23 Апреля, 2024 Вторник

Полацк едзе! З 16 да 22 верасня ў Полацку прайшоў Еўрапейскі тыдзень мабільнасці

  • 28 сентября 2015 Спорт Беларуская 0

    Першым сярод гарадоў Беларусі падпісаўшы Пагадненне мэраў і Хартыю аб удзеле ў Еўрапейскім тыдні мабільнасці, наш горад працягвае па­даваць прыклад у рабоце па паляпшэнні экалагічнага становішча. З 16 да 22  верасня ў Полацку прайшоў Еўрапейскі тыдзень мабільнасці — дарэчы, у добрай кампаніі: удзел у гэтай акцыі прымаюць больш за тысячу гарадоў, у тым ліку Лондан, Стакгольм, Мадрыд…

    Сумесна з мясцовым фондам са­дзей­нічання развіццю міжна­роднага дыялогу і су­пра­цоўніцтва «Інтэракцыя», полацкім велабізнесам, СМІ і пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза ўлады Полацка імкнуцца да лепшага змяніць родны горад, прапануючы жыхарам па-новаму паглядзець на спосабы руху. «Прыняўшы ўдзел у Тыдні, мы ў чарговы раз даказалі, што Полацк — горад перадавых рашэнняў. Упэўнены, што мы паспяхова завяршым праект «Ад энергаэфектыўнасці да гарадской мабільнасці» і тым самым удасканалім погляды палачан на экалогію», — адзначыў першы намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Сяргей Лейчанка.

    У дзень адкрыцця Еўрапейскага тыдня мабільнасці ля галоўнага корпуса райвыканкама ўстаноўлена велапаркоўка. Канструкцыя, вырабленая на прадпрыемстве «Тэхналіт Полацк», ветліва чакае аматараў веласіпедаў! Транспартныя праблемы трэба вырашаць разам. Арганізатары акцыі прадугледзілі магчымасць для кожнага палачаніна выказаць свае заўвагі — на працягу ўсяго Тыдня мабільна­сці па праспекце Францыска Скарыны, 13, працавала «мабільная скрыня», у якую любы жыхар горада мог апусціць аркуш са сваёй прапановай.

    — Па напаўненні цікавымі мерапрыемствамі Еўрапейскі тыдзень мабільнасці Полацк, напэўна, дасць фору ўсім удзельнікам акцыі, — адзначыў кіраўнік праекта па распрацоўцы Плана мабільнасці Антон Раднянкоў.

    Абмеркавалі разам

    У «Дзень адкрытых абмеркаванняў» у Полацку прайшоў семінар для маладых лідараў, тэмай якога стаў іх эфектыўны ўдзел у вырашэнні гарадскіх праблем. Каму, як не моладзі, клапаціцца пра будучыню Полацка?

    А прадстаўнікі полацкіх прадпрыемстваў тым часам абмяркоўвалі, як зрабіць працоўныя паездкі больш камфортнымі. Праект па распрацоўцы Плана ўстойлівай гарадской мабільнасці прадставіла мясцовы праектны асістэнт Анастасія Адамовіч, свае прапановы ўнёс спецыяліст Белару­скай асацыяцыі экспертаў і сюрвейераў на транспарце Міхаіл Шчыпцоў.

    З тым, што кіраўні­цтва прадпрыемстваў можа прапанаваць працаўнікам больш зручныя спосабы дабірацца да працы, згадзіліся ўсе. І, магчыма, у хуткім часе каля кожнай адміністрацыйнай установы будзе абсталявана велапаркоўка…

    Усе  па  веласіпедах!

    Самымі актыўнымі падчас Еўрапейскага тыдня мабільнасці сталі «мабільныя выхадныя». Напэўна, найбольш адказным і сур’ёзным мера­прыемствам з усіх запланаваных стала прэзентацыя работы над Планам устойлівай гарадской мабільнасці — новай транспартнай стратэгіі горада. Праект рэалізуецца ў нашым горадзе Полацкім райвыканкамам і фондам «Інтэракцыя» пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Спецыялісты распавялі ўсім прысутным пра тое, якім стане наш горад па завяршэнні першага (2020 год) і другога (2030 год) этапаў рэалізацыі плана.

    Зручнай магчымасцю пацікавіцца, дзе і якія будуць веладарожкі, аўтобусныя прыпынкі і дарожныя развязкі, скарысталіся многія палачане. Тым больш, што інфармацыю на адмысловых стэндах маглі растлумачыць спецыялісты: павільён для грамадзянскага абмеркавання працаваў цэлы дзень.

    А тым часам тут жа, на плошчы Свабоды, ладзіліся велаконкурсы для самых хуткіх і лоўкіх, працавала дзіцячая пляцоўка-майстэрня, прайшоў майстар-клас па рамонце веласіпедаў і яшчэ шмат чаго іншага. Павесялілі ўдзель­нікі велакарнавалу — яны ўпрыгожылі і сябе, і сродкі перамяшчэння хто як мог. Былі тут і Мальвіна, і Баба-Яга, і Зебра… У выніку самым прыбраным прызнаны Банан з імем Аляксей, а самым хуткім у адпаведным заезде стаў Бураціна з імем Серж. Але станоўчыя эмоцыі атрымалі ўсе: і самі ўдзель­нікі, і іх групы падтрымкі.

    На «веліку» на урок

    Соф’я Дыдо, вучаніца 4 класа СШ №6, на «веліку» ездзіць з дзяцінства. Навучыла яе матуля Таццяна — яна ж і суправаджала дачку на заняткі, калі ў межах Еўрапейскага тыдня мабільнасці вучням шостай школы прапанавана прыехаць на ўрокі на веласіпедзе.

    «Прыкольная ідэя!», — узрадавалася дзяўчынка. «Нам, хто жыве побач, вельмі зручна адпраўляць дзяцей у школу менавіта такім чынам. Галоўнае, каб былі бяспечная дарога і месца, дзе можна пакінуць веласіпед», — дадала яе маці.

    Соф’я і яшчэ больш за трыццаць хлопцаў і дзяўчат атрымалі ад арганізатараў адмысловыя майкі і чахлы для сядзенняў сваіх «двухкалёсных сяброў». А для самых маленькіх прэзентавана акцыя «ZOOM», дзякуючы якой школьнікі вывучаць уплыў транспарту на экалогію, а таксама змогуць адправіць свае ідэі і пажаданні ўдзельнікам сусветнай кліматычнай канферэнцыі ў Парыжы. Усё, што для гэтага трэба, — збіраць «зялёныя крокі» (спецыяльныя налепкі), калі ходзіш пешшу, ездзіш на веласіпедзе ці грамадскім транспарце.

    — Спадзяюся, хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць пераканаць бацькоў менш выкарыстоўваць прыватныя аўтамабілі. А гэта —  спосаб зменшыць колькасць пробак і знізіць загазаванасць паветра, — падкрэсліла менеджар фонду «Інтэракцыя» Святлана Паддубная.

    Автор: Аліна БальшаковаПолацкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)