26 Апреля, 2024 Пятница

Сабрала "Окменіца" аматараў турызму

  • 05 июля 2016 Спорт Беларуская 0

    На працягу двух дзён на турыстычнай стаянцы ‘‘Окменіца’’ аматары паходнага жыцця змагаліся за права называцца лепшай камандай раёна па турыстычна-прыкладных дысцыплінах. Турзлёт арганізавалі і праводзілі аддзелы адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама раённы камітэт грамадскага аб’яднання БРСМ.

    У гэтым годзе ў спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды цэнтральнай бальніцы, торфабрыкетнага завода ‘‘Браслаўскі’’, ДП ‘‘Браслаўкамунальнік’’, СВК ‘‘Маяк Браслаўскі’’, аддзела адукацыі, райспажыўсаюза і Браслаўскага філіяла Глыбоцкага МКК.

    З раніцы ў пятніцу турстаянку напоўнілі галасы аматараў турызму, якія пачалі разбіваць лагеры. Кожная каманда імкнулася стварыць свой палатачны гарадок з найбольшым густам, бо ведала, што ў праграму спаборніцтваў абавязкова ўключаецца конкурс на лепшы быт часовай стаянкі. Усяго ж удзельнікам злёту на працягу няпоўных двух дзён трэба было прайсці праз 7 самых розных выпрабаванняў.

    З усіх іх самым прэстыжным і найбольш складаным з’яўляецца турыстычна-прыкладное мнагабор’е, ці так званая паласа перашкод, на якой удзельнікі павінны пераадолець навясную пераправу, прайсці над ‘‘цяснінай’’ па паралельна нацягнутых канатах, скакаць па ‘‘балоце’’ па курганах, з ходу ўзяць іншыя перашкоды. Зразумела, што ў гэтым відзе спаборніцтваў відавочным фаварытам была каманда аддзела адукацыі, якая ў канчатковым выніку і перамагла. Мне ж больш за ўсё спадабалася тое, як члены гэтай каманды ставіліся да сваіх сапернікаў. І перад пачаткам спаборніцтва, і ў час праходжання паласы перашкод турысты з аддзела адукацыі пастаянна інструктавалі членаў іншых каманд, дапамагалі ўпраўляцца з рыштункам, падбадзёрвалі. Адным словам, на паласе перашкод увесь час вітаў не толькі дух саперніцтва, а і сапраўднага турыстычнага братэрства.

    Як і ва ўсе папярэднія гады, яркім і запамінальным стаў конкурс самадзейнасці.

    Непаддзельны гумар, пародыі, цікавыя сцэнкі, вясёлыя песні-пераклады, арыгінальныя вобразы рэальных і казачных герояў, паказаныя на імправізаванай сцэне, выклікалі вясёлы смех і бурныя апладысменты.

    Акрамя двух пералічаных конкурсаў, камандам давялося паўдзельнічаць у вясёлай эстафеце, кіраваць веласіпедам, паспаборнічаць на трапнасць у дартсе.Праводзіліся таксама конкурсы ‘‘Зарадка’’, ‘‘Бодзіарт’’, ‘‘Вясёлы шашлычок’’. У пятніцу вечарам моладзь весялілася на дыскатэцы.

    Толькі, як заўсёды гэта бывае, добрае і вясёлае хутка заканчваецца. І, як казалі мне ўдзельнікі злёту, здавалася, толькі разбівалі лагер, а ўжо трэба збірацца дамоў. Наступіў час падвядзення вынікаў конкурсаў і спаборніцтваў.

    Па суме набраных балаў трэцяе месца занялі турысты СВК ‘‘Маяк Браслаўскі’’, другое месца дасталася камандзе ЦРБ. Галоўны ж прыз заваявала каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму. Усе разам атрымалі на злёце зарад бадзёрасці, завялі новых сяброў, проста цудоўна адпачылі.

    — Да наступнага года, ‘‘Окменіца’’, — скандзіравалі пасля закрыцця злёту яго ўдзельнікі і арганізатары.

    Автор: Аляксандр АзевічБраслаўская звязда
    Теги: 

Комментарии (0)