20 Апреля, 2026 Понедельник

Навагрудскія аматары бездарожжа

  • 16 октября 2015 Спорт Беларуская 0

    Там, дзе заканчваецца траса і пачынаюцца непралазная гразь і зараснікі, толькі яны — квадрацыклы і пазадарожнікі, іх магутныя маторы, павышаная ўстойлівасць і выдатная праходнасць — даюць вадзіцелю магчымасць адчуць сябе гаспадаром становішча. Ацаніць у поўнай меры ўсе “плюсы” і “мінусы” такога экстрэмальнага адпачынку мне дапамаглі навагрудскія аматары бездарожжа. Гаспадары чатырох аўтамабіляў і адзінаццаці квадрацыклаў, тры з якіх прыбылі з Бярозаўкі, чакалі паядынку з прыродай.

    Пакуль ішоў збор, я знаёмілася з удзельнікамі маючай адбыцца паездкі. Большасць з іх ужо не першы год захапляецца пераадольваннем перашкод — палёў, яроў і балот. Тут і маладыя хлопцы, і ўжо дарослыя мужчыны. Аднак больш за ўсё мяне здзівіла прысутнасць 12-гадовага Яна Каштэляна. Як расказаў яго бацька Іван Іванавіч, хлопчык упершыню сеў на квадрацыкл у пяць гадоў. Цяпер ён выдатна спраўляецца з кіраваннем гэтай тэхнікай, у чым я пераканалася асабіста. Ён аказаўся ўпэўненым і бясстрашным вадзіцелем. Я ж упершыню праехалася на квадрацыкле і адразу зразумела, чаму ён карыстаецца такой папулярнасцю ў сучасных мужчын і юнакоў. Лёгкі і просты ў кіраванні, ён аднолькава добра можа імчаць ездака і па пяску, і па непралазным бездарожжы, і па роўнай дарозе. Перасеўшы ў пазадарожнік, я не ўяўляла, што нас чакае…

    Выехалі за горад. Адна вёска змянялася другой, лугі – палямі. Арганізаванай калонай мы рухаліся адзін за адным: першымі – машыны, затым – квадрацыклы. Па дарозе распытвала Ігара Крайніка (вадзіцель, з якім ехала), што неабходна, каб падрыхтаваць аўтамабіль для паездак па бездарожжы. Толькі Ігар у гэты раз быў на машыне Toyota Сяргея Коваля, які вырашыў аддаць перавагу квадрацыклу.

    Усе пазадарожнікі былі абсталяваны сілавымі абвесамі, каб абараніць аўтамабіль ад пашкоджанняў, электрычнымі лябёдкамі спераду і ззаду, спецыяльнымі тросамі ці галінарэзамі і інш. Акрамя таго, вадзіцелі мелі з сабой інструменты для рамонту машыны.

    За гутаркай я і не заўважыла, у якой мясцовасці мы апынуліся. І вось перад намі першая перашкода – рэчка з высокім гразкім берагам з супрацьлеглага боку. І аўтамабілі, і квадрацыклы праехалі яе без асаблівых цяжкасцей. Чаго не скажаш аб наступных перашкодах – чым далей мы рухаліся, тым усё больш непраходнымі яны станавіліся. Цяжка перадаць словамі тыя адчуванні, калі рэзка з’язджаеш уніз, падымаешся на круты гразкі бераг, з цяжкасцю едзеш па гразі, полі ці лесе! Калі эмоцыі так перапаўняюць звычайных пасажыраў, то што гаварыць пра ва­дзіцеляў. На жаль, не абышлося без паломак – сапсаваліся два квадрацыклы, пашко­джанні атрымаў і наш аўтамабіль.

    У такіх прыгодах прайшла палова дня, і здавалася, што ўжо нічога не можа здзівіць. Але вось балоцістая мясцо­васць, якая больш нагадвала сапраўднае возера. Я была ўпэўнена, што мужчыны не адважацца накіраваць туды сваю тэхніку. Аднак у гэтым і заключаецца сутнасць экстрэмальнага адпачынку – чым складаней, тым лепш. Уладальнікі квадрацыклаў і з гэтай перашкодай справіліся. Вадзіцелям  жа машын прыйшлося цяжэй – праехаць без старонняй дапамогі змог толькі Андрэй Салаўян на сваім УАЗе. Так сталася, што айчынная тэхніка ў такіх сітуацыях адчувае сябе больш упэўнена. Палову шляху самастойна пераадолеў і Ігар Ложачнік на Mitsubishi. За ім мы і чацвёрты пазадарожнік. Каб выбрацца з балота, прыйшлося злучыць аўтамабілі паміж сабой лябёдкамі.

    Мы не ехалі – мы плылі! Немагчыма было нават адчыніць дзверы, бо ў салоне і без таго была вада. Але што больш за ўсё мяне ўразіла і прыемна здзівіла, дык гэта ўзаемадапамога, якая існуе сярод экстрэмалаў, і зладжанасць дзеянняў. Вядома, яны не ўсе з’яўляюцца сябрамі ў звычайным жыцці, а некаторыя ўвогуле сустрэліся ўпершыню і, як і я, раней ніколі не прымалі ўдзел у паездках па бездарожжы. Але тут, удалечыні ад цывілізаваных умоў, яны могуць разлічваць толькі на сябе. Ніхто нікога не пакінуў – разам цягнулі, разам піхалі, разам рамантавалі.

    Прайшло некалькі гадзін, пакуль мы апынуліся на другім беразе. Яшчэ два равы, лясная дарога – і прыгоды закончыліся. Крыху стомленыя, але шчаслівыя, хлопцы абмяркоўвалі складанасці пераправы і гутарылі з гледачамі, якія назіралі за змаганнем тэхнікі з прыродай.

    Ігар Ложачнік адзначыў, што такім вялікім саставам яны збіраюцца не так часта, як хацелася б – толькі некалькі разоў за сезон. Часцей сустракаюцца больш вузкім колам.

    — Для нас, аматараў бездарожжа, лепшая дарога тая, якой няма. Маршрут, як правіла, спецыяльна не выбіраем. Выязджаем ва ўсе поры года, бо кожная з іх мае свае “плюсы” і асаблівасці для такога правядзення часу. Увогуле, каб пакараць бездарожжа, мала мець добра падрыхтаваную тэхніку і бездакорна ёй кіраваць. Трэба не баяцца рызыкаваць і быць гатовым да розных экстрэмальных сітуацый, — падкрэсліў напрыканцы размовы І. Ложачнік.  

    А я зразумела, што адрэналін, рызыка  і патрэба пераадольваць перашкоды прымушае гэтых мужчын мяняць бестурботны і спакойны адпачынак на паездку па балотах, узвышшах і ярах. Таму ва ўсім свеце і ў нашай краіне даўно сталі папулярнымі спаборніцтвы па бездарожжы і, магчыма, некалі такое відовішчнае мерапрыемства пройдзе і ў нашым раёне.

    Тэкст і фота

    А. ПЯТРОВАЙ, “НЖ”.

    Автор: А. ПЯТРОВА, “НЖ”.Новае жыццё

Комментарии (0)