05 Мая, 2024 Воскресенье

"Беларуская лыжня" ў астравецкім фармаце

  • 25 января 2016 Спорт Беларуская 0

    Секундная гатоўнасць, рашучы штуршок, другі, трэці… Невялікі феерверк сняжынак – і насустрач марознаму паветру, неабсяжнаму далягляду і невядомасці, куды вядзе раўнюткі след наперадзе. І пачуццё адрэналіну, экстрыму і неапісальнага захаплення ад кожнага метра, пераадоленага на лыжах.

    Пасля мінулагодняй перадышкі сёлета зіма рэабілітавалася і прадставіла астравецкім аматарам здаровага і карыснага адпачынку магчымасць скрыжаваць лыжы падчас традыцыйнага зімовага спаборніцтва “Беларуская лыжня-2016”.

    Аднак мерапрыемства пачалося з негатыўных эмоцый. На жаль, не ўсе радуюцца магчымасці карысна і здарова правесці час, а наадварот, яшчэ і спецыяльна перашкаджаюць гэтаму. Вечарам перад спаборніцтвам работнікі Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба пралажылі на стадыёне акуратную лыжную трасу. А ўжо раніцай перад імі паўстала сумная карціна: зробленая лыжня была спаласаваная ўздоўж і ўпоперак слядамі ад колаў аўтамабіля. Хто і, галоўнае, навошта гэта зрабіў? Каму захацелася, на ноч гледзячы, пракаціцца на чатырох колах па стадыёне, дзе рабіць гэтага нельга? Заўважыць толькі пракладзеную лыжню і знарок усё перакрыжаваць? Бачна, такія паняцці, як сумленне, адказнасць і прыстойнасць ім і блізка не знаёмыя. Гэта не крутасць і важнасць, як, напэўна, лічаць невядомыя хуліганы, а дэманстрацыя нахабнасці ці няўпэўненасці ў сабе.

    лыжня в Островце1

    Аднак, нягледзячы на ўсе старанні, сапсаваць настрой удзельнікам і адмяніць спаборніцтвы ў іх не атрымалася – наадварот, усе з усмешкамі і задорам разміналіся і рыхтаваліся да заездаў. Адны акуратна і крыху нясмела станавіліся на лыжы, іншыя па-заліхвацку, пакідаючы за сабой лёгкі снежны віхор, спускаліся з горак. Маглі паўдзельнічаць у спаборніцтве і тыя, хто не меў з сабой лыжаў: спартыўны інвентар можна было ўзяць напракат тут жа на месцы – яго арганізаваў Астравецкі ФСК.

    лыжня в Островце2

    Праўда, спаборніцтва атрымалася ўсё ж нешматлікім – пазмагацца ў лыжнай гонцы прыехалі прадстаўнікі чатырох каманд: раённага аддзела па надзвы чайных сітуацыях, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, ДЛГУ “Астравецкі лясгас” і прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Астравецкім раёне – гэтая каманда, дарэчы, удзельнічала ў чыста жаночым складзе.

    На ўрачыстым пастраенні ўдзельнікаў “Беларускай лыжні” прывіталі і пажадалі атрымаць ад спаборніцтва толькі пазітыўныя эмоцыі, а таксама не забываць пра спорт у будні намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Мікалаеўна Букель.

    лыжня в Островце3

    Традыцыйна заезды праходзілі сярод мужчын і жанчын па некалькіх узроставых катэгорыях: 18-30 гадоў, 31-40, 41-50 гадоў і 51+. І першымі на стартавую пляцоўку выйшлі дзяўчаты. Прыемна было назіраць, як старэйшыя і больш вопытныя калегі настройвалі іх і дапамагалі карыснымі парадамі. Апошняя “пракатка” лыжаў, напружанне і хваляванне перад стартам – і свісток суддзі, які распачаў адлік да фінішу. І вось ужо чародка грацыёзных лыжніц паступова аддаляецца ад гледачоў. Наперадзе – два кругі па 800 метраў, а балельшчыкі ўжо пачынаюць рабіць “стаўкі”, хто ж прыедзе першай. І хутка яны атрымалі адказ – пераможцай стала Амалія Азацян з раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Дастойную канкурэнцыю ёй склала Таццяна Кучэўская (каманда Белдзяржстраха), якая фінішавала другой. На трэцім месцы – калега Амаліі з РАНС – Кацярына Іода.

    Затым прадэманстраваць майстэрства па лыжных гонках выйшлі прадстаўніцы астатніх катэгорый. Стартавы “выстрал” сняжынак з-пад палак – і праз некалькі хвілін вызначаюцца фаварыты. А суддзі ўжо падрыхтоўваюць секундамеры, каб дакладна зафіксаваць час фінішу.

    Ва ўзроставай катэгорыі 31-40 гадоў першай стала Наталля Мальдзіс з Белдзяржстраха. І хоць яна была адзінай прадстаўніцай у гэтай групе, тым не менш саперніцы з іншых катэгорый “дыхалі ў патыліцу” і не давалі расслабіцца.

    Сярод удзельніц 41-50 гадоў спрытнейшай і хутчэйшай на лыжні стала Марыя Блашкевіч (Белдзяржстрах), другое месца заняла яе калега і цёзка Марыя Сацура, на трэцім – Алена Філіповіч з каманды ПМС.

    А вось сумненняў, хто стане пераможцай у старэйшай катэгорыі не ўзнікла. Як заўсёды, грацыёзна, дастойна, з усмешкай і агеньчыкам задавальнення ў вачах фінішавала вядомая на Астравеччыне спартсменка Гэлена Варановіч – яна ж дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Астравецкім раёне. Сярэбранай прызёркай стала таксама ўдзельніца з каманды Белдзяржстраха Зыта Кузняцова. Трэцяе месца заняла Ірына Кумуштаева (ПМС).

    лыжня в Островце4

    Спаборніцтвы ў мужчынскай гонцы атрымаліся меншымі па колькасці ўдзельнікаў. Калі сярод жанчын толькі ў адной узроставай катэгорыі не хапала спартсменак, то тут сапернікаў у вызначаных групах было яшчэ менш. Па гэтай прычыне стартавалі мужчыны ўсе разам, толькі на розных дыстанцыях: самыя маладыя беглі тры кругі, старэйшыя – два, а апошнія дзве ўзроставыя катэгорыі – адзін.

    Пакуль прадстаўнікі моцнай паловы “наразалі” кругі на лыжах, ужо “выстраліўшыя” і перавёўшыя дух удзельніцы і балельшчыкі маглі пагрэцца смачнай гарачай гарбатай, пра якую вельмі дарэчы ў марозны дзень паклапаціліся арганізатары.

    лыжня в Островце5

    Лепшы вынік сярод 18-30-гадовых удзельнікаў прадэманстраваў выратавальнік і спартсмен Яўген Андрушойць. На другім месцы – яго адзіны сапернік Аляксей Ліс з лясгаса.

    Толькі двое лыжнікаў удзельнічалі і ў катэгорыі 31-40 гадоў. Першае месца тут заняў Сяргей Суруда з каманды РАНС, на другім – Аляксандр Сцяшанаў (ДЛГУ “Астравецкі лясгас”).

    Дуэт сапернікаў РАНС–лясгас склаў і трэцюю ўзроставую групу 41-50 гадоў. Перамогу тут святкаваў таксама даўнішні аматар лыжных гонак, неадна разовы пераможца і прызёр раённых і абласных спаборніцтваў Уладзімір Салавей – прадстаўнік каманды лясгаса. Дарэчы, варта адзначыць, што ён, калі браць у разлік толькі адзін круг, наогул фінішаваў самым першым сярод усіх удзельнікаў, пры гэтым з яўнай перавагай.

    А вось самую старэйшую катэгорыю 51+ прадстаўляў толькі адзін удзельнік – Франц Кузмітовіч з каманды ПМС, які, адпаведна, і заняў першае месца.

    лыжня в Островце6

    Што тычыцца агульнакамандных вынікаў, то пераможцам спаборніцтва дастойна стала дружная і актыўная жаночая зборная прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Астравецкім раёне. Другое месца занялі лыжнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Бронзавымі прызёрамі стала каманда ДЛГУ “Астравецкі лясгас”.

    Пераможцы і прызёры спаборніцтва былі ўзнагароджаны граматамі і прызамі ад аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама.

    --------------------------------

    Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.

    Автор: Марына МацкевічАстравецкая праўда

Комментарии (0)