19 Апреля, 2024 Пятница

Запрашэнне на баль

  • 07 июня 2019 Общество 0

    Касцюм, сукенка, туфлі, прычоска, макіяж, сумачка... Як думаеце, колькі каштуе прыбраць школьніка на выпускны? Ці можна дагадзіць і дзіцяці, і кашальку? Каб адказаць на гэтае пытанне і даведацца, што падабаецца моладзі, «Р» адправілася з 17-гадовымі Аняй і Даніілам па крамах. 


    Аня: «Усюды магчыма знайсці тое, што можна надзець на свята. Галоўнае — шукаць». 
     

    «Абцасы? На іх жа нязручна»

    Мы сустрэліся з Аняй Літвіненко і Даніілам Камаровым, вучнямі школы № 27 Мінска, на станцыі метро «Якуба Коласа». Свае ўборы яны купілі ўжо ў сярэдзіне мая. Аня, дарэчы, збіраецца паступаць у БДУ на эканамічны факультэт і, як аказалася, не аматар «шопіцца». А вось Даніілу, які плануе пакараць дызайн на факультэце сацыяльнай камунікацыі БДУ, гэта цікава. 

    — Мы глядзелі вопратку з бацькамі ў адным з гандлёвых цэнтраў. Там шмат добрых модных крам, вялікі выбар,— тлумачыць Данііл і хуткім рухам рукі адкрывае ў галерэі смартфона фота: у яго будуць чорныя завужаныя штаны і паласатая чорна-белая кашуля, чорныя туфлі. Каштавала гэта 360 рублёў. — Некаторыя нашы сябры таксама там апраналіся. 

    Аня купіла ў той жа краме сабе — увага! — не сукенку, а касцюм.

    — Ён з тоўстай тканіны. Прычым касцюм — штаны і пінжак — не ў камплекце, а падбірала сама. Пад пінжак купіла белую блузку, — Аня не паспявае дагаварыць, перабіваю: «Гэта што, на лінейку ў школу ўбор?!» — Чаму? Гэта стыльна. Пад усё гэта ў мяне белыя красоўкі. Таму што ў туфлях, па-першае, нязручна, па-другое, мне ўрач забараніў. Агульная сума маіх пакупак — 300 рублёў. 

    Што з прычоскай? Яе Аня будзе рабіць у знаёмага цырульніка, таму кошт невялікі. А вось макіяж зро­біць самастойна: «І я не буду вельмі фарбавацца». Дарэчы, цэны на прычоскі і макіяж цяпер у салонах і цырульнях да свята каштуюць у сярэднім 120 рублёў. Манікюр — ад 20 да 50 рублёў. 
    Заходзім у першы магазін.

    — Такое дакладна нават не буду мераць, — Аня глядзіць на ружовую сукенку да падлогі за 350 рублёў з непрыязнасцю. — І гэта не вельмі...

    Яна ўжо гаворыць пра бірузовую сукенкі з адкрытымі плячамі за 299 рублёў. Аказваецца, абаім героям не падабаюцца яркія колеры. Па душы ім прыглушаныя і натуральныя — гэта значыць, не адценні сіняга, а сіні. Не ружовы, а чырвоны.

    Праходзім некалькі крам, але погляд нашых выпускнікоў наогул ні за што не чапляецца. Вось хіба што Даніілу спадабаліся для Ані белыя штаны з чорнай палоскай. Але яна толькі пакруціла носам. 

     Чорныя, пудравыя і нюдавыя

    Даніілу падабаюцца касцюмы, але «тройкі» — не.
    Нагледзелі Даніілу касцюм. Але спадабаліся яму ў ім толькі штаны. Кошт — ад 50 да 90 рублёў.

    — А з чаго яны? — удакладняю.

    — З чаго трэба будзе, — падміргвае прадавец. — Вядома, з тканіны. Тут бавоўна, эластан. Падбяром і пінжак. Цана — 80—120 рублёў. Турэцкія дакладна на вашага хлопчыка, а кітайскія — па запясце. Ручкі ў хлопца доўгія. Вось ёсць кашулі добрыя: ад 45 да 65 рублёў. Што бяруць выпускнікі? Тыя, што з мамамі прыходзяць, — касцюмы-тройкі. А без мам — тое, што сапраўды будуць потым насіць.

    Даніілу спадабаліся штаны і кашулі, і гэта ўжо добра. Тым часам знайшлі нарэшце абутак. Дэрма­цінавыя туфлі з рознымі абцасамі — 69—99 рублёў. Ані не падабаюцца. Рухаемся далей. Знаходзім скураныя, на абцасе: сярэдняя цана — 150 рублёў. Наша дзяўчынка кажа, што яе сяброўкі ўзялі такія на выпускны: пераважна выбіралі лакавыя або замшавыя — чорныя, пудравыя і нюдавыя.

    Заўважылі кашулі для Данііла. Белыя — ільняныя, баваўняныя... Паварочваем цэннік — 317 рублёў. «Гэта Італія»,— расцягвае важнае слова прадавец. Мы адыходзім.

    Далей — касцюмы-тройкі. Да­ніілу не спадабаліся менавіта з-за камізэлькі. У сярэднім такі касцюм каштуе 345 рублёў, толькі пінжак 140. 

    О, бачым жаночы камбінезон з доўгімі штанамі. Аня кажа, што аднакласніцы такія таксама бралі. Тут кошт за такую радасць 160 рублёў, а без зніжкі — 220. Прапанавалі нам сукенкі за 70 і 120 рублёў у бірузовых, ружовых, блакітных колерах. 

    Ідзём на крыты рынак, а дзеці рэзюміруюць: у такіх, ужо забытых моладдзю ГЦ, як той, дзе мы прайшліся, ёсць рэчы, што дакладна не будуць на іншых юнаках і дзяўчатах — яны наведваюць модныя мас-маркеты. Дарэчы, а ў інтэрнэце рэчы купляюць?

    — Часта выбіраем усё ў інтэрнэце, а потым едзем глядзець на месца: усё ж лепш прымяраць на сабе, — кажа Данііл. 

    А мы ўжо прыйшлі на рынак. На манекенах Ані спадабаліся, па сутнасці, толькі касцюмы, якіх тут шмат. За пінжак у сярэднім просяць 65 рублёў, за штаны — 45. Матэрыялы — віскоза і стрэйч. На кожны касцюм гатовыя даць зніжку ў 5—10 рублёў. Але знайшлі мы касцюмы і за 80 рублёў.

    Увогуле, дзецям не надта спадабаліся расфарбоўкі і якасць прапанаваных убораў. Дарэчы, на рынку для Данііла мы мала што знайшлі — для дзяўчынак выбар большы. Вось што адрознівае рынак ад крамы, дык гэта разнастайнасць колераў і яркіх рэчаў. Таму Аню пераапрануць у нас не атрымалася. Як і пера­абуць: шмат тут абутку на адзін сезон, напрыклад за 55 рублёў з дэрмаціну. Сукенкі да падлогі каштуюць ад 120 рублёў да 300. 

    — Я б у такой сукенцы не змагла станцаваць вальс, — кажа Аня.

    Завужаныя штаны

    На чарзе — адзін з цэнтральных універсальных магазінаў. Спачатку мужчынскі аддзел. На манекене пінжак за 171 рубель, штаны за 66. Даніілу гэта здаецца пакуль занадта афіцыйным, ды і клетка не ў трэндзе. Вось калі б аднатонны... Мы «плывём» у моры пінжакоў, штаноў. Выбар велізарны, таму просім дапамогі кансультантаў. Выбралі ў выніку чорны да таліі пінжак і штаны беларускай вытворчасці — за ўсё 239 рублёў. Нам дапамагаюць знайсці яшчэ адзін касцюм — каштуе 210 рублёў. Кашулі — у сярэднім да 40 рублёў. Касцюм-тройка, які больш-менш спадабаўся Даніілу, — 278 рублёў.

    Адразу відаць, хто хутка будзе разбіваць жаночыя сэрцы: Данііл выйшаў з прымерачнай. Белая кашуля, штаны, пінжак — усё класічнае. Аня паціскае плячамі — нармальна. Даніілу спадабаўся касцюм, але штаны ўсё ж завузіў бы. Наступны касцюм, які спадабаўся, каштуе 217,5 рубля. Увогуле, калі б купляў, то можна было б браць, кажа Данііл. Знайшлі тут для яго скураныя чаравікі — ад 92 рублёў да 180. Яму спадабаліся чорныя за 137 рублёў. 

    Жаночы аддзел. Нарэшце! Знайшлі касцюм для Ані: пінжак — 182 рублі, штаны — 89. Усё нашай вытворчасці. На жаль, не было патрэбнага размеру. Глядзім сукенкі, але выбар менавіта на выпускны вечар невялікі. Кансультант тлумачыць: «Усё ўжо даўно раскупілі». Сукенкі тут каштуюць ад 80 да 215 рублёў. Спадабаліся Ані за 80 і 101 рубель. Туфлі таксама знайшлі, але ўсе на абцасах — ад 110 да 180 рублёў.

    Японскі... дызайнер

    Мы ідзём насустрач дарагім буцікам і дызайнерскім шоурумам. Першы прыгожы магазін дэманструе сукенкі за 1250 і 560 рублёў. Але Аня іх не заўважае — вунь жа касцюм! Жакет ад яго каштуе 1190 рублёў, штаны каля 400... Глянем абутак з Іспаніі. Чаравікі са стразамі падабаліся Ані да таго часу, пакуль не зірнулі на кошт — 726 рублёў. Для Данііла чаравікі з Італіі за 1190 рублёў! Яму не спадабаліся.

    Аня Літвіненко і Данііл Камароў свае ўборы на вечар купілі яшчэ ў сярэдзіне мая. 

    Яшчэ адзін мульцібрэндавы буцік на вуліцы Нямізе — сукенка за 1680 рублёў, іншая — за 4280. «Гэта японскі дызайнер, — кажа кансультант. — Усе сукенкі эксклюзіўныя, ёсць толькі ў некалькіх размерах». З пер’ем, бліскаўкамі, стразамі, з празрыстых тканін каштуюць ад 1100 да 4500 рублёў. Заходзім у іншую краму. Нерэальнай прыгажосці сукенкі! Кансультант з ходу тлумачыць, што вось гэтая — за 2104 рублі, яе трэба апранаць з грубым абуткам, а вось гэтая — за 1020 рублёў, вельмі модная за кошт аблягаючай спадніцы і вялізнага банта на грудзях. Аня нават не адважваецца прымераць. Таму ідзём у краму беларускага дызайнера. Тут ёсць сукенкі для выпускнога вечара за 400—500 рублёў у пяшчотных ружовых, белых тонах. Кансультант кажа, гэта ўсё, што засталося. Ані і Даніку, у прынцыпе, усё спадабалася. Акрамя кошту. Мы выходзім трохі засмучаныя, але ў той жа час спакойныя: добра, што касцюмы ў іх даўно купленыя. Аня і Данік рэзюміруюць:

    — Некаторыя з нашых сяброў шылі ўборы — 300—400 рублёў выйшла. Нехта браў у арэнду, іншыя куплялі, але дакладна не так дорага. Наш выбар нас задавальняе: у нас камфортныя, прыгожыя рэчы, якія не спустошылі кашалёк бацькоў.

    МЕРКАВАННЕ

    Алена ЛАТЫШАВА, сты­ліст-імідж­мейкер:

    — Выбраныя ўборы Ані і Данііла — цікавыя, яны супа­даюць з тэндэнцыямі. Калі раней выпускны для дзяўчат — сукенкі, а для хлопцаў — касцюм, то зараз гэтага неабавязкова прытрымлівацца. Няма ніякіх строгіх правілаў. Дзяўчаты цяпер носяць на такія вечары камбінезоны, касцюмы, сарафаны і лёгкія, даволі простыя сукенкі, а вобраз дапаўняюць упрыгажэннямі: завушніцамі, заколкамі і іншым. Хлопцам таксама неабавязкова апранаць класічныя туфлі. Касцюм і красоўкі? Выдатна! Зараз у стылі стаўка на камфорт. Вяртаецца мода 1980-х, 1990-х: адтуль ідуць сукенкі-камбінацыі і касцюмы. Выбар для дзяўчат апошняга паказвае, што яны адчуваюць сябе смела, самадастаткова. Якія колеры ў модзе? Спакойныя: пас­тэльныя, нюдавыя, прыпудраныя. Прычоскі: цалкам сабраныя назад валасы або прамыя, гладкія. Зараз важна кіравацца сваім пачуццём густу, прыгожага. Галоўнае — добра падабраць па фігуры, характары, каларыце таго, хто вопратку апранае. Убор на выпускны для маладых людзей павінен быць толькі агранкай іх унутранай і знешняй прыгажосці.

    kasel@sb.by

    Фота аўтара i Аляксея ВЯЗМІЦІНАВА
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)