27 Апреля, 2024 Суббота

Глыбоцкі конна-спартыўны клуб "Амазонкі" ўдала пачаў новы сезон

  • 02 мая 2016 Спорт Беларуская 0

    Конна-спартыўны клуб “Амазонкі”, які дзейнічае на базе ААТ “Глыбоцкі  мясакамбінат”, удала пачаў новы сезон. На пачатку красавіка юныя спартсмены пабывалі на спаборніцтвах у Гродна. Глыбоччыну прадстаўлялі Кацярына Пазняк з Блескам, Валерыя Грыневіч з Дысплэем, Эвія Казура з Золушкай, Арцём Пяткевіч з Куплетам.

    – Гэта быў адкрыты рэспубліканскі турнір на Кубак памяці А. Трафімчука па пераадоленні перашкод, які праходзіў у конна-спартыўным комплексе “Прагрэс-Верцялішкі”. У турніры ўдзельнічалі дзеці, юнакі і дарослыя. Спаборніцтвы – міжнародныя, – расказаў трэнер клуба Уладзімір Буката. – Мы вярнуліся з медалямі. Кацярына Пазняк у сваёй узроставай групе (1998-2001 г.н.) выйшла ў фінал турніру і заняла 3-е месца, пераадолеўшы на Блеску вышыню ў 1 м 30 см. І ў асабістым заліку ў Каці таксама 3-е месца. Крышачку не хапіла, каб стаць прызёрам Арцёму Пяткевічу з Куплетам, – 4-е месца сярод дзяцей (узроставая група  – 2002 г. і маладзей).

    Але ў юнага спартсмена ўсё яшчэ наперадзе, бо займаецца ён конным спортам усяго два гады. Для параўнання, Каця Пазняк у клубе “Амазонкі” – 7 гадоў, аднакласніцы Эвія Казура і Лера Грыневіч – 5. Тым не менш, па выніках мінулага года ў Арцёма ўзнагарод не менш, чым у сваіх сябровак па камандзе. Хлопчык заваяваў 10 медалёў, столькі ж у Каці, а ў Леры і Эвы – па 11!

    – У мінулым годзе паўдзельнічалі ў 9 спаборніцтвах, з якіх 1 – абласныя і 8 – рэспубліканскіх. Паездзілі па ўсёй Беларусі. Магілёў, Гродна, Мінская і Віцебская вобласці… – во якая геаграфія турніраў. Мінулагодні сезон атрымаўся цудоўны! Памятаю ў адным турніры разыгрывалі 26 прызоў, з іх 16 узялі глыбачане, – згадаў Уладзімір Мікалаевіч. – Уся наша каманда ўдзячна дырэктару ААТ “Глыбоцкі мясакамбінат” Анатолію Андрэевічу Дуку і дырэктару філіяла “Галубічы” Ігару Францавічу Вайцяховічу. Яны за нашых дзяцей гатовы стаяць гарой! Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вера Міхайлаўна Цяліца таксама нас заўсёды выручае, дапамагае.

    Трэба сказаць, што і самі юныя спартсмены стараюцца шчыра працаваць, аддаючы шмат часу заняткам са сваімі  скакунамі. Трэніроўкі ў іх праходзяць кожны дзень.

    – Усё ў руках гэтых дзяцей, каб стаць прафесіяналамі. На рэспубліканскіх спаборніцтвах юныя глыбачане заўсёды паказваюць высокі клас. Хоць мы адзіная ў рэспубліцы не спецыялізаваная школа – знаходзімся на балансе прадпрыемства, але заяўляем пра сябе гучна. Каб расці, нашым спартсменам ужо патрэбна дарога на турніры ў Расію, за мяжу, –  расказаў пра свае спадзяванні трэнер.

    Дарэчы, у наступным месяцы, маі, ёсць нагода палюбавацца на выступленні глыбоцкай каманды – на базе конна-спартыўнага клуба “Амазонкі” паспаборнічаюць коннікі з усёй рэспублікі. Прыходзьце, будзем балець за нашых! Дату правядзення мерапрыемства ўдакладнім.

    Автор: Алена ХайноўскаяВеснік Глыбоччыны
    Теги: 

Комментарии (0)