02 Мая, 2024 Четверг

Ёсць першая перамога

  • 20 апреля 2016 Спорт Беларуская 0

    16 красавікаЖодзінастадыён “Тарпеда”, 1050 гледачоўсуддзя –  ВСевасцьянік(Гродна), “ТарпедаБЕЛАЗ” – “Нафтан” Наваполацк – 2:1. Галы: 12 хвЧумак – 1:0 (з пенальці), 65 хвЗюлеў – 1:1, 90+1 хвДземідовіч – 2:1.

    “Тарпеда-БЕЛАЗ”: Фамічоў, Чэлядзінскі, Панкавец, Шапавал, Блізнюк (66 хв. Квашук), Скавыш (88 хв. Чалядка), Галянкоў (72 хв. Трапашка), Паўлавец, Чумак, Шчэрба, Дземідовіч.

    Даволі шмат падобнага ў лёсе двух сапернікаў на старце гэтага сезона. Так, у чвэрцьфінале Кубка і нафтанаўцы, і тарпедаўцы не лічыліся фаварытамі ў сваіх парах, але менавіта яны крыху сенсацыйна працягнулі шлях да фінала. Да таго ж, да вочнага супрацьстаяння ў чэмпіянаце каманды прыйшлі не ведаючы смаку перамог, а навапалаччане і навогул – без забітых мячоў. А гэта азначала толькі тое, што гасцям, прыехаўшым у Жодзіна, няма чаго губляць, і яны прыкладуць усе намаганні, каб вярнуцца дадому не з пустым багажом.

    Гаспадарскі статус аўтазаводцаў як бы абавязваў іх дабівацца перамогі. І першыя хвіліны сустрэчы падцвердзілі гэтыя словы. Нашы землякі вялікімі сіламі пайшлі наперад, і небяспечныя моманты ля брамкі нафтанаўцаў пачалі ўзнікаць адзін за адным. Да пэўнага часу бездакорна гуляў галкіпер Даўгяла і зводзіў на не ўсе намаганні жодзінцаў. Але на дванаццатай хвіліне лік быў адкрыты. Шматвопытны абаронца гасцей Руслан Гунчак не здолеў без парушэння правіл у сваёй штрафной пляцоўцы спыніць Генадзя Блізнюка. І галоўнаму арбітру матча нічога не заставалася, як паказаць на адзінаццацімятровую адзнаку. Асабіста ў мяне ў гэты момант узнікла пытанне: хто з тарпедаўцаў будзе выконваць пенальці? Бо прэтэндэнтаў шмат – гэта і Паўлавец, і Дземідовіч, і Блізнюк, але да “кропкі” ўпэўнена падыйшоў Яўген Чумак і таксама ўпэўнена прабіў. І хоць Даўгяла адгадаў накірунак удара, мяч трапіў у самы кут брамкі. Пасля таго, як аўтазаводцы павялі ў ліку, яны яшчэ пэўны час працягвалі дамініраваць, але потым паступова супакоіліся. Безумоўна, гэта было памылкай. Навапалаччане, адчуўшы змяненне характару гульні, пачалі паказваць “зубкі”. Нашаму брамніку Фамічову тройчы прыйшлося ўсур’ёз уступаць у гульню.

    На другі тайм госці выйшлі з яшчэ большым жаданнем адыграцца. І цяпер значную частку часу мяч гасціў на палове поля гаспадароў. Нашы гульцы пачалі памыляцца, а ў пэўныя моманты нават дзейнічаць на адбой. Дзе тонка, там і рвецца: нафтанаўцы здолелі выраўняць лік. Поспех ім прынёс розыгрыш “стандарта”. Бездакорна са штрафнога ўдара, прызначанага ў метрах дваццаці ад варот, над “сценкай” прабіў Ігар Зюлеў. Цяпер ужо тарпедаўцаў не задавальняў лік на табло, змяніць які ў іх ніяк не атрымлівалася. Навапалаччане, зразумеўшы, што, калі яны будуць працягваць гуляць у свой футбол, могуць здабыць і тры ачкі. Гульня пайшла па супрацьлеглых курсах. Многія прыхільнікі гаспадароў, чакаўшыя перамогі сваёй каманды, не маглі зразумець, за кошт чаго гэта адбудзецца, бо ў аўтазаводцаў мала што атрымлівалася. А калі пайшлі апошнія дзесяць хвілін сустрэчы, у мяне склалася уражанне, што матч скончыцца нічыёй. Але гаспадыня Фартуна на гэты раз вырашыла прыняць жодзінскі бок. Ужо ў дададзеныя хвіліны нашы землякі вырвалі не зусім лагічную, але такую патрэбную перамогу. Галявая камбінацыя пачалася з таго, што Дзяніс Трапашка выйграў барацьбу на другім паверсе і мяч трапіў да Чалядкі, які з’явіўся на полі толькі тры хвіліны назад. Павел з правага фланга ўварваўся ў штрафную пляцоўку і прабіў. Галкіпер здолеў адбіць мяч, але першым на дабіванні аказаўся Вадзім Дземідовіч і літаральна ўнёс мяч у брамку. Вось такой няроўнай, нярвовай аказалася гульня, якая прынесла “Тарпеда-БЕЛАЗ” першую перамогу ў чэмпіянаце Беларусі 2016 года.

    Пасля кубкавага паедынку з “Мінскам” 20 красавіка аўтазаводцаў чакае выяздная шасціматчавая серыя. Справа ў тым, што ў пачатку мая на стадыёне “Тарпеда” пройдуць гульні фінальнай стадыі чэмпіяната Еўропы сярод жанчын (U-17). Таму сустрэча з “Крумкачамі” ў першым крузе адбудзецца 30 красавіка ў Мінску, а ў другім каманды памераюцца сіламі ў Жодзіна. Такім чынам, нашы землякі на наступным тыдні 25 красавіка ў Лунінцы згуляюць супраць “Граніта”, а 30 красавіка – на стадыёне ФК “Мінск” з “Крумкачамі”.

     

     

    Автор: Сяргей ПузанкевічЖодзінскія навіны
    Теги: 

Комментарии (0)