19 Марта, 2025 Среда

Біятлон – спорт на ўсё жыццё

  • 28 сентября 2015 Спорт Беларуская 0

    Гісторыя біятлону ў Беларусі налічвае ўжо амаль 60 гадоў. Зараджаўся ён у вайсковых падраздзяленнях гонкамі ваенных патрулёў, а зараз гэта адзін з самых папулярных, масавых і займальных відаў спорту, якія развіваюцца ў нашай краіне. І вельмі прыемна, што Навагрудчына ў гэтым вялікім арганізме пад назвай “беларускі біятлон” займае даволі важнае месца. ДЮСШ прафсаюзаў па зімовых відах спорту і СДЮСШАР № 1 на працягу многіх гадоў рыхтуюць юных біятланістаў для нацыянальнай зборнай, а на спартыўнай базе ў в. Сялец штогод ладзяцца спаборніцтвы рознага ўзроўню, у тым ліку і рэспубліканскія.

    Так, на мінулым тыдні на Навагрудчыне адбылося адкрытае першынство Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства (БФСТ) “Дынама” па летнім біятлоне сярод юнакоў і дзяўчат, прысвечанае 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, на прызы старшыні камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ) Рэспублікі Беларусь. Удзельнікамі спаборніцтваў сталі юныя спартсмены з сямі спартыўных устаноў  Гро­дзенскай, Магілёўскай, Віцебскай абласцей і г. Мінска.

    Падчас урачыстага адкрыцця першынства ўдзельнікаў віталі намеснік старшыні КДБ Рэспублікі Беларусь генерал-маёр І.Я. Бусько і старшыня райвыканкама А.М. Маркевіч.

    І.Я. Бусько падкрэсліў, што ў першынстве, якое даўно стала традыцыйным, маладым спартсменам цікава прымаць удзел. Ён нагадаў пра важнае біятлоннае мерапрыемства “Гонку легенд”, якое праходзіла ў Раўбічах пад дэвізам: “За мір!”, што вельмі значна і важна для нас, нашай краіны і для забеспячэння міру ва ўсім свеце. Ігар Яўгеньевіч выказаў упэўненасць, што многія з  маладых удзельнікаў спаборніцтваў пражывуць вялікае біятлоннае жыццё, стануць чэмпіёнамі Беларусі, потым чэмпіёнамі Еўропы, свету і алімпійскіх гульняў. І пасля завяршэння сваёй біятлоннай кар’еры абавязкова прымуць удзел у традыцыйным мерапрыемстве ў Раўбічах “Гонка легенд”. Напрыканцы ён пажадаў юнакам і дзяўчатам поспехаў і доўгага спартыўнага жыцця.

    – Вельмі прыемна, што мы не парушаем добрай традыцыі і наша Навагрудчына ў чарговы раз гасцінна сустракае маладых спартсменаў – будучае біятлона нашай дзяржавы, – падкрэсліў А.М. Маркевіч. – Дарагія рабяты, сёння, я ўпэўнены, кожны з вас ганарыцца тым, што прадстаўляе свой рэгіён, бо вы – лепшыя. А хваляванне, якое вы адчуваеце, знікне як толькі вы выйдзеце на старт, каб пазмагацца за перамогу ў гэтым першынстве. Паспяховага вам старту, добрага фінішу і няхай пераможа мацнейшы!

    Акрамя таго, у адкрыцці спаборніцтваў прынялі ўдзел начальнік упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці А.А. Церахаў, начальнік Навагрудскага міжраённага аддзялення КДБ па Гродзенскай вобласці А.І. Калоша, намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыйнай структуры БФСТ “Дынама” А.І. Козіч, спецыяліст вучэбна-спартыўнага аддзела БФСТ “Дынама” Ж.У. Песцерава, намеснік старшыні райвыканкама С.М. Каралько. Завяршылася цырымонія адкрыцця сімвалічным уручэннем караваяў камандам удзельнікаў.

    У рамках спаборніцтваў адбыліся індывідуальныя і спрынтарскія гонкі сярод юнакоў і дзяўчат 1998 г.н. і маладзей на дыстанцыях ад 3 да 7,5 км. У індывідуальнай гонцы ўдзел прынялі 69 спарт­сменаў, у спрынце – 59. Гонар Гродзенскай вобласці абаранялі навучэнцы аддзялення біятлону Лідскага філіяла Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву, выхаванцы Гродзенскай міжраённай ДЮСШ прафсаюзаў па зімовых відах спорту і Навагрудскай СДЮСШАР № 1.

    У індывідуальнай гонцы ў сваіх узроставых катэгорыях пераможцамі сталі Аляксандр Фісэнка і Ула­дзіслаў Сёмкін, другое месца занялі Андрэй Кашырэц, Антон Шыдлоўскі і Анастасія Касьян, ІІІ месцы ў Артура Васілька, Міхаіла Кісляка і Дар’і Клешч. У спрынце лепшыя вынікі ў сваіх катэгорыях паказалі Віялета Ерамей, Антон Шыдлоўскі, Андрэй Гаўраш і Кацярына Васюкевіч, другое месца занялі Андрэй Кашырэц, Мікіта Анішчык і Анастасія Касьян, трэцяе месца ў Іллі Жыгалкі. Дырэктар СДЮШАР №1 В.Б. Літвінскі выказаў шчырыя словы па­дзякі за дапамогу ў арганізацыі спаборніцтваў РУП ЖКГ, заводу металавырабаў, хлебазаводу.

    Нездарма падчас адкрыцця першынства Ігар Яўгеньевіч Бусько ўспомніў пра “Гонку легенд”. Гэта ўнікальная падзея ў біятлоне як для Беларусі, так і для ўсяго свету. Менавіта такое меркаванне выказала трохкратная алімпійская чэмпіёнка, Герой Беларусі Дар’я Домрачава. У інтэрв’ю напярэдадні фестывалю біятланістка падкрэсліла, што падобных маштабных мерапрыемстваў яшчэ нідзе і ніколі не праводзілася.

    Нагадаем, 12 верасня ў абноўленым Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы» прайшоў фестываль “Гонка легенд – зоркі біятлону за мір”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Беларуская федэрацыя біятлону, Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальны алімпійскі камітэт і Прэзідэнцкі спартыўны клуб. Для прысутных аматараў спорту былі арганізаваны шматлікія забавы, гульні і выступленні беларускіх артыстаў. Аднак галоўнай падзеяй сталі спаборніцтвы суперзорак сусветнага біятлону мінулых гадоў. Дар'я Домрачава запрасіла ў Раўбічы сваіх знакамітых замежных калег-біятланістаў. Сярод іх прадстаўнікі Расіі, Францыі, Германіі, Нарвегіі, Швецыі, Балгарыі і Аўстрыі. Разам з імі на трасу выйшлі беларусы Аляксандр Папоў і Алёна Зубрылава.

    Прысутнічаць на гэтым знакавым мерапрыемстве пашанцавала маладым спартсменам аддзялення філіяла Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву і трэнерам І.Б. Літвінскаму і Д.А. Каспаровічу, якія з задавальненнем падзяліліся сваімі ўражаннямі:

     – Наведаць фестываль “Гонка легенд” нам дапамагла федэрацыя біятлону – пяці навучэнцам былі бясплатна вы­дзелены білеты. Было вельмі прыемна ўбачыць сусветных зорак біятлону і пераканацца ў тым, што ўсе яны знахо­дзяцца ў выдатнай фізічнай форме. Інтрыга, барацьба – мы атрымалі шмат станоўчых эмоцый, назіраючы за гонкай. Таксама дзеці атрымалі аўтографы многіх знакамітых біятланістаў і сфатаграфаваліся з чатырохкратным алімпійскім чэмпіёнам Аляксандрам Ціханавым, які таксама прысутнічаў на фестывалі.

    Фестываль «Гонка легенд – зоркі біятлона за мір» дапамог яго ўдзельнікам у поўнай меры акунуцца ў спартыўную барацьбу і прынёс мноства станоўчых эмоцый. Гэта мерапрыемства ўдыхнула ў «Раўбічы» новае жыццё і, будзем спадзявацца, стане выдатнай традыцыяй у свеце біятлону.

    А. ЗАЙКО, “НЖ”.

    Автор: А. ЗАЙКО, “НЖ”.Новае жыццё

Комментарии (0)