16 Апреля, 2024 Вторник

Як астудзiць гарачыя галовы

  • 31 мая 2019 Общество 0

    Яшчэ не прыйшло лета з яго спякотнымі днямі, а на вадаёмах ужо гінуць людзі. Толькі за апошні месяц у краіне патанулі 32 чалавекі, чацвёра з якіх менавіта падчас купання. У ліку ахвяр — трое дзяцей, што ўпалi ў ваду. Нагадаем, трагічныя падзеі адбыліся ў Клімавіцкім раёне. Два браты са шматдзетнай сям’і — 6 і 13 гадоў — патанулі на вадасховішчы паблізу вёскі Собалеўка, а 13-гадовая дзяўчынка — у вапнавым кар’еры. Абодва гэтыя месцы забаронены для купання. Карэспандэнт «Р» наведала папулярныя, але забароненыя для купання месцы і даведалася, ці спыняюць аматараў водных працэдур забараняльныя надпісы на аншлагах. 



    Так выходзяць са становішча там, дзе пастаянна знішчаюць таблічкі.

    Спакуса адзіноты

    Толькі ў Мінску купанне забаронена ў 30 месцах. Ёсць такія нават на Цнянскім вадасховішчы, пляжы якога аблюбавалі многія гараджане. Так, нельга ісці ў ваду з берагоў «паўвострава», што знаходзіцца справа ад выратавальнай станцыі. 

    — Калі абсталяваныя пляжы ляжаць перед намі як на далоні, то процілеглы бок «паўвострава» мы ўвогуле не бачым, а дабрацца да яго на лодцы — справа не вельмі хуткая. Да таго ж берагі зараслі чаротам, асакой, хмызняком — што адбываецца ў высокай траве, не відаць, — расказваюць супрацоўнікі станцыі. — На ўездзе стаіць знак аб забароне купання, тым не менш жадаючых вельмі многа. На пляжах Цнянскага вадасховішча нельга піць спіртное, вось яго прыхільнікі і хаваюцца на «паўвостраве», а потым, разгарачаныя сонцам і градусамі, ідуць купацца. У спякотныя дні часта даводзіцца ратаваць нецвярозых плыўцоў.

    Супрацоўнікі Асвода не маюць права складаць адміністрацыйныя пратаколы за купанне ў забароненых месцах. Звычайна яны праводзяць з парушальнікамі выхаваўчую гутарку. Калі тыя згаджаюцца, што паводзілі сябе няправільна, і выходзяць з вады — інцыдэнт вычарпаны. Для ўздзеяння на непаслухмяных выклікаюць міліцыянераў. 


    Не спадзеючыся на паслухмянасць купальшчыкаў, ратавальнікі пастаянна абыходзяць «паўвостраў» на лодцы.

    На маторцы разам з матросамі-ратавальнікамі ідзём вакол «паўвост-рава», каб праверыць улюбёныя месцы купальшчыкаў-нелегалаў. Недалёка ад вадалазнага цэнтра МНС у вадзе, якая яшчэ даволі прахалодная, плешчацца мужчына. Па патрабаванні супрацоўнікаў Асвода ён падплывае да берага, а я дзіўлюся, чаму тут нельга купацца: падыход зручны, прасвечвае праз ваду жоўценькі пясочак, значыць, мелка...

    — Вельмі дрэннае месца! — быццам чытае мае думкі супрацоўнік Асвода. — Гэта не пясочак, а гравій з глінай. У мінулым годзе тут паслізнуўся дарослы мужчына, а побач, вось бачыце, дзе цёмная вада, глыбіня ўжо каля 8 метраў. Відаць, напалохаўся, рот раскрыў, вада хлынула... Патануў, небарака, імгненна ды яшчэ на вачах уласнай жонкі...

    Выгнаны з вады мужчына згаджаецца, што дно тут, сапраўды, слізкае, і, сабраўшы адзенне, хутка знікае ў хмызняку. 

    Дарэчы, у канале, які ўваходзіць у сістэму Цнянскага вадасховішча, таксама купацца нельга: ён моцна заглеены, дзе-нідзе нават закіданы будаўнічым смеццем.


    З парушальнікам правядуць выхаваўчую гутарку.

    Качкі ў чароце

    Забаронена купацца і ў Сеніцкім вадасховішчы. Гэта даволі буйны вадаём, берагі яго амаль паўсюдна параслі чаротам, у якім гняздзяцца качкі. Якасць вады не адпавядае санітарным нормам, нягледзячы на гэта, у спякоту тут адпачывае многа людзей, хапае і купальшчыкаў. Праўда, зараз сонца зацягнулі хмаркі, так што на вадаёме нікога няма. Толькі двое мужчын з бутэлькамі піва размаўляюць, паглядаючы на ваду. Не выключана, што хутка пойдуць плаваць...

    На плітах па берагах вадасховішча яркай фарбай велізарнымі літарамі напісаны грозныя перасцярогі: «Купанне забаронена!», «Стоп!». Верагодна, такім шляхам пайшлі мясцовыя ўлады з-за таго, што адпаведны шчыт нейкія вандалы пастаянна знішчаюць. Вось і зараз на яго месцы тырчыць толькі адзінокі слуп. Між тым нядаўна менавіта тут, якраз каля аншлага, патануў 15-гадовы падлетак. Старэйшы сябар, з якім адпачываў на беразе хлопчык, намагаўся яго выратаваць, але не здолеў. Цела юнака паднялі з вады супрацоўнікі МНС. 

    Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што вадасховішча не надта глыбокае, але ёсць у ім «пасткі»: каля дваццаці метраў ад берага можна прайсці па пояс у вадзе, а потым знянацку зваліцца з двухмятровага абрыва. 


    Па стане на 1 мая на водных аб’ектах краіны вызначаны 441 пляж і 1452 месцы, забароненыя для купання. 

    — На працягу сезона гэтая лічба можа змяняцца, — папярэджвае Сяргей Патрыкееў, начальнік аддзела вадалазна-выратавальнай службы Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах. — Зрэшты, любы грамадзянін мае права адпачываць там, дзе хоча, за выключэннем месцаў, афіцыйна забароненых. У нашай краіне больш за 10 тысяч азёр, больш за 20 тысяч рэк. Зразумела, што ратавальнікаў усюды не паставіць, а купанне паўсюдна не забараніць. Выяўляюцца месцы, дзе збіраецца вялікая колькасць людзей. Калі яны не даследаваны, належным чынам не абсталяваны і нясуць патэнцыйную небяспеку, мясцовымі органамі ўлады па хадайніцтву Асвода прымаецца рашэнне аб забароне купання. У адпаведнасці з Водным кодэксам у месцах, дзе нельга купацца, неабходна ўстанавіць аншлагі i паведамiць аб гэтым у сродках масавай інфармацыі і на сваіх афіцыйных сайтах. 

    Такім чынам, купацца ў нас можна паўсюдна. Варта толькі памятаць, што ў некаторых месцах за водныя забавы давядзецца заплаціць: у лепшым выпадку грашыма — штраф у памеры ад адной до трох базавых велічынь (25,5—76,5 рубля). Калі не пашанцуе — жыццём. Верагодна, гэта добра запомнілі шасцёра дарослых і двое дзяцей, якіх у маі паспелі выратаваць, а таксама 711 чалавек, што атрымалі папярэджанне аб рызыцы купання ў забароненых месцах ад супрацоўнікаў Асвода. 
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)