27 Апреля, 2024 Суббота

Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту адзначылі ў Глыбокім

  • 24 мая 2016 Спорт Беларуская 0

    Мінулую суботу можна назваць – без перабольшвання – самым спартыўным днём на Глыбоччыне. І не толькі на Глыбоччыне. Усё ў тым, што 21 мая адзначаўся Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту. І па вялікім рахунку гэта было свята ўсіх фізкультурнікаў, усіх спартсменаў, усіх прыхільнікаў здаровага ладу жыцця. Упрыгожваннем дня стала спартакіяда работнікаў устаноў адукацыі раёна.

    А дзясятай гадзіне на гарадскім стадыёне прывітальным словам ад райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў спартакіяду адкрыла намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Таццяна Малатоўнік. І пасля невялічкай размінкі – а як жа выйсці на старт  не размяўшыся? – удзельнікі спартакіяды разышліся па спартыўных сектарах, каб ў бескампраміснай барацьбе пазмагацца за перамогу.

    Калі шчыра, такіх масавых спаборніцтваў (у спартакіядзе прынялі ўдзел 14 аб’яднаных каманд) яшчэ не бачыў: больш за 150 работнікаў педагагічных  устаноў выяўлялі мацнейшых у бегавых відах, у лёгкаатлетычнай эстафеце, у скачках у даўжыню з месца, у штурханні ядра, у гіравым спорце, у спаборніцтвах па армрэстлінгу, у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, у дартсе, у перацягванні канату.

    У кожным сектары,  на кожнай спартыўнай пляцоўцы ішла вострая барацьба.

    Як прызнаўся пасля спаборніцтваў  настаўнік фізікі і матэматыкі Празароцкай СШ Ігар Кухта гіравым спортам займаўся толькі ў арміі. Пасля пра гіру забыў. І ўсё ж ягоныя вынікі ўражваюць: рывок правай рукой – 25 разоў, левай – 29. У суме – 54 разы.  Больш толькі ў настаўнікаў  фізічнай культуры  Шунеўскай  і Пліскай сярэдніх школ  Юрыя Хілько  і Сяргея Качана.

    Ганна Коцікава – выхавальніца дзіцячага садка №3 горада.  У сектар, дзе праходзілі спаборніцтвы па армрэстлінгу,  Ганна прыйшла ўжо сярэбраным прызёрам спартакіяды па штурханні ядра, уступіўшы золата Святлане Зінкевіч з Галубіч. А ў гэтым відзе спаборніцтваў стала першай.

    -Так атрымалася, — усміхаецца Ганна. – Вядома, рада, што не падвяла сваю каманду, сваіх балельшчыкаў.

    А вось у спаборніцтвах сярод мужчын здзівіў Сяргей Шчарбіцкі з Празароцкай СШ.  Як кажуць: прыйшоў, убачыў, перамог. Ніхто, нават чэмпіён спартакіяды па гіравым спорце  Сяргей Качан, не змог аказаць яму дастойнага супраціўлення.

    -Не, спортам не займаюся, — прызнаўся ў сціслай гутарцы Сяргей Шчарбіцкі. – І ў такіх спаборніцтвах, як армрэстлінг, выступаў ўпершыню. Працую вадзіцелем школьнага аўтобуса, кручу руль, таму і сіла ў руках.

    Эстафета – адзін з самых цікавых відаў спаборніцтваў. Пасля таго, як прабегла чацвёрка спартсменаў з аб’яднанай каманды СШ № 2 і дзіцячых садкоў №1 і №3, фізрук школы Леанід Кавальскі свяціўся ад радасці: “Наўрад хто нас абгоніць”. Абагналі лёгкаатлеты з аб’яднанай каманды Чарневіцкай і Суклінскай сярэдніх школ. На лічаныя долі секунды, але абагналі і сталі пераможцамі спартакіяды ў эстафеце.

    Такая ж напружаная барацьба ішла і ў іншых відах спаборніцтваў. І шматлікія балельшчыкі дружнымі апладысментамі, шчырымі воклічамі віталі новых чэмпіёнаў спартакіяды. Называем іх: Вольга Гінько (Празароцкая СШ), Валянцін Шыпко (Удзелаўская СШ) — стральба з пнеўматычнай вінтоўкі; Вольга Папельская (Ломашаўская СШ), Аляксандр Плыгаўка (СШ №1) – скачкі ў даўжыню з месца; Святлана Гаравец (Ломашаўская СШ), Аляксей Лаўрыновіч (Удзелаўская СШ) – дыстанцыя  30 і 60 метраў; Анастасія Сіманковіч (дзіцячы сад №2), Аляксандр Плыгаўка (СШ №1) – дыстанцыя  300 і 600 метраў. Людміла Герасімава (дзіцячы сад №2), Антон Якубёнак (Суклінская СШ) – армрэстлінг.

    У перацягванні каната мацнейшай аказалася аб’яднаная каманда Залескай і Запрудскай школ.

    У агульнакамандным заліку першае месца заваявала каманда сярэдняй школы №2 горада і дзіцячых садкоў №1 і №3. Сярэбраны прызёр — каманда Шунеўскай і Мярэцкаўскай школ, бронзавы --  Узрэцкай, Удзелаўскай і Бабічоўскай школ.

    Усе пераможцы спартакіяды (у агульнакамандным і ў індывідуальным заліках) атрымалі ўзнагароды. Цырымонію ўзнагароджвання праводзілі намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Таццяна Малатоўнік і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Гаўрылава.

    2.

    На спартакіядзе прысутнічалі многія выбітныя ў мінулым спартсмены.

    -У такі дзень не мог не прыйсці на стадыён, — адзначыў у размове дэлегат Пятага Усебеларускага народнага сходу, лаўрэат звання “Чалавек года Віцебшчыны-2015” Франц Альхімёнак. – Пераканаўся: багатая на спартыўныя таленты наша Глыбоччына.

    Пра таленты, пра мінулае, сённяшняе і заўтрашняе глыбоцкага спорту ішла размова на ўрачыстым пасяджэнні, якое пасля спартакіяды праходзіла ў спартыўнай школе.

    Ганаровыя граматы райвыканкама  ўручаны дырэктару раённай дзіцячай спартыўнай школы Уладзіміру Буку, вадзіцелю спартыўнай школы Васілю Сцяпанаву;

    падзякі райвыканкама – інструктару-метадысту спартыўнай школы Марыі Калядзе, інструктарам-метадыстам раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Аліне Вішняковай і Але Галай, трэнеру па боксе Віктару Калягу, ветэрану спорту Яўгену Палячонку.

    Многія работнікі ўстаноў адукацыі атрымалі  граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Былі ўзнагароджаны і юныя спартсмены – пераможцы і прызёры абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў.

    Асобны сказ – пра конкурс мастацкай самадзейнасці. Усе каманды падрыхтавалі вельмі цікавыя нумары: ставала і лірычных песень, і музыкі, і танцаў, і гумару. І ў зале,  як  на стадыёне, доўга не змаўкалі апладысменты пасля кожнага выступлення.

    Напрыканцы не магу не выказаць  такую думку (зрэшты, так думаюць многія, хто ў гэты дзень прыйшоў на стадыён): першая спартакіяда работнікаў устаноў адукацыі раёна  паказала, што ў нашых школах – проста зорны россып  і спартсменаў, і артыстаў, і неардынарных, таленавітых людзей. Словам, VIVAT, спартакіяда!

    Автор: Алесь ЖыгуноўВеснік Глыбоччыны
    Теги: 

Комментарии (0)