19 Апреля, 2024 Пятница

Спорт і "Слуцкі край" збіраюць сяброў

  • 18 апреля 2016 Спорт Беларуская 0

    Як жа прыемна пасля непагодлівых шэрых дзён адчуць дотык  прагрэтага сонейкам і напоўненага першымі вясновымі водарамі паветра. З надыходам сапраўднай вясны случчане ахвотна ўключаюцца ў актыўны адпачынак і заняткі фізкультурай і спортам. Чарговы красавіцкі лёгкаатлетычны крос на прызы газеты «Слуцкі край», прысвечаны 900-годдзю Слуцка, сабраў на гарадскім стадыёне аматараў здаровага ладу жыцця.

    У мінулую пятніцу за кубкі і дыпломы ад «Слуцкага краю» спаборнічалі вучні 11 гарадскіх школ і Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча. Кожнаму важна было паказаць лепшы час у забегу: ад гэтага залежыць  агульны камандны вынік. Перад пачаткам забегаў галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Рыгоравіч Дубіна пажадаў поспеху ўдзельнікам кросу, уручыў граматы і прызы пераможцам раённых спаборніцтваў па летнім мнагабор’і «Абаронца Айчыны»: І месца – Мінскае абласное кадэцкае вучылішча, ІІ месца – СШ №10 імя С.Ф. Рубанава, ІІІ месца – СШ №13. Сярод сельскіх школ  лепшыя вынікі паказалі вучні Ісернскага ВПК яслі-сад – сярэдняя школа, на другім месцы – Казловіцкая СШ, на трэцім – Бокшыцкая сярэдняя школа.

    Але ж вернемся да спаборніцтваў. Апошнія парады перад стартам – ад настаўнікаў фізкультуры: як правільна размеркаваць сілы, якую тактыку прымяніць. Юнакі і дзяўчаты праходзілі дыстанцыі ў 1, 2, 3 кіламетры (у залежнасці ад узроставай групы). І як жа перажывалі адзін за аднаго, падтрымлівалі, падбадзёрвалі! Настаўнікі былі не менш эмацыянальнымі. Ну вядома ж, усе яны – адна каманда. Адзначым, што лідары сярод гарадскіх школ амаль не змяніліся.

    У суботу дождж не стаў перашкодай для прадстаўнікоў 18 сельскіх школ.

    – Дзяўчаты, падбадзёрвайце Кірыла!

    – Таццяна, крыху «паднажмі», ужо мала засталося…

    Стараліся і ўдзельнікі кросу, якія змагаліся да апошніх секунд, і тыя, хто іх падтрымліваў. Камусьці пашанцавала крыху больш і ён вывеў каманду ў лідары, а хтосьці не разлічыў  свае сілы на дыстанцыі. Але ж усе малайцы! Спорт аб’ядноўвае, зараджае эмацыйна.

    10 красавіка ў лёгкаатлетычным кросе прынялі ўдзел і  самыя спартыўныя прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў раёна: вытворчага ўпраўлення «Слуцкгаз», ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат», «Слуцкі сыраробны камбінат», «Слуцкі хлебазавод», «Слуцкі мясакамбінат», «Казловічы-Агра», СВК «Аграфірма «Лучнікі», УА «Слуцкі дзяржаўны медыцынскі каледж».

    Перад пачаткам спаборніцтваў загадчык сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Яўгеньевіч Вежнавец пажадаў усім лёгкага старту і перамогі.

    У агульнакамандным заліку месцы размеркаваліся наступным чынам:

    І месца СШ №10 імя С.Ф. Рубанава

    Ісернскі ВПК  яслі-сад – сярэдняя школа

    Велікасліўская БШ

    Слуцкі дзяржаўны медыцынскі каледж.

     

    ІІ месца Мінскае абласное кадэцкае вучылішча

    Паўстынская СШ

    Акцябрская БШ

    ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат».

     

    ІІІ месца СШ №13

    Маяцкая СШ

    Навадворцаўская БШ

    ААТ «Казловічы-Агра».

     

    Каманда медыцынскага каледжа неаднаразова была лепшай у лёгкаатлетычным кросе на прызы газеты «Слуцкі край». Вось і сёлета  рабяты адразу былі настроены першымі прыйсці да фінішу.

    Каманды-пераможцы атрымалі кубкі і дыпломы ад рэдакцыі газеты «Слуцкі край».

    Автор: Ірына ВЕЧАР, Ірына КАВАЛЕНКАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)