20 Апреля, 2024 Суббота

Выбраныя месцы з перапiскi

  • 09 октября 2018 Общество Русский 0

    Кожны дзень праз пошту нашай краіны праходзяць 150 тысяч лістоў, а ў перадсвяточныя дні — да 300 тысяч. Напісаныя ад рукі родным і блізкім пасланні складаюць 80 працэнтаў ад агульнай колькасці карэс­пан­дэнцыі. На­пярэдадні Сусветнага дня пошты, які адзначаецца сёння, карэспандэнт «Р» зазір­нула на вытворчасць «Мін­ская пошта», куды па­сту­паюць лісты з усёй краіны.

    Там, дзе гудзяць цягнікі, ля чыгуначнага вакзала, знаходзіцца будынак, куды кожны дзень па некалькі разоў дастаўляюць лісты для апрацоўкі. Усе яны праходзяць праз разумную лістасартавальную машыну. 24 гадзіны 7 дзён на тыдзень машына нястомна працуе, замяніўшы сартавальнікаў, ад якіх калісьці патрабавалася — уявіце — ведаць кожную вуліцу і дом, аддзяленне сувязі і арганізацыю, каб сваімі рукамі правільна накіраваць карэспандэнцыю па адрасе.

    Працуе машына ў цэху пісь­мовай карэспандэнцыі і гіб­рыднай пошты вытворчасці «Мінская пошта». Туды нас накіроўвае начальнік цэха Юлія Пахомава. Праходзім міма 27-метровай устаноўкі, якая вось-вось пачне размяр­коўваць лісты з неверагоднай хуткасцю.

    — Спачатку ідзе папярэдняе сартаванне — да раёна. Аператар сувязі ставіць на загрузачны стол перавернутыя ўверх адрасамі пісьмы з усёй краіны са скрыні: усіх памераў да А4. Затым уключае рэжым сартавання, — Юлія Пахомава прапануе пягладзець, што будзе далей. Канверты з неверагоднай хуткасцю «бягуць» па разнастайнай дарожцы, як гоначныя машынкі, кудысьці далей ад загрузачнага стала. — Кожны ліст аўтаматычна фатаграфуецца — праграмнаму забеспячэнню гэта трэба, каб па паказаным на канверце адрасе знайсці падабенства ў базе, пасля чаго машына прымае рашэнне, у якую ячэйку, гэта значыць у якое аддзяленне сувязі, трэба даставіць пісьмо.

    У механізме 240 назапаш­валь­нікаў — тых самых вочак, у якія праз элеватар трапляюць лісты. Машына па адрасах разумее, дзе менавіта павінен знаходзіцца канверт. Перш чым ён апынецца ў вочку, спецыяльны прынтар наносіць на канверт ззаду флуарысцэнтны код ліста: ледзь бачныя аранжавыя палоскі на залепленым згібе. Яны патрэбныя машыне для таго, каб падчас другога этапу сартавання не расшыфроўваць зноў напісаны адрас, а проста счытваць яго код. Калі ж назапашвальнікі запоўніліся лістамі, аператары сувязі кладуць канверты ў імянныя скрыні: лісты ў Баранавічы, у Віцебск і гэтак далей па напрамках. Пасля загружаюць у машыну на другі этап апрацоўкі — дэталёвы, дзе пісьмы сартуюцца на 4700 кірункаў — столькі ў нас даставачных аддзяленняў сувязі па ўсёй краіне. Машына размяркоўвае лісты аж да сумкі канкрэтнага паштальёна!

    — Сістэма разумее ўсе по­чыркі: рукапісныя і машынныя, лацінку і кірыліцу. Аднак мудрагелісты почырк праграма можа і не распазнаць. Тады на дапамогу прыходзяць аператары відэакадзіравання: распазнаюць адрас і адпраўляюць яго сістэме, — прыводзіць прыклад Юлія Пахомава.

    На перспектыву планы пошты грандыёзныя, кажа Наталля Пілецкая, начальнік вытворчасці «Мінская пошта»:

    — І звязаны яны, вядома, з тэхналогіямі. Мы нацэлены на ўкараненне ў працу электронных памочнікаў. Цяпер займаемся развіццём праекта з мабільнымі сродкамі для прадастаўлення сэрвісу фізічным асобам — нашы паштальёны хутка будуць з прыладамі, якія дазволяць прымаць заяўкі на розныя паслугі, аплачваць іх. Ужо цяпер кур’ерская служба абсталёўваецца неабход­нымі гаджатамі.

    Для зручнасці кліентаў уста­ноў­лены паштова-даведачныя тэрміналы, у якіх можна аплаціць мноства плацяжоў: АРІП, мабільны тэлефон, падпіску на газеты, часопісы і іншае. Пайшлі далей і ўстанавілі 40 смарт-прылад у некаторых мінскіх аддзяленнях: кліент можа сам узважыць, раздрукаваць штрыхкод для заказнога ліста, аплаціць і адправіць без касіраў і чэргаў. Карыстаюцца попытам у моладзі кругласутачныя паштаматы — так лягчэй і зручней забіраць пасылкі. Такіх прылад ужо 20 па краіне, 11 з іх — у Мінску. Апроч іншага, наша пошта супрацоўнічае з больш чым 8400 магазінамі, ІП, дастаўляючы пакупкі ва ўсе куткі краіны і за мяжу.

    Пошта— даўно не прыбітыя цвікамі скрыні. Гэта трэнда-выя боксы, добрыя паштальёны і аператыўныя паслугі.

    — Шмат працуем, каб нам давяралі. Злучаць людзей — місія пошты, якая застаецца нязменнай. Таму на перспектыву разглядаюцца варыянты выкарыстання квадракоптараў. Разлівы рэк, рамонт мастоў — усякае здараецца і паштальёны не заўсёды могуць дайсці да адрасата, — дадае Наталля Пілецкая.

    За мяжой поштай карыстаюцца актыўна практычна ўсе рахункі адпраўляюцца праз яе. Больш з’яўляецца і посткросераў — тых, хто адпраўляе паштоўкі — прывітанні з іншых краін. У нас гэта таксама модная тэндэнцыя.

    — Што такое пасланне ў месенджарах? Пытанне — адказ. А калі чалавек хоча нешта сказаць, то піша ліст, адпраўляе паштоўку. Нашы аператары сувязі ўжо па канверце бачаць, хто каму піша: хлопец дзяўчыне ці наадварот. Хтосьці духі выкарыстоўвае, кветачкі ад рукі намалюе. Дзеткі бабулям пішуць — гэта таксама мілыя яркія канверты, — прыводзіць прыклады Наталля Пілецкая. — Падтрымліваем акцыямі пісьмовыя пасланні. Вось з 11 кастрычніка стартуе акцыя да Дня маці. Хутка Новы год, і пацякуць ручайком лісты ад дзяцей з жаданнямі да Дзядулі Мароза. Кожнае з іх дойдзе да яго — мы пастараемся.

    kasel@sb.by

    Автор: Алина КАСЕЛЬРэспубліка
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)