19 Апреля, 2024 Пятница

"Мацярынскае сэрца не памыляецца"

  • 07 марта 2018 Общество Беларуская 0

    У доме Яўгеніі Аляксандраўны і Дзяніса Аляксандравіча Ананчанка ў аграгарадку  Гацук штодня віруе гаманкое шчабятлівае жыццё. «Пяцёра дзетак – сумаваць не даводзіцца, – усміхаюцца бацькі. – Клопатаў, канечне, шмат. Аднак мы прывыклі, спраўляемся».

    Ды яно і так бачна, што спраўляюцца. Дзеткі дагледжаныя, рухавыя, вясёлыя, як званочкі, і ў доме пануе тая асаблівая атмасфера сямейнай згоды, прастаты, даверу і адкрытасці адносін, якую нельга «інсцэніраваць» для гасцей.

    – У Гацук мы з Мінска пераехалі ў 2011 годзе. Мы карэнныя мінчане, – расказваюць Яўгенія і Дзяніс. – У нас тады яшчэ трое дзетак было,  вырашылі, што так будзе лепш для іх. Прырода, свежае паветра, а галоўнае, мы марылі пра свой прасторны дом, дзе б размясцілася наша сям’я. Прадалі кватэру ў Мінску, купілі дом у Гацуку і перабраліся ў вёску. Ніколькі не шкадуем, што так зрабілі. Тут спрыяльныя ўмовы для вучобы, развіцця дзяцей, ёсць школа, яслі-сад, неабходная інфраструктура, нам тут добра жывецца.

    Яўгенія працуе ў Гацуку прадаўцом у фірменным магазіне «Фабрыка здароўя №40» агракамбіната «Дзяржынскі», а Дзяніс – экспедытарам у Мінску, графік яго работы дазваляе шмат часу праводзіць з сям’ёй. Яны выдатна дапаўняюць адзін аднаго. Яе вытрыманасць, спакой, мудрасць, яго рашучасць, энергічнасць, трываласць, а галоўнае, іх каханне, клопат, працавітасць, узаемапавага ўтвараюць надзейны фундамент, на якім трымаецца сям’я. Той самы быт, аб які нярэдка разбіваюцца сем’і, яны навучыліся падзяляць, разумна размяркоўваючы цяжар абавязкаў. Дзяніс, напрыклад, і абед прыгатаваць можа, і прыбрацца ў доме, выдатна спраўляецца з іншымі хатнімі справамі. Дзетвара ў адзін голас заявіла, што папа вельмі смачна гатуе макароны, а мама пячэ найсмачнейшыя ў свеце булачкі і торцікі.

    – Мой муж з мнагадзетнай сям’і, – гаворыць Яўгенія Аляксандраўна. – А я была адзіным дзіцем у сям’і. Ведаю, што цяжка аднаму ў жыцці, трэба, каб былі браты і сёстры. Яны апора і дапамога адзін аднаму, з дзяцінства вучацца клапаціцца пра бліжніх, адказнасці, узаемавыручцы. Для нас з Дзянісам дзеці наша ўсё – сэнс жыцця, радасць, мары, будучыня. Мы стараемся выхаваць іх годнымі людзьмі, цікавымі, рознабаковымі асобамі, развіваць іх здольнасці, падтрымліваць іх добрыя пачынанні. Жывём мы не шыкоўна, але ўсё неабходнае ёсць. Дзяржава аказвае дапамогу, дзеткі бясплатна харчуюцца ў школе, для мнагадзетных сем’яў ёсць ільготы па аплаце за дзіцячы сад, падручнікі і іншыя.

    Назіраю, як дружна, хораша ў гэтай сям’і паводзяць сябе дзеці, як моцна трымаюцца за ручкі, далонька ў далоньцы, як самая старэйшая дзесяцігадовая Аляксандра і  васьмігадовая Настачка зусім па-даросламу папраўляюць кашульку гарэзе Максімку.  Уладзік (6 гадоў) і Косця (5 гадоў) паказваюць мне свае цацачныя машыны, а яшчэ дзеці дзеляцца сваімі поспехамі. Аляксандра, напрыклад – выдатніца ў Гацукоўскай сярэдняй школе, вучыцца і ў Гацукоўскай дзіцячай школе мастацтваў – займаецца выяўленчым мастацтвам, харэаграфіяй і харавымі спевамі, актыўна ўдзельнічае ў школьных канцэртах. Насця і Уладзіслаў таксама прыхільнікі музыкі: Насця вучыцца ігры на цымбалах, Улад – на балалайцы. Мама Яўгенія прызвычайвае дзетак да творчасці – сама адметна малюе, робіць падзелкі. Меншыя Косцік і Максім, яшчэ наведвальнікі ясляў-сада ў Гацуку, як гаворыцца, пакуль толькі вызначаюццца са сваімі прыхільнасцямі, але Косця ўжо цяпер перакананы:  будзе  пажарным. Саша марыць стаць урачом, Насця – дызайнерам, а Уладзіслаў – міліцыянерам. Дзеці расказваюць, што любяць усёй сям’ёй адзначаць святы, разам з бацькамі гуляць у настольныя гульні, а яшчэ атрымліваць салодкія падарункі. Пад гэты Новы год атрымалі столькі!

    Лёгкая ўсмешка кранае  вусны Яўгеніі. У акружэнні дзяцей яна сапраўды як мадонна, паражае той адмысловай, велічнай прыгажосцю мацярынства, у якой занатаваны вечная загадка жыцця, мацнейшая на зямлі любоў і пяшчота, сіла і адданасць.Яўгенія Аляксандраўна Ананчанка адзначана ордэнам Маці, узнагароджанне адбудзецца напярэдадні Дня жанчын.

    – Быць маці – вялікая адказнасць, – гаворыць Яўгенія. – Ад мамы пачынаецца жыццё чалавека, яго першыя крокі, з якім сэрцам ён будзе жыць, чаму навучыцца. Усё лепшае, што ведаю, што ёсць у маёй душы, стараюся перадаць сваім дзецям. Няпроста іншы раз бывае знайсці правільны адказ, правільны падыход. Але, паверце, мацярынскае сэрца ніколі не памыляецца…

    Автор: Наталля СЕЛЯЗНЁВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)