29 Марта, 2024 Пятница

«Залатыя» фаны «Слуцка»

  • 15 января 2016 Спорт Беларуская 0

    Праз некалькі дзён футбалісты СФК «Слуцк» пачнуць падрыхтоўку да новага сезона. Слуцкія балельшчыкі, і я ў тым ліку,  з нецярпеннем чакаюць пачатак гульняў: так хочацца ўбачыць любімую каманду, адчуць дух спаборніцтваў, зноў і зноў перажываць буру эмоцый. Футбол – гэта асаблівы свет… І  важкая яго частка – сапраўдныя балельшчыкі, якія падтрымліваюць каманду і ў перамогах, і не ў самыя лепшыя моманты.  Мае субяседнікі – фанаты слуцкай каманды, для якіх сезон-2015 стаў «залатым»: Вольга Круталевіч і Аляксей Фокін наведалі ўсе матчы СФК «Слуцк».

    За фан-сектарам назіраю заўсёды: аддаюцца сваёй справе на ўсе 100, і гэта, думаю, нямала дапамагае «Слуцку» быць, што называецца, у тонусе.

    Для Вольгі Круталевіч, дарэчы, гэта ўжо трэці такі сезон запар – «залаты» хет-трык. А пачалася яе любоў да гульні і клуба неспадзявана: чатыры гады таму Вольга, якая зусім не цікавілася футболам раней, павяла малодшага брата на матч «Слуцка». «Я раптам зразумела,  што гэта любоў, ды яшчэ і якая! Мінула ўжо некалькі гадоў, а эмоцыі і пачуцці ўсё тыя ж, – успамінае першыя ўражанні Вольга. – Маё жыццё на працягу гэтых трох гадоў было цалкам падпарадкавана футбольнаму календару. Я ведала, што ў любым выпадку і нягледзячы ні на што паеду за камандай. Прыходзілася хітрыць, каб «збегчы» на футбол з заняткаў, пераадольваць ноччу вялікія адлегласці пешшу праз лес, – усміхаецца, – ёсць што ўспомніць. Сапраўдны фанат заўсёды са сваім клубам!».

    Фанацкі стаж Аляксея Фокіна крыху меншы, чым у Вольгі, і «залаты» сезон у яго першы. У дзяцінстве гуляў у футбол у двары, а вось заўзятым балельшчыкам стаў не так даўно. Для яго наведванне матчаў нашай каманды – своеасаблівая разрадка, выплёскванне эмоцый, атрыманне пазітыву. Фанат, на яго думку, у любое надвор’е, пры любых абставінах, падтрымлівае любімую  каманду.  «У нас дружны сектар, некаторыя з юнакоў сябруюць з дзяцінства, нехта спортам разам займаецца, – расказвае Аляксей. – Ёсць прыхільнікі стрэйт-эдж (straight edge адмаўляе ўжыванне алкаголю, тытуню, любых наркатычных рэчываў; філасофія, заснаваная на прынцыпах павагі да сябе і навакольнага свету). Мы такія ж людзі, як іншыя жыхары Слуцка, проста любім футбол». Вольга далучаецца: «На жаль, футбольных фанатаў многія лічаць ледзь не злачынцамі. Мы ж прыкладаем намаганні, каб даказаць адваротнае. Так, шмат хто са слуцкіх фанатаў прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, маюць годныя планы на будучыню. Мы сустракаемся не толькі на фан-сектары і размаўляем не толькі на тэму футбола, нас цікавіць многае.  Для мяне, напрыклад, кожны выязны матч – падарожжа, магчымасць убачыць прыгажосць любімай Беларусі. Мы сябруем з фанамі «Дняпра», «Гомеля», са жлобінцамі, падтрымліваем адзін аднаго на матчах».

    Дарэчы, Вольга вучыцца на геафаку Белдзяржуніверсітэта, так што геаграфія, вандроўкі – яе «канёк». А вось Аляксей, як гаворыць сам, ніколі не лянуецца гатаваць, з задавальненнем малюе, цікавіцца спортам. Ён ужо мае прафесійныя навыкі аўтаслесара і вадзіцеля, а цяпер вучыцца на повара 5 разраду ў  Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы кулінарыі – наступная ступень адукацыі пасля Слуцкага дзяржаўнага каледжа, плануе атрымаць і вышэйшую адукацыю.

    Міжсезонне – тужлівы час для заўзятараў футбола. Але ж якраз можна больш часу аддаць самаразвіццю, «падцягнуць» вучобу, планаваць  і… марыць. Аляксей хацеў бы, каб наша каманда заваявала месца ў тройцы лідараў, Вольга сіганула вышэй – марыць балець за любімы СФК «Слуцк» у гульнях еўрапейскага ўзроўню і «ляцець» за ім па ўсім свеце.

    Слуцкія фанаты супрацоўнічаюць з СФК «Слуцк» і ўдзячны кіраўніцтву за разуменне, падтрымку і дапамогу. «Клуб многае зрабіў для нас. Спадзяёмся на далейшае ўзаемадзеянне. Сіла – у адзінстве!», – гавораць Аляксей і Вольга.

    Пачатак футбольнага сезона-2016  набліжаецца. Спадзяёмся, ні каманда, ні балельшчыкі не расчаруюць адзін аднаго. Поспехаў і перамог!  

    Автор: Ірына МІРГАРОДАВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)