18 Апреля, 2024 Четверг

Баязлівец не гуляе ў хакей!

  • 17 июня 2016 Спорт Беларуская 0

    Многія бацькі мараць бачыць сваіх сыноў у будучыні сапраўднымі мужчынамі – разумнымі, моцнымі, смелымі людзьмі, якія ведаюць, што такое сяброўства і ўзаемадапамога. Мабыць, таму і аддаюць дзяцей у хакейную секцыю. Добра, што цяпер гэтым відам спорту можна займацца і ў Маладзечне.

    Маладзечанская дзіцяча-юнацкая хакейная каманда невялікая – каля трыццаці чалавек. Большасць хлопчыкаў 2005 года нараджэння, аднак трэніруюцца таксама на год старэйшыя і малодшыя. Асаблівых патрабаванняў да будучых хакеістаў іх трэнер Андрэй Пічуха не ставіць. У адборы ўдзельнічалі ўсе жадаючыя, і толькі пасля некалькіх трэніровак праходзілі абавязковую медыцынскую камісію, здавалі нарматывы.

    — Хлопчык павінен быць высокі і жылісты, каб вытрымліваць рытм трэніровак. А калі ён яшчэ ад прыроды здаровы – гэта выдатны кандыдат на чэмпіёнства, — гаворыць А. Пічуха. – У першую чаргу юнакоў вучаць трымацца на каньках і дысцыпліне. Хакей – спорт, дзе трэба адначасова мысліць лагічна, сачыць за шайбай і праціўнікам

    Юныя маладзечанцы займаюцца толькі трэці год, таму адпрацаваных стратэгічных схем гульні ў іх яшчэ няма.

    — У камандзе дзеці рознага ўзросту. Некаторыя з іх разумеюць, што трэба рабіць на лёдзе, але фізічна «не цягнуць». Год розніцы ў хакеі вырашае шмат, — тлумачыць трэнер. — «Гнабіць» за няўдачу нельга ні ў якім разе. Усе юнакі хочуць гуляць у КХЛ ці НХЛ і абавязкова стаць вядомымі хакеістамі. І гэта правільная матывацыя.

    Хакей, сцвярджае субяседнік, не той від спорту, якім пажадана займацца для здароўя. Таму прыкладна да адзінаццаці гадоў кожны хлопчык павінен вырашыць наконт спартыўнай кар’еры, а трэнер разумее, ці ёсць для гэтага патэнцыял.

    — Трэніруемся мы штодзень у сярэднім па тры гадзіны – размінка, лёд, расцяжка. І калі для ўсіх гульцоў гэта стандартны план, то варатары займаюцца дадаткова яшчэ два-тры разы на тыдзень. Адпачываем толькі ў час летніх канікулаў, — расказвае А. Пічуха і шкадуе, што апошнім часам дзеці сталі больш хварэць, гэта перашкаджае трэніроўкам. – Вясна, лета ці міжсезонне – розніцы няма. На кожным выездзе я прыслухоўваюся да кожнага «кхе-кхе» і шморгання носам. Бо калі са зламанай рукой трэніравацца рэальна, то з самай нязначнай тэмпературай на лёд выходзіць нельга.

    Трэнер сцвярджае, што ў такім узросце гаварыць пра траўмы, без якіх не абыходзіцца ў хакеі, рана. Сілавая барацьба ля бартоў пачнецца дзесьці праз сезон, таму пакуль што юнакі вучацца максімальна хутка аднаўляцца пасля прастуды.

    Сам Андрэй Пічуха гуляе ў хакей з дзевяці гадоў. Пачынаў у клубе «Юнацтва-Мінск», пасля былі маскоўскі «ЦСКА», каманды ў Салігорску і Віцебску.

    — Трэнерскага вопыту ў мяне не так шмат – працую з камандай усяго год. Але я ўпэўнены, што хакей –  гэта мой від спорту і да канца жыцця буду з ім звязаны, — разважае мужчына, які ўжо мае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «трэнер-выкладчык», але не збіраецца спыняцца на дасягнутым.

    Фота: архіў КАМАНДЫ.

    Автор: Юлія ШАБЛОЎСКАЯ.Маладзечанская газета

Комментарии (0)