26 Апреля, 2024 Пятница

Директор ОАО «Агро-Колядичи»: «Награда от Президента — это признание заслуг всего нашего коллектива»

  • 09 апреля 2018 Общество Беларуская 0

    Падзячным пісьмом і падаруначным сертыфікатам на аўтамабіль «Джылі Атлас» Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь узнагародзіў за працоўныя заслугі калектыў ААТ «Агра-Калядзічы».

    У мінулую пятніцу дэлегацыя Брэсцкай вобласці на чале са старшынёй аблвыканкама А.В.Лісам прымала ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі ўручэння ўзнагарод лепшым работнікам аграрнай галіны краіны. Дзяржаўныя ўзнагароды з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі ў Палацы Незалежнасці атрымалі 63 сельскія працаўнікі.

    За значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў Падзяка Прэзідэнта краіны аб’яўлена працаўнікам аграпрамысловага комплексу Брэсцкай вобласці і працоўнаму калектыву ААТ «Агра-Калядзічы» нашага раёна.

    Падчас урачыстай цырымоніі ўшаноўвання лепшых аграрыяў краіны дырэктар ААТ «Агра-Калядзічы» П.С.Якімавец атрымаў Падзячнае пісьмо і падарачны сертыфікат на аўтамабіль «Джылі Атлас».

    Поспех працоўнага калектыву ААТ «Агра-Калядзічы» зусім невыпадковы. Гаспадарка на працягу многіх гадоў знаходзіцца ў самым версе раённай зводкі як па ўраджайнасці асноўных сельгаскультур, так і па прадукцыйнасці дойнага статка.

    Безумоўна, аснову эканомікі таварыства складае малочная жывёлагадоўля. Цяпер тут налічваецца 7,7 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 3 тысячы кароў. У мінулым годзе ў разліку на карову атрымана 7120 кілаграмаў малака. Рэалізавана ў заліковай вазе 23476 тон, прычым 93,5% гатункам «экстра». Выручка ад рэалізацыі малочнай прадукцыі склала 14329 тысяч рублёў, а прыбытак — 4709 тысяч рублёў пры рэнтабельнасці 48,9%. Удзельная вага малака ў агульнай выручцы складае 75%.

    Зразумела, што поспехі ў жывёлагадоўчай галіне можна растлумачыць трывалай кармавой базай, якая ствараецца на зімовы перыяд. У мінулы сезон корманарыхтовак у разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 40,6 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў.

    Летась сельскія працаўнікі гаспадаркі дасягнулі выдатных паказчыкаў і ў галіне раслінаводства. Валавы збор збожжавых склаў 12240 тон пры ўраджайнасці 59,7 цэнтнера з гектара. Алейнага насення рапса з аднаго гектара сабрана ў сярэднім 37,8 цэнтнера, а цукровых буракоў — 644 цэнтнеры. Парадавала і асноўная кармавая культура — кукуруза: — ураджайнасць зялёнай масы перавысіла 400 цэнтнераў з гектара.

    Вялікая ўвага ў ААТ «Агра-Калядзічы» надаецца абнаўленню машынна-трактарнага парка. У мінулым годзе быў набыты кормаўборачны камбайн «Джон Дзір» і пяць трактароў. Сёлета да жніва плануецца набыць новыя збожжаўборачныя камбайны.

    За ўсімі вытворчымі паказчыкамі стаяць людзі. У гаспадарцы сфарміраваўся калектыў спецыялістаў, якія добра ведаюць сваю справу. Інакш як растлумачыць пастаянны рост вытворча-эканамічных паказчыкаў? У мінулым годзе, дарэчы, выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 20874 тысячы рублёў пры рэнтабельнасці 28%. Атрымана 4117 тысяч рублёў чыстага прыбытку. Сярэднямесячная заработная плата ў 2017 годзе дасягнула 823 рублёў.

    Не застаюцца па-за ўвагай таварыства і сацыяльныя пытанні. Пастаянна будуецца жыллё. Той, хто даўно не быў у Калядзічах, будзе прыемна здзіўлены. Тут за апошнія гады выраслі новыя вуліцы, забудаваныя дамамі прысядзібнага тыпу. Людзі, якія ў іх жывуць, маюць такія ж зручнасці, як і ў горадзе. Таму сярод спецыялістаў, механізатараў і жывёлаводаў хапае моладзі. А гэта значыць, што таварыства мае добрую перспектыву і смела глядзіць у заўтрашні дзень.

    — Узнагарода, якой Прэзідэнт Беларусі адзначыў ААТ «Агра-Калядзічы», — гаворыць П.С.Якімавец, — гэта прызнанне працоўных заслуг усяго нашага калектыву, і мы гэтым ганарымся.

    Мікола АРХУЦІК.

    Автор: Мікола АрхуцікРаённыя будні

Комментарии (0)