнёры. Аўтапарк вымушаны быў рэагаваць на сітуацыю, якая склалася, і інфармаваць пра гэта транспартную інспекцыю і раённыя ўлады.

    Дадам, што ніякіх асаблівых патрабаванняў да нерэгулярных перавозчыкаў не прад’яўляецца. Проста ім прапанавана працаваць у аднолькавых умовах, пры якіх гарантыя бяспекі пасажыраў, захавання правоў спажыўцоў транспартных паслуг далёка не на апошнім месцы.

    Што ў раскладзе руху

    На 1 сакавіка ў раскладзе на інтэрнэт-сайце аўтапарка №4 была інфармацыя аб тым, што першая «маршрутка» на Мінск адпраўляецца ў 5.50, апошняя — у 19.55, з Мінска — у 7.20 і 21.25 адпаведна. Інтэрвал руху на працягу дня — 10, 15 і 20 хвілін.

    На сайце перавозчыка існуе сістэма браніравання месцаў анлайн на сёння, заўтра і іншыя даты (прыкладна на 7 дзён наперад). Час у дарозе — каля 1 гадзіны 20 хвілін. Там жа ёсць інфармацыя для пасажыраў пра свабодныя месцы, час прыбыцця на пасадку і ўмовы адмены броні.

    Зрэшты, аналагічнай інфармацыі нерэгулярнага канкурэнта ў інтэрнэце таксама дастаткова.

    Ад імя пасажыраў

    Што застаецца дадаць да прыведзенай інфармацыі? У пасажыраў няма звычкі пытацца, колькі гадзін вадзіцель адпачываў і ці шмат у яго парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сядаючы ў аўтобус, ён без усялякіх умоў даручае перавозчыку самае дарагое — сваё жыццё. Верагодна, змены ў галіне пасажырскіх перавозак наспелі.

    Жыхары Маладзечна цяпер маюць высокі ўзровень сэрвісу: магчымасць аператыўна дазваніцца да дыспетчара і хутка забраніраваць месца, зваротная сувязь з перавозчыкам (па тэлефоне і праз сацыяльныя сеткі), ветлівасць і пунктуальнасць вадзіцеляў. Хочацца спадзявацца, што гэтыя зручнасці нікуды не знікнуць, і надалей узровень аказання паслуг будзе такім жа высокім, незалежна ад таго, каму будзе належаць транспарт.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Лилия ЛИПНИЦКАЯ.Маладзечанская газета

Комментарии (0)