28 Марта, 2024 Четверг

Свята памяці, гонару

  • 06 июля 2018 Общество Беларуская 0

    Святочныя ўрачыстасці распачаліся з адкрыцця Дошкі гонару Слуцкага раёна. На мемарыяльным комплексе ў Слуцку прайшоў урачысты мітынг. У ім прынялі ўдзел старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі, старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Аляксандраўна Аўсяннікава, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Вітальеўна Ражанец, Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці і Слуцкага раёна, Герой Сацыялістычнай Працы Сяргей Іванавіч Шклярэўскі, прадстаўнікі працоўных калектываў Случчыны, грамадскіх і прафсаюзных арганізацый, моладзь, вайскоўцы.

    Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) – свята нашай славы і годнасці, свята памяці пра мінулае, гонару за сучаснасць і надзеі на будучыню. Для ўсіх нас яно стала двайным сімвалам – сімвалам маладосці Беларусі і адначасова сімвалам тысячагадовай гісторыі беларускага народа, які шмат стагоддзяў захоўваў і абараняў сваю зямлю. Праз войны і разруху, праз голад і холад, праз кроў і слёзы многіх пакаленняў мы ішлі да незалежнасці.

    – Нам з вамі выпала ўнікальная магчымасць жыць у маладой незалежнай дзяржаве, умацоўваць яе магутнасць і абараняць суверэнітэт, – адзначыў Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі. – Сёння мы з пачуццём гонару, падзякі і смутку ўспамінаем усіх, хто падарыў нам будучыню, хто цаной цяжкіх выпрабаванняў, страты блізкіх або ўласнага жыцця абараніў сваю зямлю ад фашысцкага гнёту. Нашы дзяды і прадзеды, праявіўшы нязломны характар, адвагу і самаахвяраванне, здзейснілі вялікі подзвіг. Нізкі паклон і ўдзячнасць вам, ветэраны! Ваш подзвіг будзе жыць у нашых сэрцах як вялікі дар – магчымасць свабодна працаваць на роднай зямлі, выхоўваць дзяцей і ўнукаў на ідэалах дабра, сумленнасці і справядлівасці. Мы, беларусы, маем вялікую каштоўнасць – мір, спакой, згоду ў грамадстве. Давайце памятаць пра гэта, цаніць і берагчы нашы вялікія заваяванні.Толькі ў гэтым разе будзем годнымі подзвіга нашых продкаў, зможам перадаць незалежную Беларусь нашым дзецям і ўнукам.

    Ад імя Слуцкага раённага выканаўчага камітэта, Слуцкага раённага Савета дэпутатаў віншую вас з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Днём Рэспублікі). Жадаю моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту, поспехаў на карысць нашай мірнай, свабоднай роднай Беларусі. Са святам!

    Шчыра віншавала случчан са святам Валянціна Вітальеўна Ражанец. Яна  падзякавала ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, што пераадолелі нягоды жудаснай вайны мінулага стагоддзя, для нас адстаялі магчымасць мірна жыць на свабоднай зямлі. Наша маладая суверэнная дзяржава развіваецца, яе будучыня залежыць ад  кожнага з нас. Усім разам нам трэба клапаціцца пра тое, каб Беларусь была заўсёды нашым надзейным бяспечным домам.

    –  Здароўя і дабрабыту, мірных і шчаслівых дзён. Няхай вашы поспехі праслаўляюць Случчыну, – гаварыла В.В. Ражанец.

    Вучаніца 11 класа гімназіі №1, член Маладзёжнага парламента г. Слуцка Анастасія Басалыга зазначыла, што галоўная задача для моладзі – захаваць мір і спакой на зямлі, садзейнічаць развіццю моцнай і квітнеючай Беларусі.

    Мінутай маўчання ўшанавалі памяць загінулых за свабоду і незалежнасць краіны ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ускладзены кветкі, вянкі да Вечнага агню, брацкіх магіл, таксама да помніка Г.К. Жукаву, памятных знакаў воінам-інтэрнацыяналістам і воінам-вызваліцелям. Удзельнікі мітынгу ўрачыста прайшлі па вуліцах 14 Партызан, Леніна. У мерапрыемствах прынялі ўдзел і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Іван Нікіфаравіч Крывашэй, Міхаіл Ціханавіч Дзюба, Георгій Паўлавіч Каффка.

    На цэнтральнай плошчы горада прайшла святочная праграма «Табе, Беларусь, прысвячаю». У чарговы раз парадаваў канцэртнай праграмай ваенны духавы аркестр.

    На вуліцах горада працавалі творчыя пляцоўкі: майстар-класы, выстаўкі-продажы, фотазоны, падрыхтаваныя ўстановамі адукацыі і культуры раёна. Супрацоўнікі раённай цэнтральнай бібліятэкі, напрыклад,  падрыхтавалі цікавыя тэматычныя паліцы, прысвечаныя Году малой радзімы, якія знаёмяць з мінулым і сучаснасцю Случчыны. У гарадскім парку культуры і адпачынку – святочны канцэрт аматарскіх калектываў раёна, танцавальная праграма, выстаўкі дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Гандлёвыя арганізацыі, пункты грамадскага харчавання і перапрацоўчыя прадпрыемствы запрашалі случчан і гасцей горада пакаштаваць розныя прысмакі.

    Доўга ў гэты дзень гучалі над горадам песні ў выкананні слуцкіх артыстаў. А пасля заканчэння святочнага канцэрта «Квітней, мая Радзіма!» у 22.55 загучала: 

    Мы, беларусы – мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі…

    Случчане падтрымалі рэспубліканскую акцыю «Спяваем гімн разам». А потым неба над Слуцкам расквецілі рознакаляровыя фарбы феерверка.

    Автор: Ірына КАВАЛЕНКАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)