25 Апреля, 2024 Четверг

Суботні аўтограф працай

  • 25 апреля 2018 Общество Беларуская 0

    Суботні працоўны аўтограф, прысвечаны Году  малой радзімы, атрымаўся яркім, змястоўным, масавым – каля трох мільёнаў беларусаў прынялі ўдзел у добраахвотным працоўным дэсанце 21 красавіка.

    Намеснік Прэм’ер-міністра, кіраўнік рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага суботніка Міхаіл Русы звярнуў увагу, што заробленыя на суботніку грошы пойдуць на важныя сацыяльныя праекты. Так, палова сродкаў будзе накіравана на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, мемарыяльных комплексаў, месцаў пахавання воінаў Вялікай Айчыннай вайны, падрыхтоўку дзіцячых лагераў да лета. Яшчэ 50 працэнтаў сродкаў пойдзе на закупку абсталявання для бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі напярэдадні  ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года. «Кожны чалавек ведае, што яго зароблены рубель пойдзе на канкрэтныя справы», – падкрэсліў Міхаіл Русы.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка з трыма сынамі 21 красавіка працаваў на добраўпарадкаванні Трафімавай крыніцы на сваёй малой радзіме – каля аграгарадка Александрыя ў Магілёўскай вобласці.

    Трафімава крыніца была адноўлена некалькі гадоў таму па даручэнні Прэзідэнта. Вада ў ёй асвечаная і ўнікальна чыстая па сваіх уласцівасцях. За ёй едуць людзі з усіх навакольных раёнаў, а нярэдка і з Расіі.

    Вядома, што крыніца была адным з любімых месцаў адпачынку Аляксандра Лукашэнкі ў дзяцінстве. З крыніцай яго звязвае і сямейная гісторыя. У свой час крыніцу ўладкаваў дзед Прэзідэнта – цясляр Трафім. Па яго імені людзі і сталі называць гэта месца.

    Цяпер каля крыніцы разбіты невялікі сад, у якім дрэвы высаджаны ў выглядзе літар Т і К, увекавечваючы тым самым назву крыніцы.

    У дзень рэспубліканскага суботніка ў гэтым годзе кіраўнікі дзяржорганаў Беларусі таксама адправі-ліся кожны на сваю малую радзіму. Удзельнічаць у суботніку на малой радзіме – вялікае задавальненне, адзначыла Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, размаўляючы 21 красавіка з журналістамі ў Полацку. Падчас рэспубліканскага суботніка яна прыехала займацца добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля Сафійскага сабора, у тым ліку пасадзіла туі побач з памятным знакам «Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці».

    Працаваць разам – правільная і традыцыйная для беларусаў філасофія. Такую думку выказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, які прыняў удзел у рэспубліканскім суботніку на сваёй малой радзіме ў горадзе Дзятлава Гродзенскай воб-ласці. Прафсаюзныя актывісты, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, выхаванцы дзіцячай спартыўнай школы працавалі на абнаўленні гарадскога стадыёна, у прыватнасці рамантавалі хакейную пляцоўку, прыводзілі ў парадак футбольнае поле і трыбуны.

    І такі працоўны ўздым быў паўсюдна.

    Каля 430 тысяч жыхароў Брэстчыны далучыліся да працоўнай акцыі. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс адзначыў, што грамадзяне актыўна ўдзельнічалі ў суботніку, што ў Год малой радзімы асноўныя сілы накіраваны на навядзенне парадку ў райцэнтрах, аграгарадках, у сельскай мясцовасці, у тым ліку на тэрыторыі знакавых для Брэстчыны і абласнога цэнтра аб’ектах.

    Кіраўніцтва аблвыканкама на чале з губернатарам працавала на пляцоўцы падстанцыі хуткай медыцынскай дапамогі, якая будуецца ў Брэсце, займалася добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Работы, якія былі распачаты на аб’екце ў 2017 годзе, блізяцца да завяршэння. Чакаецца, што да канца года новая падстанцыя будзе ўведзена. У яе зоне абслугоўвання будуць знаходзіцца некалькі спальных мікрараёнаў, у якіх пражываюць каля 100 тысяч чалавек.

    Не менш маштабна суботнік прайшоў і ў раёнах, у тым ліку ў Ляхавіцкім, – з адценнем свята, па вызначэнні нашых землякоў, якія падзяліліся ўражаннямі пра гэты працоўны дэсант.

    Такога ажыўлення, як раніцай 21 красавіка, зона адпачынку на рацэ Ведзьма ў райцэнтры не ведае нават у разгар актыўнага купальнага сезона. «Дэсантаваліся» тут не адпачываючыя. Прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй райвыканкама Вячаславам Сельмановічам і кіраўніком дэпутацкага корпуса раёна Леанідам Калбаса, супрацоўнікі розных аддзелаў і службаў наводзілі парадак на прыбярэжнай паласе.

    Частка ўпраўленцаў разам з работнікамі ДРБУ-200 і ПМК-17 шчыравала на прыдарожных участках паабапал дарогі на ўездзе ў Ляхавічы, бээрэсэмаўцы добраўпарадкавалі месцы пахавання загінуўшых у час вайны герояў. Культработнікі высаджвалі кветкі, фарбавалі агароджу вакол сельскіх устаноў культуры, прыбіраліся на тэрыторыі былой сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы.

    Супрацоўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама палічылі першачарговай справай падрыхтоўку аздараўленчага лагера «Чайка» да летняга сезона. Каля 50 чалавек за некалькі гадзін навялі ідэальны парадак у летніку. А паабапал дарогі на «Чайку» «суботнічалі» работнікі Крывошынскага лясніцтва.

    Сугучча птушыных спеваў раз-пораз спынялася гукам бензапілаў і трымераў. У Рэпіхаўскім парку ў Крывошыне суботнік у разгары. Тут працаваў разнапрофільны атрад прадстаўнікоў розных прафесій, арганізацый. Работнікі Востраўскага ўчастка раёна электрасетак, электрасувязісты, супрацоўнікі Крывошынскага сельвыканкама, настаўнікі мясцовай школы і выхавальнікі дзіцячага садка – усім знайшоўся занятак. Ашчадна, каб не нашкодзіць лясным насельнікам, зграбалі мінулагодняе лісце работнікі лячэбна-вытворчых майстэрняў. Побач пажарныя Ліпскага ПАВП, дэпутаты Крывошынскага сельскага Савета, прафсаюзныя актывісты. Работы хапала: спілаваць аварыйныя дрэвы, сабраць сушняк, ачысціць тэрыторыю ад смецця.

    «Суботнічалі» і «веснікаўцы»: не толькі збіралі матэрыял для гэтага фотарэпартажу, але і добраўпарадкавалі зону адпачынку на рацэ Ведзьма.

    21 красавіка землякі на суботніку зарабілі амаль 46000 рублёў, з якіх 17100 рублёў – падчас рэспубліканскага суботніка. Райвыканкам прыняў рашэнне накіраваць грошы на рамонт і аднаўленне помнікаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, рэстаўрацыю гісторыка-культурных і рэлігійных аб’ектаў, развіццё дзіцячай творчасці, фізкультуры і спорту, на добраўпарадкаванне горада, правядзенне раённых мерапрыемстваў.

    Фотарэпартаж вялі Галіна КАНЬКО, Сяргей ВАРАНОВІЧ, Маргарыта КУХТА. 

    На фота: 1.Гімназісты займаліся добраўпарадкаваннем помніка на вуліцы Леніна ў райцэнтры. 2.Разам з землякамі на суботніку шчыравалі старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч і старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса. 3. За парадак на ўездзе ў горад адказвала ПМК-17. 4. На зоне адпачынку працавалі і супрацоўнікі РАНС. 5. Працоўны дэсант адукацыйнага аддзела ў «Чайцы». 6. На добраўпарадкаванні Рэпіхаўскага парку. 7. Каляджане шчыравалі і ля памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам.

     

    Автор: Галіна КАНЬКО, Сяргей ВАРАНОВІЧ, Маргарыта КУХТАЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)