26 Апреля, 2024 Пятница

Участникам проекта клуба ЮНЕСКО рассказали, кто и как делает газету

  • 06 апреля 2018 Общество Беларуская 0

    Удзельнікі праекта, які рэалізуецца пры клубе ЮНЕСКА «Планета» ў Маладзечне, пабывалі на азнаямленчай экскурсіі ў рэдакцыі «Маладзечанскай газеты». У старшакласнікаў была магчымасць прайсціся па кабінетах, даведацца, спецыялісты якіх прафесій працуюць у друкаваных СМІ, якімі ведамі і навыкамі яны валодаюць, пазнаёміцца з працэсам стварэння газеты.

    — Прафарыентацыйны праект носіць сімвалічную назву «Палярная зорка», яго мэта — дапамагчы падлеткам не памыліцца пры выбары будучай прафесіі, набыць навыкі, карысныя для росту асобы, убачыць жыццё працоўнага калектыву арганізацыі-партнёра знутры. Мы працуем з тымі школьнікамі, хто прыйшоў да нас не па прымусе, а па асабістай зацікаўленасці. Гэта вельмі важны момант. Праекту не патрэбныя нематываваныя людзі, ім самім гэта таксама не патрэбна, — расказаў валанцёр Рафаіл Аліеў, гімназіст з Мінска.

    Спачатку сярод старшакласнікаў праводзілася тэсціраванне, вызначаліся прафесійныя схільнасці і псіхалагічныя якасці асобы. Дзеці ўдзельнічалі ў трэнінгах па матывацыі, тайм-менеджменце (кіраванне часам), па мнематэхніцы (работа з памяццю і інфармацыяй).

    Затым кіраўнікі праекта дамаўляліся з кіраўніцтвам арганізацый аб магчымасці прыняць падлеткаў, расказаць пра сваю дзейнасць. Акрамя рэдакцыі, хлопцы і дзяўчаты пабывалі ў Маладзечанскім ГРАНС, на МКТБ, у псіханеўралагічным дыспансеры, бальніцы, паліклініцы і раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

    — Удзел у праекце дазволіў пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. Пры выбары прафесіі важна прыслухацца да сябе, суаднесці свае жаданні са сваімі магчымасцямі і схільнасцямі. Самым карысным лічу для сябе трэнінг, звязаны з размеркаваннем вольнага часу, — падзяліўся ўражаннямі 10-класнік гімназіі №6 Андрэй Партных.

    Арыну Вярхоўскую з гімназіі-каледжа мастацтваў цікавіць журналістыка. Яна займаецца ў дзіцячай тэлевізійнай студыі «Наш час» і «Школе журналістыкі» ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік». Марыць стаць тэлежурналістам.

    Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.

    Автор: Лилия ЛИПНИЦКАЯ.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)