19 Апреля, 2024 Пятница

Чаму дзед Казімір больш не модны дыджэй

  • 03 мая 2018 Общество Беларуская 0

    На інтэрв'ю дыджэй Казімір прыйшоў «на стылі». Сонечныя акуляры, начышчаныя чаравікі, парфума. У адным вуху — навушнік, які ён не вымае на працягу ўсёй размовы. Сустрэцца пенсіянер прапанаваў побач з экстрым-паркам на вуліцы Сталетава.

    — Гэта адно з маіх любімых месцаў у горадзе, — тлумачыць. — Часта прыходжу сюды са сваёй бабулькай (жонкай Ларысай. — Аўт.). Падабаецца, як пляцоўку ўладкавалі: зрабілі прыгожа і для нас, пенсіянераў, і для дзяцей. Святочна выглядае, цудоўна. Адзінае, што раскрадаюць. Вунь узяць лавачкі на футбольным полі — адну ўжо год таму разабралі па частках.

    Эпатажны Казімір Карпенка добра вядомы многім мінчанам. З сівой барадой, у капелюшы, з арыгінальнай палкай і пярсцёнкамі на руках, ён раней часта прагульваўся ў цэнтры горада. Размаўляў вершамі і рабіў па просьбе мінакоў прадказанні. А пяць гадоў таму стаў модным дыджэем. Дыскатэкі, кліпы, гастролі — усё як належыць. Казіміру Казіміравічу за 70, але дакладны ўзрост ён не называе: «Калі ёсць інтарэс да жыцця, навошта лічыць гады?»

    «Кожны выхад з дому для мяне свята»

    — Вы заўсёды былі такім эпатажным?

    — Колькі сябе памятаю. Каля 15 гадоў я працаваў дырэктарам палацаў-дамоў культуры і мусіў выглядаць адпаведна, каб людзі бралі з мяне прыклад. Нельга махнуць на сябе рукой ні ў 30, ні ў 40 гадоў, трэба заставацца індывідуальным. У мае гады, можа, гэта і дзіўна, але для мяне і навакольных — у радасць. Мой вобраз прымушае ўсміхацца, фатаграфавацца. Вельмі шмат знята пра мяне фільмаў, дакументалак — гэта пацвярджае, што я цікавы людзям.

    Для мяне кожны выхад з дому — свята. Штодзень у мяне новыя пацеркі, палка, панагія (абразок на шыі. — Аўт.). Гэта ўсё сам раблю. Аксесуары радуюць мяне і маю бараду.

    — Раскажыце пра свой сённяшні прыкід.

    — А што расказваць? Падумаў, што белае з чырвоным добра спалучаецца. Пад кожны касцюм — свая палка. Іх у мяне каля 40 — і драўляныя, і касцяныя. І сем навагодніх посахаў — усё ж такі я Дзед Мароз які-ніякі. Вось гэта палка сабрана з розных каўпачкоў, якія хтосьці калісьці выкінуў, лічыльнікаў, сантэхнікі, шкельцаў ад былой жырандолі. Набалдашнік сам выразаў. Люблю майстраваць. Я ў свой час вучыўся табольскаму кастарэзнаму промыслу. У мяне яшчэ ў дзяцінстве выявіліся мастацкія таленты: мог з нічога зрабіць нешта цікавае.

    — У краму таксама так ярка адзяваецеся?

    — Куды б ні сабраўся, стараюся выглядаць індывідуальна, прыгожа. А то вакол неяк змрачнавата, усе ў чорным. А тут дзед беленькі выйшаў, ды яшчэ з барадой сівой — ужо добра. У нядзелю на матацыклетным свяце быў (размова пра адкрыццё мотасезона, якое праходзіла 15 красавіка. — Аўт.) — вядома, выглядаў як належыць.

    Можна забрацца ў целагрэйку і не выходзіць нікуды з дому, але ж гэта нецікава. У краме, у метро ўсе азіраюцца — мне прыемна. Не думаю, што я павінен быць такім, як усе.

    — Вас называюць гарадскім дзіваком. Не крыўдна?

    — Пра мяне шмат напісана, разумееце, — і белая варона, і гарадскі дзівак. Так кажа той, хто сам страціў самавыяўленне, выглядае неакуратна, у абутку непачышчаным. Але мяне не абражае. Ведаю, што я добры. Са мной робяць сэлфі: я ж эксклюзіў.

    Самалёты, гасцініцы, ганарары

    — Як атрымалася, што вы на пенсіі сталі дыджэем?

    — Памятаю, калі яшчэ працаваў клубнікам, узначальваў Дом культуры ў пасёлку на поўначы Расіі, мне трэба было вечары праводзіць, нейкія танцулькі. Я зрабіў спісачак, што трэба купіць, у Цюмень з'ездзіў, па крамах прабегся, падабраў мікрафоны, абсталяванне. На вечарах і сам дрыгаўся, і сам спяваў.

    А тут мяне па фільмах заўважыў адзін таварыш (малады прадзюсар Ілья Сухамлін. — Аўт.). І прапанаваў паехаць у тур па свеце. Заключылі з ім дагавор. А мне на той момант ужо тры аперацыі зрабілі — з-за анкалогіі, хворага сэрца. Медыкі сказалі: дзесяць гадоў табе пажыць, — і я падумаў: няхай гады пройдуць на сцэне, трэба ж варушыцца. Мне трэба было рабіць перавязкі кожны тыдзень. Звычайна гэтым займалася жонка ці медсястра. Прадзюсар у іх даведаўся, як мяне «цыраваць».

    Чатыры гады я выступаў. У 2017-м быў мой апошні канцэрт.

    — Дзе пабывалі з гастролямі?

    — Кітай, Паўднёвая Карэя, Казахстан, Украіна, Германія, Прыбалтыка, Арменія, Расія. Больш за ўсё запомнілася, калі на месяц з'язджаў. Дому не бачыш — толькі сябе і свае ўборы. Самалёты, цягнікі, гасцініцы, ганарары… Што яшчэ патрэбна было хвораму пенсіянеру ў яго гады? Я па маладосці аб'ездзіў усю Расію — ад Уладзівастока да Калінінграда (сам Казімір Казіміравіч з Магадана. — Аўт.). А тут убачыў краіны, дзе ніколі не быў. Я і не марыў. У Мінску таксама выступаў. Хто купіць дзеда — туды і еду.

    — Навошта вам усё гэта? Сядзелі б спакойна дома на канапе, глядзелі тэлевізар.

    — Вой не. Я заўсёды быў там, дзе я патрэбны. Афармляў гасцініцы, манументы ставіў, распісваў сцены ў дамах культуры. Сядзець на месцы мне і ў галаву не прыходзіла. Дзякуючы сваёй упартасці, назойлівасці я адчыняў усе дзверы і форткі. У дзетдоме мне прывілі любоў да працы: за што б ні ўзяўся, усё рабіў добрасумленна. Быў і электрыкам, і сталяром, і кінамеханікам.

    — Чаму больш не выступаеце?

    — Дык кантракт скончыўся.

    — Спадабалася клубная атмасфера, сучасная музыка?

    — Ну, у параўнанні з нашымі вечарамі дзікавата. Усе падпарадкоўваюцца нейкай манатоннай музыцы. Пад яе немагчыма весяліцца. І танцаваць незразумела як. Цяпер вось нават не пяюць — рэп рухаюць. Але мне было ўсё роўна — іграў, што прасілі. Галоўнае, што плацілі, давалі магчымасць падарожнічаць.

    — Самі што любіце слухаць?

    — Усё саўдэпаўскае. Вось цяпер у навушніках канал «Гумар» гучыць. А так запісы, якія даюць мне натхненне, — гэта музыка 1950-х, 60-х, 70-х гадоў. Куміры маладосці. Шансон люблю. Калі працую над нэцке — скульптурамі малых формаў, — заўсёды слухаю музыку і мурлыкаю сабе пад нос.

    — Цяперашняе пакаленне як вам?

    — Раней у камуналцы жылі, але былі як браты, дзверы практычна не замыкаліся. А цяпер не ведаю, хто ў пад'ездзе насупраць мяне жыве. І зачыняцца трэба на ўсе замкі, а то абкрадуць...

    Моладзь — разумнічка, іншай і не будзе. Яна заслужыла свой час. Хай знаходзяць сябе — і ў татуіроўках, і ў экстрэмальных забавах. Але не даводзяць гэта да абсурду. Адзінае што — моладзь не хоча слухаць, што ім дарослыя ўказваюць. Для іх бацькі і дзяды аказаліся па-за гульнёй. «Мой шлях, не перашкаджай». Ну і бог з вамі. Наша справа — успрымаць, цярпець і не саплівіцца. Самі некалі такімі ж былі.

    «Ларысу скарыў рыфмаплёцтвам»

    — У Мінск вы прыехалі да трэцяй жонкі. Што гэта за гісторыя?

    — Калі на Урале быў дырэктарам чарговага клуба, трохпавярховага, мне за добрую работу далі пуцёўку ў Ленінград. Ну я і паехаў адпачываць. І там у санаторыі сустрэў Ларысу. Я ўжо два гады ў разводзе быў, яна — восем. Я не Ясенін, але ўсё вершамі размаўляў. Рыфмаплёцтвам яе скарыў. Кажуць жа, што жанчыны любяць вушамі. А яшчэ, калі паехаў у Ленінград, узяў з сабой некалькі штук нэцке, каб прадаць. Яна ўбачыла іх, была натхнёная. Пасля прыехала да мяне на поўнач, у маю кватэру, а там усе сцены карцінамі былі ўвешаны. Напэўна, падумала, што з такім майстрам не прападзе: штосьці рабіць умее, значыць, будуць грошыкі ў сям'і. На Урале і распісаліся. А ў 1990-я пераехалі да Ларысы ў Мінск. Нармальна, ужо 28-ы год разам. Хворыя, сардэчнікі, жывём з капейкі на капейку. І нічога, працвітаем пакуль што.

    — Ваша Ларыса таксама яркая?

    — Ну, стараецца адпавядаць, калі ідзе да мяне на спатканне. Калі запрашаю яе ў горад, падбірае і адзенне прыгожае, і водар прыемны — ведае ж, з кім гуляць будзе.

    — За тры шлюбы навучыліся разумець жанчын?

    — Дастаткова. Усё, што я ведаю, — трэба ўмець прамаўчаць. І павагу да сябе ў жанчыны нельга адымаць.

    — Дзеці, унукі ёсць?

    — У мяне чатыры сыны, дзве дачкі, чатыры ўнукі, чатыры ўнучкі і два праўнукі. Маленькі дзетдом. Першая сям'я — у Саратаве, другая — ва Украіне, пад Палтавай.

     Часта тэлефануюць вам?

    — Я сам па меры магчымасці ездзіў да іх. Але цяпер з маімі балячкамі далёка не выберашся, бо тады трэба везці з сабой і жонку, і лекі. Але ўнукі і звоняць, і ў «Фэйсбуку» пішуць — гэтага дастаткова.

    — Адзінокім сябе не адчуваеце?

    — Не, я разумею, што дзед ёсць дзед. У маладых свае клопаты. Ласкавае слова пачуеш — і тое прыемна. А ўжо як жыць — гэта іх шлях, ім больш відаць. Не мне судзіць.

    — Ідэальная старасць — яна якая?

    — Яна павінна быць занятая, цікавая. Схадзіць у гурток, на грамадскую дыскусію. Лічу, у жыцці павінна быць праца — ад першага дня да апошняга, як бачыш гэта па артыстах, палітыках. Крыўдна, калі пенсіянеры на прадпрыемствах аказваюцца непатрэбнымі… Пры любой магчымасці чалавек павінен працаваць, толькі тады ён знойдзе сябе. Вось купіў бы хто мяне, у Дубай напрыклад, — я зноў паехаў бы, нягледзячы на свае балячкі. Трэба жыць цікава, палка, прыгожа.

    Автор: Наталля ЛубнеўскаяЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)