Вальшчык Жалаўскага лясніцтва Аляксандр Сенюкоў у лясной гаспадарцы шчыруе амаль дваццаць гадоў. Яго смела можна назваць прафесіяналам сваёй справы.
Мужчына кожны раз дэманструе высокі клас валодання бензапілой у раённых спаборніцтвах лесарубаў. Калісьці поспехам скончылася самае першае яго такое выступленне. Успамінае, тады стаў трэцім спачатку ў раёне, а пасля і на занальным этапе. Сваім настаўнікам называе Фёдара Усіка з Ямінскага лясніцтва. Цікава, што зараз даводзіцца з ім бароцца за перамогу ў адным страі. Сенюкоў неаднаразова прадстаўляў любанскі край і на вобласці. Менавіта там аднойчы пазнаёміўся з бярэзінскім калегам Сяргеем Шкудровым – чэмпіёнам сусветнага ўзроўню.
А не так даўно ў Вежанцы адбыліся чарговыя раённыя спаборніцтвы вальшчыкаў. Для Аляксандра Сенюкова яны сталі ўжо трынаццатымі па ліку. У іх выступілі 15 мужчын з усіх васьмі лясніцтваў, як навічкі, так і пастаянныя ўдзельнікі. Кожнаму з іх давялося паказаць сваё майстэрства ў пяці аперацыях – валцы (дзея адбывалася на адной з дзялянак у Асавецкім лясніцтве), абрэзцы сучкоў, мантажы пілы, распілоўках дакладнай і камбінаваным рэзам.
Падчас пастраення наказ лесарубам даў галоўны ляснічы Валерый Сухнат. Ён парэкамендаваў ім пры выкананні работы здолець захаваць раўнавагу паміж хуткасцю і якасцю.Сёлета на спаборніцтвах Аляксандр Сенюкоў ізноў змог утрымаць лідарскі радок – выйшаў пераможцам у асабістым заліку. Ён стаў першым у абрэзцы сучкоў (дзе прадэманстраваў не проста добры, а цудоўны вынік), мантажы пілы (паказаў звычайны для сябе час) і распілоўцы камбінаваным рэзам. У многім дзякуючы гэтаму ў агульнакамандным заліку наперад вырвалася Жалаўскае лясніцтва, якое ўзнагароджана спецыяльным прызам – радыёпрыёмнікам.
Другое месца заваяваў Сяргей Лучыновіч з Малагарадзяціцкага лясніцтва. Яму не было роўных у валцы. Трэцяе месца аддадзена Фёдару Усіку. Варта таксама дадаць, што ў дакладнай распілоўцы вызначыўся Уладзімір Кукраш з Любанскага лясніцтва. А вось сярод юніёраў удача была на баку Аляксандра Засулевіча з Соснаўскага лясніцтва. Дарэчы, на спаборніцтвах той выступаў у пары са сваім бацькам.
Комментарии (0)