04 Мая, 2024 Суббота

Дом для чэмпіёнаў

  • 15 июля 2016 Спорт Беларуская 0

    – У нашай алімпійскай сям’і сёння вялікае свята, таму што кожная сям’я марыць мець свой дом, – сказаў на цырымоніі адкрыцця віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Мікалай Ананьеў, пажадаўшы, каб гэты алімпійскі аб’ект стаў домам для новых чэмпіёнаў. Ён павіншаваў прысутных з выдатным падарункам для аматараў беларускага спорту і ўручыў Падзяку НАК Беларусі старшыні аблвыканкама Анатолю Лісу за падтрымку алімпізму ды спорту. 

    У мерапрыемстве прынялі ўдзел  намеснік старшыні аблвыканкама, старшыня Прадстаўніцтва НАК у Брэсцкай вобласці Леанід Цупрык,  кіраўніцтва горада і спартыўных аб’ектаў вобласці, чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў, ветэраны спорту, сярод якіх  –  чэмпіёны Алімпіяд у Афінах 2004 года Юлія Несцярэнка, у Рыме 1960 года – Сяргей Макаранка, Маскоўскай Алімпіяды-80 Леанід Тараненка і іншыя.

    Месцам для ўсіх, хто любіць спорт, павінна стаць  штаб-кватэра Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці па вуліцы Леванеўскага, 17 у абласным цэнтры. Рэканструкцыя комплексу будынкаў, перададзеных Прадстаўніцтву НАК абласным выканаўчым камітэтам, вялася з 2009 года. Дзякуючы спонсарскай падтрымцы будаўнічых прадпрыемстваў рэгіёна, завяршыць праект змаглі акурат напярэдадні галоўных стартаў чатырохгоддзя – Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра і ў юбілейны год – 25-ты з дня заснавання Нацыянальнага алімпійскага камітэта краіны.

    – Мы будзем праводзіць тут сустрэчы алімпійцаў з дзецьмі, ганараванні спартсменаў за іх дасягненні, адзначаць юбілейныя даты. Галоўнае – каб было паболей прыемных нагод, – сказала дырэктар Прадстаўніцтва НАК у Брэсцкай вобласці Алена Белаконенка.

    Зараз у алімпійскім комплексе размяшчаюцца офісы ведамства, канферэнц-зала, створана музейная экспазіцыя. А пасля вяртання беларускіх атлетаў з бразільскай Алімпіяды, перад пачаткам новага навучальнага года, плануецца адкрыццё інтэрактыўнай Залы алімпійскай славы Брэстчыны.

    Значнасць укладу нашага рэгіёна ў алімпійскі рух адзначыў на ўрачыстасці старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс: “21 берасцеец у 7 відах спорту заваяваў алімпійскія медалі, чацвёра сталі алімпійскімі чэмпіёнамі.  23 прадстаўнікі Брэстчыны атрымалі ліцэнзіі на ўдзел у сёлетняй Алімпіядзе ў Рыа. Упэўнены, што нашы спартсмены пакажуць вартыя вынікі”. Кіраўнік вобласці  таксама згадаў выхаваўчае значэнне спорту і параіў спартсменам часцей сустракацца ў новым будынку з моладдзю і дзяліцца сваім вопытам. 

    Автор: Алёна САЦУТАНародная трыбуна
    Теги: 

Комментарии (0)