24 Апреля, 2024 Среда

Чарговы турыстычны злёт прайшоў на Глыбоччыне

  • 01 июля 2016 Спорт Беларуская 0

    24-26 чэрвеня 13 каманд з прадпрыемстваў і арганізацый раёна  на беразе возера Пліса, непадалёк ад дзіцячага лагера адпачынку “Ізумрудны”, што ля Прошкава, сабраліся на чарговы турыстычны злёт.

    Удзел у турзлёце, адным з этапаў якога  стала выпрабаванне 30-градуснай спёкай, прынялі  каманды  аддзела адукацыі, спорту і  турызму райвыканкама, КУП “Глыбоцкая ПМК меліявадгаса”, ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод”, “Глыбоцкі МКК”, “Глыбоцкі мясакамбінат”, філіяла Глыбоцкі хлебазавод, УП ЖКГ,  Глыбоцкіх электрычных сетак, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Дзвінскай эксперыментальнай базы інстытута лесу НАН Рэспублікі Беларусь,  ДКУБП “Глыбоцкая ПМК-48”,  прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Глыбоцкім раёне, якая “пасмакавала” турысцкага хлеба ўпершыню, і каманда індывідуальных прадпрымальнікаў, сфарміраваная па іх уласнай ініцыятыве. Паколькі  апошняя каманда складалася з навічкоў-аматараў і спаборнічаць з карыфеямі турысцкай справы, напрыклад, камандай электрасетак, якая  на працягу апошніх гадоў заўсёды  перамагае, было  даволі складана, а таму  яны ўдзельнічалі ў пасільных для сябе конкурсах. Але сам факт удзелу прадстаўнікоў прыватнага бізнесу, а значыць, зацікаўленасці ў мерапрыемствах на карысць здароўю, якія  праходзяць у раёне, гаворыць пра многае.

    Каманда УП “Глыбокаегаз”, якая хацела прыняць удзел у турзлёце, не  змагла гэтага зрабіць, бо  яе члены на тыя выхадныя якраз удзельнічалі ў абласной профільнай спартакіядзе. Не было сярод удзельнікаў і каманды Глыбоцкай птушкафабрыкі, але прадпрыемства аказала пасільную дапамогу ў арганізацыі работы судзейскай брыгады і  набыцці падарункаў.

    У праграме сёлетняга турзлёту былі спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні ў зададзеным накірунку, чацвератлоне, які ўключаў у сябе крос, велакрос, плаванне і стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі, пляжным валейболе, у турыстычнай эстафеце,  веларалі з элементамі арыентавання  на дыстанцыі 19 кіламетраў, спаборніцтвах па турысцка-прыкладным шматбор’і ў тэхніцы веласіпеднага  і воднага турызму,  спартыўна-жартоўных спаборніцтвах для кіраўнікоў, а таксама – конкурсе на лепшы дэвіз і “речёвку”, мастацкай самадзейнасці, турысцкага побыту і навыкаў, кулінараў, “ІКС”, умовы якога былі невядомы ўдзельнікам да апошняга, віктарыне “Культура Глыбоччыны”. “Разыначкай” турзлёту стаў конкурс  “Не пар мяне” – на лепшы звязаны венік для цешчы, мужа і жонкі, хлопца і дзяўчыны і  яго  творчая абарона. Ідэю правядзення конкурсу выказаў летась старшыня райвыканкама Алег Морхат, які выношвае мару асабіста паўдзельнічаць у турзлёце, але па прычыне шчыльнага рабочага графіка зрабіць гэтага пакуль не можа.

    На ўрачыстым адкрыцці турзлёту права падняць сцяг  прадаставілі  членам каманды Глыбоцкіх электрасетак, пераможцам мінулага года. Затым прысутных прывітаў старшыня райвыканкама Алег Морхат. Ён выказаў надзею на тое, што добрая фізічная форма і загартоўка нікому не пашкодзяць, што на турзлёце ёсць выдатная магчымасць праявіць, паказаць свае здольнасці, згуртаваць каманду, знайсці новых сяброў.

    – Спаборніцтвы – гэта заўсёды перамога адных і пройгрыш другіх. Не трэба засмучацца і адчайвацца, бо любы, нават адмоўны вопыт нечаму вучыць. Трэба, каб усё было па сумленні: змагайцеся, дабівайцеся, заваёўвайце сваё права  стаць лідарамі, – такі наказ даў прысутным Алег Віктаравіч.

    Затым прадстаўнікі каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый раёна праспявалі новую песню-прысвячэнне глыбоцкім турыстам.

    Два з паловай дні доўжыліся турысцкія баталіі: на  трасах, на вадзе, у пяску, па бездарожжы, і ў выніку кожны паказаў, на што ён здольны.

    Што датычыць фінальных балаў і месцаў, то турнірная табліца выглядае наступным чынам. Бясспрэчным пераможцам сёлетняга турысцкага сезона зноў стала каманда філіяла Глыбоцкіх электрасетак, прызёрамі сталі  каманда РАНС (2-е месца) і  ДКУБП “Глыбоцкая ПМК-48” (3-е месца).

    – Нягледзячы на тое, што каманда Белдзяржстраха сёлета прымала ўдзел у турзлёце ўпершыню, яна старалася трымаць марку сваёй арганізацыі. Малайцы! Яшчэ адной навінкай турзлёту было тое, што мы ўпершыню выбралі і ўзнагародзілі лепшага турыста і лепшую турыстку. Гэтыя ганаровыя званні атрымалі Аня Баран і Віталь Шантар, з чым іх шчыра віншуем, – сказала Таццяна Зяваліч. – Што датычыць узнагарод, то сёлета кожная каманда-ўдзельніца ўносіла першапачатковы ўзнос у суме 250 тысяч рублёў. Гэтыя грошы ў суме разам з каштоўным падарункам атрымала каманда-пераможца.

    Выказваю ўдзячнасць за зацікаўленасць у падрыхтоўцы да турзлёту і непасрэдны ўдзел у цырымоніі адкрыцця старшыні райвыканкама Алегу Віктаравічу Морхату, яго намесніку Таццяне Малатоўнік, кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый і іх намеснікам за непасрэдны актыўны  ўдзел у турзлёце, кіраўніку турысцкага клуба “ПенДаль” Аляксандру Барану, які шмат дапамог у арганізацыі  конкурсаў, аддзелу ідэалагічнай  работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, РК ГА “БРСМ” і раённаму аб’яднанню прафсаюзаў, які ўзначальвае Вера Цяліца, членам судзейскай каманды, супрацоўнікам міліцыі і таварыства выратавання на водах,  медыцынскім работнікам, якія неслі кругласутачнае дзяжурства і не дапусцілі  непрыемных здарэнняў, работнікам культуры, што рабілі “агучку” і музычна суправаджалі  мерапрыемства, дзецям і  кіраўнікам груп лагера адпачынку “Ізумрудны”, якія тры дні цярпліва “дзялілі” пляжную прыазёрную тэрыторыю з удзельнікамі турзлёту, хоць гэта было, можа, і не надта зручна. Прыемна было тое, што па ўласнай ініцыятыве члены каманды філіяла Глыбоцкага хлебазавода спяклі вялізны каравай і частавалі ім усіх прысутных.

    Не скажу, што было проста і лёгка, але колькі задору, энергіі, адрэналіну  атрымаў кожны! Супакойвацца, праўда, не выпадае: у жніўні зборная каманда раёна будзе прадстаўляць Глыбоччыну на абласным турзлёце. Але людзям, якія “ ў справе турысцкай ведаюць толк”, не прывыкаць.

    Автор: Галіна СутулаВеснік Глыбоччыны
    Теги: 

Комментарии (0)