10 Мая, 2024 Пятница

Республиканский парамоторный слет прошел в небе над Пружанами

  • 22 мая 2015 Спорт Беларуская 0

    Нягледзячы на няўстойлівае надвор’е і сумненні арганізатараў у тым, што параматорны фестываль, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі, адбудзецца, субота ўсё-ткі падарыла неабходнае «акно» і ў небе над Пружанамі загучалі маторы дэльталётаў і парамотапланаў.

    Гэта быў першы злёт апантаных мотапарапланерыстаў і мотадэльтапланерыстаў, якіх аб’яднае маладая (створаная два гады таму) Беларуская парапланерная федэрацыя. Дагэтуль падобных форумаў спартсмены нашай краіны не праводзілі і ўпершыню разам сабраліся менавіта ў Пружанах. Значную падтрымку арганізатарам мерапрыемства аказалі раённыя ўлады і аддзел адукацыі, спорту і турызму пры актыўнай падтрымцы аграсядзібы «Гасцінны двор».

    У Пружаны на фестываль з’ехаліся больш за тры дзясяткі чалавек, кожны з якіх не толькі прывёз усё неабходнае абсталяванне для таго, каб пракласці дарогу ў мясцовае неба, але і прадэманстраваў свае ўменні і навыкі. Бо злёт праводзіўся ў выглядзе спаборніцтваў з вызначэннем сваіх лідараў. Як і было абвешчана, урачыстае адкрыццё прайшло своечасова, але ўбачыць авіяцыйнае шоу гледачы змаглі толькі праз некалькі гадзін, калі сціх вецер. У гэты прамежак часу ўвагу ўсіх прысутных прыцягваў лёгкаматорны самалёт, якім кіраваў пілот-акрабат з Пінска Сяргей Завадскі. Ён жа пакатаў у небе над Пружанамі ўсіх жадаючых і паказаў складаныя паветраныя віражы, выклікаючы шквал апладысментаў на зямлі. Таксама гледачы мелі магчымасць паглядзець на дзіўную тэхніку ў непасрэднай блізкасці, пагаварыць з яе ўладальнікамі аб нюансах набыцця і кіравання і зрабіць на яе фоне сэлфі.

    Калі ўмовы надвор’я сталі аптымальнымі, і астатнія пілоты прыступілі да авіяцыйнай акрабатыкі. Яны павінны былі паказаць дакладнасць пры бомбакіданні з трапленнем з вышыні ў 100 метраў (прыкладна 30-павярховы дом) у цэль, памерамі 10 на 10 метраў. Потым прадэманстраваць навыкі прызямлення на вызначаны ўчастак з выкананнем патрабуемых стандартаў. Пасля падліку набраных балаў былі вызначаны пераможцы, якія атрымалі граматы ад аддзела адукацыі, спорту і турызму Пружанскага райвыканкама. Для многіх спартсменаў такая ўзнагарода стала першай.

    Пасля абавязковай праграмы найбольш трывалым гледачам былі прапанаваны і адвольныя забавы ў выглядзе палёту на мотадэльталёце над пружанскімі кварталамі. Такім чынам, задаволенымі і поўнымі ўражаннямі засталіся ўсе.

    Напрыканцы мерапрыемства мы задалі некалькі пытанняў аднаму з арганізатараў авіяцыйнага шоу У.В.Андрэеву:

    — Ці складана было задумаць і сабраць?

    — Аказалася, што вырашаць неабходна вельмі многа пытанняў, і калі б не раённыя ўлады, то сваімі сіламі мы наўрад ці змаглі дабіцца такіх вынікаў. Асаблівую падзяку ад спартсменаў і федэрацыі я хачу выказаць намесніку старшыні райвыканкама М.П.Кудраўцу, спецыялісту аддзела адукацыі, спорту і турызму С.М.Шчыпанаву і старшыні ААТ «Э/база Белавусаўшчына» М.А.Сцепанюку, разам з якімі мы і пераадолелі ўсе складанасці.

    — Відавочна, што фестываль прынёс вам толькі прыемныя ўражанні. Ці варта чакаць, што ён стане традыцыйным?

    — Скажу нават больш: перад правядзеннем злёту мы атрымалі інфармацыю аб розных пляцоўках па ўсёй Беларусі. І найбольш аптымальныя ўмовы вызначаны менавіта на Пружаншчыне. Таму ў нашых планах на гэтай пляцоўцы збірацца кожны год. Радаваць і сябе, і жыхароў горада.

    Алег Сідарэнка, фота Сяргея Талашкевіча.

    Автор: Олег СидоренкоРаённыя будні

Комментарии (0)