25 Апреля, 2024 Четверг

Узоры на лёдзе малююць нашы юныя фігурысты

  • 09 февраля 2016 Спорт Беларуская 0

    Цяжка ўявіць сабе больш уражлівы і прыгожы від спорту, чым фігурнае катанне. Гісторык, аўтар шматлікіх кніг, прысвечаных гэтаму віду спорту, Міхаіл Хвастоў называў фігурнае катанне мостам паміж спортам і мастацтвам. І сапраўды, цяжка адарваць вока ад такога відовішча, забываеш нават, які цяжкі гэта спорт. За кожным прыгожым элементам – трэніроўкі, падзенні і траўмы, а ў кожным нумары ў цэлым – душа. Спартсмена, яго родных, трэнера. А калі на лёдзе дзіця грацыёзна слізгае па дузе і выдае цяжкія скачкі: акселі, тулупы і яшчэ якія “выкрутасы”, якія табе, даросламу, здаюцца проста немагчымымі, застаецца толькі здагадвацца, чаго гэта яму каштавала, колькі такіх узораў на лёдзе павінны пакінуць канькі пачынаючага фігурыста, каб дасягнуць пэўнага майстэрства!

    Такія цудоўныя танцы на лёдзе, магчыма, засталіся б для нашых маленькіх спартсменаў вялікай марай жыцця, калі б не з’яўленне Лядовай арэны ў раёне і, канечне, работа прафесійнага трэнера. Так, ужо чацвёрты год выпрабоўваюць на моц наш івацэвіцкі лёд маленькія фігурысты, гэта немалы час, нават для такога складанага спорту. Сёння ў пяці групах займаюцца 45 дзяцей пераважна 4-8 гадоў. Ужо ходзяць чуткі аб неверагодных навагодніх пастаноўках нашых фігурыстаў, якія збіраюць поўныя залы. А напярэдадні Новага года зноў парадавалі нашы фігурысты вынікамі самага першага спаборніцтва, прывезлі дзяўчынкі дыпломы з Расіі.

    Мы наведалі трэніроўкі па фігурным катанні і паглядзелі, як і чым жывуць сёння малыя фігурысты, а таксама пагутарылі з усімі ўдзельнікамі “творчага працэсу”.

    У нашым горадзе мог быць добры якасны лёд і таленавітыя дзеці, а поспеху магло не быць, калі б не чалавек сваёй справы – трэнер Яўгеній Якімчук. Чалавек выключнай сціпласці і прыроджанага таленту, так казалі калегі і выхаванцы маладога трэнера. Чатыры гады таму малады спецыяліст, пінчанін, выпускнік ДУА “Палескі дзяржаўны ўніверсітэт” і ДУА “Мозырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт”, прыехаў у Івацэвічы і не шкадуе: лёс размеркаваў яго на любімае месца работы. Дзеці любяць яго і паважаюць, бацькі бачаць у ім прафесіянала і старэйшага сябра сваіх дзяцей, слова якога – дарагое і важнае для малых. Ці не прызнанне гэта?

    У самым пачатку сустрэчы Яўгеній Валянцінавіч падзяліўся сваім поглядам на спорт, што так цесна мяжуе з мастацтвам:

    – Любому спорту, акрамя таленту, заўсёды патрэбны час, а фігурнаму катанню ён патрэбны ўдвая – адзначыў Яўгеній Валянцінавіч. – Перш чым з’явяцца пэўныя вынікі ў гэтым відзе спорту, неабходна сотні разоў спаласаваць канькамі лёд. І вось у снежні, пасля трох гадоў заняткаў, мы ўпершыню паспрабавалі свае сілы на спаборніцтвах. Аднак і бацькоў, і дзяцей я заўсёды ўпэўніваю ў тым, што хутка зоркі з неба ў фігурным катанні не ловяцца, і тры гады заняткаў – гэта толькі пачатак. Фігурнае катанне – гэта спорт не для кожнага. Узяць хаця б той факт, што з першага набору сёння ў нас не засталося ніводнага чалавека. Штогод у малодшую групу мы набіраем каля 15 чалавек, праз год-другі застаецца прыкладна палова: самыя мэтанакіраваныя і таленавітыя, – расказаў трэнер.

    Мо таму такія свежыя ў памяці Яўгенія Якімчука ўспаміны пра першыя крокі ў гэтым спорце, што сам ён прыйшоў сюды ў даволі маладым узросце. Яшчэ некалькі гадоў таму па-аматарску стаяў на каньках, а сёння расціць маленькіх фігурыстаў і сам ставіць ім конкурсныя нумары, навагоднія і традыцыйныя вясновыя прадстаўленні.

    – Яўгеній Валянцінавіч, як наогул прыйшла ідэя такіх канцэртаў? – пытаюся.

    – Маленькія артысты, спартсмены павінны бачыць гледача, прывыкаць да публікі, у фігурнага катання заўсёды шмат прыхільнікаў, гэта першае. А па-другое, бацькі павінны бачыць поспехі свайго дзіцяці. Чаму б не атрымаць асалоду і астатнім жыхарам горада?

    – Чула, не знайсці вольных месцаў у арэне падчас вашых зімовых казак?

    – Ёсць і такое, гэта радуе – не абыякавыя людзі да поспехаў малых. А сёлета мы вазілі свой “Крыштальны ключ” у Лунінец. Галоўнае правіла ў нашых выступленнях – удзел усіх фігурыстаў, магчымасці ў дзяцей розныя, аднак кожнаму знаходзіцца роля ў вялікім канцэрце.

    Падзякаваў за дапамогу ў пастаноўцы нумароў як на зімовых канцэртах, справаздачных вясновых шоу, так і конкурсных наш малады трэнер трэнерам-харэографам Лядовай арэны Галіне Сяледчык і Святлане Падгорнай. Бо, перш чым юныя выступоўцы выканаюць той ці іншы элемент на лёдзе, ён спачатку рыхтуецца ў харэаграфічнай зале, на бяспечным пакрыцці.

    – Працуем усе разам, але без трэнера нам не абысціся, – адзначыла Галіна Сяледчык. – Па-простаму кажучы, мы ў адказе за верх – твар і рукі – то наша стыхія, а за Яўгеніям Якімчуком – ногі. Толькі ён ведае, ці “возьме” дзіця той ці іншы элемент на лёдзе. Трэнер адчувае розніцу паміж паркетам і бяспечным ільдом, – расказала падчас чарговай трэніроўкі Галіна Леанідаўна.

    Хутка прайшло знаёмства з выхаванкамі старэйшай групы фігурыстаў, іх усяго восем, усе дзяўчынкі. Сярод іх і нашы канкурсанткі, уладальніца лепшага выніку ў гэтых спаборніцтвах – чацвёртага месца ў сваёй ўзроставай групе – сямігадовая Ксенія Малевіч, Валерыя Пратасавіцкая (ёй таксама сем) і старэйшая 8-гадовая зорачка Ганна Корзан.

    Дзяўчынкі не прапускаюць ні адной трэніроўкі, у выбары паміж мультфільмам і трансляцыяй спаборніцтваў па фігурным катанні абавязкова выберуць апошняе, а ў кумірах у іх расійскія фігурысты.

    – Так прыгожа і, здаецца, так лёгка пырхаюць спартсмены па лёдзе падчас выступленняў, і толькі калі сам стаіш на каньках, разумееш, як моцна памыляешся, – кажуць выхаванкі старэйшай групы.

    І верыш ім, бо ўжо бачылі дзяўчынкі вялікі лёд і адчулі дарослы дух спаборніцтваў. Праграму да першага ў жыцці конкурсу “Зімовыя ўзоры-2015”, які сабраў у расійскім горадзе Пераслаўль-Залескі таленавітых дзяцей з Расіі і Беларусі, рыхтавалі каля двух месяцаў. У спаборніцтвах, якія прынялі каля двух соцень удзельнікаў, трэба было браць і цікавым нумарам, і чыста адкатанай праграмай, і касцюмам. Здзівілі і прывезлі добрыя вынікі, абышлі ў сваіх падгрупах многіх выхаванцаў моцных школ па фігурным катанні.

    – Ці можа быць лепшы занятак для дзяўчынкі, чым фігурнае катанне? – разважае бацька нашай канкурсанткі Ксеніі Андрэй Малевіч. – Тут і спорт, і творчасць, якая выправа стала ў дачкі за гэтыя гады, а як яна ўпэўнена трымаецца на каньках! Лічу, гэта ўжо поспех. Мы не ставім задачу выхаваць у райцэнтры прафесійнага фігурыста, алімпійскага чэмпіёна, добра, калі дачка будзе сама задаволеная сваімі вынікамі. Пакуль жа лёд паддаецца нашай Ксюшы, а значыць будзе яшчэ ў нашым жыцці фігурнае катанне, будуць і спаборніцтвы, – упэўніў тата.

    Андрэй Малевіч, як і многія іншыя бацькі, – пастаянны госць на трэніроўках. Уважліва сочыць, здымае на відэа трэніроўку дачкі, а пасля разам з ёй аналізуе памылкі, адзначае дасягненні. Так робяць многія. Сур’ёзны спорт заўсёды патрабуе поўнага разумення ў сям’і, а ў выпадку з фігурным катаннем – яшчэ і сур’ёзнай матэрыяльнай дапамогі. Адны толькі канькі і трэніровачная форма абыходзяцца ў некалькі соцень умоўных адзінак, а калі яшчэ спрабаваць сябе на спаборніцтвах… Гэта і касцюм для выступленняў, і абавязковы ўзнос, і дарога. Бацькам самых маленькіх выхаванцаў яшчэ толькі трэба будзе дастаць з кішэні такія грошы, пакуль жа малыя займаюцца на каньках Лядовай арэны бясплатна. Вось і самая маленькая Сафія Піліпчук спрытна перабірае ножкамі па лёдзе.

    – Некалькі месяцаў таму і стаяць на каньках не магла, – радуецца поспехам малой тата. – Нам толькі вясной будзе чатыры, дачка маленькая, трохі не паспявае за старэйшымі, аднак мы не перажываем – няхай цягнецца за лепшымі. Па парадзе трэнера вадзілі Сафію на масавыя катанні, каб хутчэй перастала баяцца лёду, а сёння вось – вынік. У нас яшчэ малодшая дачка ёсць, калі захоча, і яе пазней аддадзім у прафесійныя рукі Яўгенія Валянцінавіча, – дзеліцца Кірыл Піліпчук.

    Растуць у нашай арэне і свае “Яўгеніі Плюшчанкі”. Толькі тры хлопчыкі займаюцца сёння ў малодшай групе. Хлопчыкам цяжэй даецца гэты спорт, гаварыў трэнер, аднак усё магчыма, трэба толькі старацца, станоўчых прыкладаў у сусветнай практыцы хапае.

    Дзякаваў падчас размовы Яўгеній Якімчук бацькам за разуменне. Іх дзеці часам прыходзяць дадому стомленыя, не застрахаваныя яны і ад траўм – то ж спорт. Шмат працаваць трэба дарослым, каб малыя займаліся любімай справай. Аднак гэта наша агульная справа. Дзяржава падарыла ім арэну, магчымасць займацца спортам тут, на месцы, выхавала для іх трэнера. Ды і займаюцца ўсе дзеці тут бясплатна, трэба і бацькам падтрымаць сваіх дзяцей. І гэтая падтрымка ёсць, бо вясной бацькі зноў збіраюцца на спаборніцтвы, ужо ў Літву. Задача ж маленькіх спартсменаў – радаваць сябе, бацькоў, трэнера добрымі вынікамі і перамогамі перш за ўсё над сабой.

    Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара і з архіва Я. Якімчука.

     

     

     

     

     

    Автор: Наталля ГЕРБЕДЗЬІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)