30 Апреля, 2024 Вторник

Футбольны матч судзіць дзяўчына? Так!

  • 22 января 2016 Спорт Беларуская 0

    Маладзечанка Вольга Цярэшка захапілася футболам у шостым класе, а зараз яна — рэферы ФІФА і мае права судзіць гульні ў рамках чэмпіянатаў Еўропы.

    У нашай краіне ўсяго дзве прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва – суддзі футбольных матчаў. Яны з’яўляюцца таксама рэферы ФІФА і маюць права судзіць гульні ў рамках чэмпіянатаў Еўропы. Гэта бабруйчанка Ірына Туроўская і маладзечанка Вольга Цярэшка.

    Оля захапілася футболам яшчэ шасцікласніцай. Да іх у школу прыйшла запрашаць у сваю секцыю трэнер Алена Адамчук, якая ў свой час працавала ў ДЮСШ №3. Цяпер дзявочы футбол развіваюць у ДЮСШ №4.

    — Са спортам я сябравала з маленства. Спрабавала знайсці сябе ў розных відах, мінула хіба толькі адзінаборствы і бокс, — расказвае Вольга. — Калі ўпершыню сустрэлася з Аленай Фёдараўнай, вельмі здзівілася, што ў нашым горадзе ёсць секцыя па футболе для дзяўчат. І, вядома, ніколькі не вагаючыся пагадзілася займацца ў ёй. Нават нягледзячы на тое, што маё новае захапленне блізкія не падтрымалі (маўляў, не дзявочая гэта справа), хіба толькі мама. Яна ў мяне таксама заўзятая аматарка спорту.     

    Не заўважыць Вольгу, якая была як мінімум на галаву вышэйшая за сваіх равеснікаў, трэнер проста не магла.

      — Ужо ў сёмым класе мой рост быў 173 сантыметры. Вельмі саромелася і няўтульна адчувала сябе сярод аднагодак. Але як толькі трапіла ў спартыўнае асяроддзе, зразумела, што я звычайная дзяўчынка. Цяпер мой рост 180 сантыметраў! І я люблю абутак на высокіх абцасах, — усміхаецца субяседніца.

    Пяць гадоў Вольга займалася ў спартыўнай школе ў Алены Адамчук і Сяргея Ляшчынскага. Яна ўвайшла ў склад першай дзявочай футбольнай каманды раёна, якая добра зарэкамендавала сябе на розных турнірах.

     Здольную дзяўчыну заўважылі спецыялісты асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» і прапанавалі гуляць на выбар у дзвюх лепшых камандах — «Зорка БДУ» (Мінск) або «Універсітэт» (Віцебск). Вольга аддала перавагу апошняй, была абаронцай, а ў складзе маладзёжнай зборнай Рэспублікі Беларусь — і капітанам. Таксама яна гуляла ў Нацыянальнай зборнай. Паміж трэніроўкамі і матчамі дзяўчына вучылася — спачатку ў Віцебскім вучылішчы алімпійскага рэзерву, затым ва ўніверсітэце імя Пятра Машэрава, дзе атрымала спецыяльнасць педагога фізічнай культуры, метадыста-арганізатара спартыўна-масавых мерапрыемстваў.

    Усе пачалося з-за траўмы

    Спартыўную кар’еру ў якасці футбалісткі спыніла траўма. Дзяўчыне прапанавалі стаць суддзёй.

    — Спачатку я была памочнікам суддзі. Потым мне даверылі судзіць турніры раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. У мяне гэта выклікала нават большы азарт, чым калі сама гуляла ў футбол. Таксама я зразумела цану літаральна кожнай секунды, бо суддзя павінен вельмі хутка і правільна ацаніць дзеянні спартсменаў. На матчы заўсёды прысутнічае інспектар, які сочыць за работай суддзяў. Потым, прааналізаваўшы работу, выстаўляе адзнакі па 10-бальнай сістэме. Калі менш за 6,9 – прадугледжаны штраф. Аштрафаваны суддзя прапускае некалькі матчаў. Часам памыляюцца нават самыя вопытныя, — прыгадвае Вольга.

     Дзяўчына судзіла ўжо амаль 300 матчах. У мужчынскіх турнірах неаднойчы даводзілася лавіць на сабе недаверлівыя позіркі футбалістаў. Іншым разам яны здзіўляліся ўслых: «Футбол судзіць дзяўчына?!».  Штораз Вользе даводзілася даказваць, што ў гэтым відзе спорту яна разбіраецца. З 2013 года маладзечанка з’яўляецца пастаянным суддзёй 2-й лігі чэмпіянату Рэспублікі Беларусь сярод мужчынскіх каманд. А з 2015-га – рэферы ФІФА, што дае ёй права судзіць матчы ў рамках чэмпіянатаў Еўропы.

    У Вольгі практычна няма выхадных, бо многія футбольныя сустрэчы праводзяцца менавіта па суботах і нядзелях. Дзяўчына працуе настаўніцай фізічнай культуры і здароўя ў гімназіі №6, кіруе спартыўнай секцыяй па футболе. Яна марыць аб тым, каб у нашай краіне, у тым ліку ў Маладзечне, надавалася большая ўвага гэтаму віду спорту і ён папулярызаваўся сярод дзяўчынак. Напрыклад, як у Англіі, Іспаніі, Польшчы.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    «МГ»

    Автор: Вячаслаў ТАБУЛІН.Маладзечанская газета

Комментарии (0)