02 Мая, 2024 Четверг

Асілак зямлі дабромысленскай

  • 19 июля 2016 Спорт Беларуская 0

    Фізічныя магчымасці кожнага з нас абмежаваны ўласнай “порцыяй”, якой адарыў Усявышні. Але Бог не роўна дзеліць: хтосьці з мужчын адрозніваецца спрытам, вынослівасцю, хтосьці сілай... А хтосьці – сілай неверагоднай.Знаёмцеся: ураджэнец і жыхар вёскі Дабромысль Руслан Багіраў. З гэтым 33-гадовым маладым мужчынам-гігантам, які, здаецца, складаецца толькі з вялізарных мышцаў і тэстастэрона, большасці з нас неяк і няёмка параўноўвацца, бо прыродная моц і трэніроўкі “перакінулі” яго ў разрад супермужчын, якім толькі і застаецца займацца сілавым экстрымам: зрушваць з месца МАЗ ці ІЛ-76, падымаць і пераносіць на адлегласць паўтонныя канструкцыі… Гэта – жыццё ў іншым вымярэнні, спорт, які напалову шоу… Давайце ж больш падрабязна пазнаёмімся з жыццём нашага земляка, які ў такім экзатычным відзе спорту, як сілавы экстрым, ужо мае некалькі ўзнагарод.

    Дзяцінства? Ніякіх асаблівасцяў!

    Але адкуль у Дабромыслі ўзялося прозвішча Багіраў? Мы ж ведаем, што тутэйшыя прозвішчы – гэта Хвясько, Сяргейчык, Голуб… Справа ў тым, што мама Руслана, Людміла Субоцька, выйшла замуж за ўраджэнца Азербайджана па прозвішчы Багіраў. Але жыццё ў маладой пары не заладзілася, шлюб распаўся. Руслана, які нарадзіўся ў Івацэвічах, забралі да сябе на выхаванне дзядуля і бабуля Субоцькі – іх дом на ўскраіне Дабромысля, у сотні крокаў ад Шчары. 

    Руслан з дзяцінства сярод сваіх равеснікаў вылучаўся больш “дарослым” целаскладам; як згадвае настаўнік фізкультуры Дабромысленскай сярэдняй  школы А. І. Сплендзер, хлопчык быў дужы, але крыху непаваротлівы. Любіў плаванне, увогуле, летам з роднай Шчары Руслан літаральна не вылазіў. Сяброўства з гульнявымі і сілавымі відамі спорту, якаснае вясковае харчаванне і, канешне, генетыка зрабілі сваю справу: амаль двухметровы гігант вагой каля 150 кілаграмаў ужо не зважае, што калі ідзе па Мінску, то позірк амаль кожнага прахожага спыняецца на ім, што некаторыя з дзяўчат просяць фатаграфавацца з ім, дакрануцца да яго біцэпсаў, якія ў абхваце параўноўваюцца з аб’ёмам Арнольда Шварцэнегера.

    – Антрапаметрыяй і фізічнай сілай Руслан падобны на свайго дабромысленскага ўжо нябожчыка дзядулю Сяргея Субоцьку – той таксама быў здаравеннага целаскладу мужчына, – разважае А. І. Сплендзер. – Увогуле, Руслан настолькі дужы мужчына, што яму, па вялікім рахунку, няма з кім і сапернічаць. Мы некалькі разоў бралі яго на спаборніцтвы, дзе ён выступаў за сельсавет, і… “трымалі ў запасе”. Ну хто, скажыце, можа з ім на роўных змагацца ў армрэстлінгу? Рука любога сярэдняга мужчыны ў параўнанні з яго рукой – рука пластыкавай лялькі, якую Руслан проста адламае… Ведаю, што некаторыя з яго сапернікаў моцна пацярпелі і нават пакутавалі, калі паспрабавалі перамагчы яго ў армрэстлінгу…

    Першая “Прагулка фермера”

    Са спартыўнымі дысцыплінамі – найперш сілавымі – Руслан сябраваў і ў школьным узросце, і пасля заканчэння школы, і, зразумела, у арміі… І нават зараз, калі накіроўваецца на працу ў Мінск (Багіраў пражывае ў бабулі ў Дабромыслі, працуе электразваршчыкам па вахтах у сталіцы), то падтрымлівае спартыўную форму на працоўным месцы, дзе зварыў сабе турнік і некаторыя іншыя прыстасаванні для фізічных заняткаў (пра “спартыўную залу” пад адкрытым небам у Дабромыслі мы раскажам крыху ніжэй). Прыкладна год назад Руслан зрабіў канкрэтную  стаўку на заняткі менавіта сілавым экстрымам. 

    І па вялікім рахунку, ён не прыйшоў у гэты від спорту, а… уварваўся. Убачыў аб’яву аб тым, што праводзяцца спаборніцтвы асілкаў у адным буйным горадзе Беларусі, патэлефанаваў, прыехаў і сходу заняў месца на п’едэстале. Яго сапернікі-сілавікі аж сумеліся, калі ўбачылі навічка, які ў дысцыпліне “Прагулка фермера” ўзяў у рукі і панёс два чамаданы па 170 кг кожны, узняў “Камень Атласа” (170 кг), зрушыў і панёс на плячах “Каромысел” (канструкцыя вагой каля 400 кг). Стала зразумела, што ў асяродак беларускіх прадстаўнікоў сілавога экстрыму (іх некалькі дзясяткаў чалавек) прыйшоў моцны канкурэнт. 

    – Сілавы экстрым – гэта некалькі дзясяткаў дысцыплін, сярод асноўных “Буксіроўка грузавіка”, “Камень Атласа”, “Прагулка фермера”, “Кантоўка пакрышкі”, “Каромысел”  і шэраг іншых, – расказвае Руслан Багіраў. – Не думаю, што сілавы экстрым калісьці стане алімпійскім відам спорту, бо ён разглядаецца больш як шоу, а адзіных на ўсіх правіл не існуе. Пакуль не існуе. Тым не меней, звычайна нашы спаборніцтвы праходзяць пад адкрытым небам і прыцягваюць немалую колькасць гледачоў...

    За апошні год Руслан прыняў удзел у шэрагу спаборніцтваў як у Беларусі, так і на Украіне. Станавіўся прызёрам; можна сказаць, канчаткова аформіўся як стронгмен – так ва ўсім свеце называюць прадстаўнікоў сілавога экстрыму. Цікава, што арганізатары спаборніцтваў з разуменнем ставяцца да спаборніцтваў асілкаў і плацяць ім толькі за ўдзел у шоу (за перамогу – асобная плата). Напрыклад, на святах гарадоў у Беларусі гэта можа быць сума каля 2 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Гэта правільны крок: стронгмены – экстрэмалы, тут можна атрымаць траўму, што паставіць крыж на тваёй далейшай кар’еры.        

    У іх крыві не хапае жалеза?

    Руслан абсталяваў спартыўную пляцоўку пад адкрытым небам у сваім родным Дабромыслі, непадалёку ад хаты. Спартыўныя снарады тут адпаведныя: велізарнае кола вагой каля 500 кілаграмаў, якое кантуе наш асілак, каб падтрымліваць спартыўную форму, “Каромысел” вагой каля 0,5 тоны, які ўздымае сваімі магутнымі плячыма і носіць па падворку, “Бервяно” (металічнае). Бабуля хапаецца за галаву, калі бачыць, што “вырабляе” ўнук.

    – У нас тут, у Дабромыслі, ёсць мужчына, які прымае металалом за грошы. Калі ты, Руслан, будзеш на вахце, я ўсе гэтыя “снарады” здам! – і сур’ёзна, і з жартам “пагражае” Юлія Станіславаўна, бабуля, якая толькі жахаецца, калі бачыць, што яе ўнук цягае на плячах па падворку паўтонныя канструкцыі, выціскае над галавой металічныя прадметы вагой да двух цэнтнераў…

    – Нічога дзіўнага, – звяртае нашу ўвагу Руслан. – Калі б я п’яны спаў на лаўцы каля хаты, то вяскоўцы на гэта глядзелі б спакойна, а вось калі ты актыўна займаешся спортам, то гатовы пальцам круціць каля скроні… Сельскі менталітэт, але я на гэта мала зважаю… Трэніроўкі, калі я дома, у Дабромыслі, бывае, праводжу па дзве ў дзень, бо калі ад’язджаю на вахту, то там трэба шмат працаваць, няма калі думаць пра “Прагулку фермера” ці “Камень Атласа”… Хаця, як ужо гаварыў, турнік я сабе “зварыў”, падцягванні дазваляюць някепска падтрымліваць спартыўную форму… 

    І яшчэ. Як адзначыў А. І. Сплендзер, пры ўсіх сваіх поспехах  Руслан вылучаецца сціпласцю і, так бы мовіць, непрыкметнасцю. Ён зусім не агрэсіўны, спакойны хлопец, падкрэслівае педагог, хаця сілы ў яго – за чацвярых. Пры гэтым мае настойлівы характар, таму можна не сумнявацца: поспехі да Руслана прыйдуць абавязкова.

    Наша бліц-інтэрв’ю

    – Руслан, гэта, напэўна, у некаторых жыццёвых сітуацыях вельмі нязручна – быць 2-метровым веліканам вагой да 150 кг?

    – Так… Калі я заходжу ў вагон цягніка, то адчуваю, як уздыхаюць мае суседзі па купэ, бо месца мне трэба вельмі многа (усміхаецца). Уявіце мяне на верхняй паліцы купэ: я не памяшчаюся ні ў даўжыню, ні, тым болей, у шырыню… Таму аддаю перавагу перасоўванню ў асабістым легкавіку, салон якога таксама прыйшлося крыху перарабіць, бо не залезці… Калі на працоўнай вахце заходжу ў кабінет, дзе працуе наш кіраўнік, інжынер, то ён мне кажа: калі ты, Руслан, заходзіш, то мне няма чым дыхаць. З гэтым трэба неяк жыць…

    – Як ты рэагуеш на просьбы сфатаграфавацца з табой пасля спаборніцтваў?

    – Вельмі проста, нікому не адмаўляю. Чаму не? Просяць сфатаграфавацца, лічу, таму, што ў мяне высокі рост, бо некаторыя стронгмены, мае канкурэнты, невысокія, хаця, канешне, каржакаватыя мужчыны, але яны хутка губляюцца ў натоўпе, а мяне, 2-метровага, відаць здалёк. 

    – З майго боку было б верхам непрафесіяналізму не спытаць у стронгмена пра харчаванне…

    – Не паверыце, я харчуюся так, як і ўсе. Бывае, што іншы дзень, акрамя супа, няма чаго есці. Ем суп…

    – Я табе не веру, Руслан. Такую мышачную масу на адным супе не падтрымаеш. А. Шварцэнегер, калі быў на вяршыні кар’еры, у тваім узросце толькі на сняданак з’ядаў курыцу, дзясятак яек, паўкілаграма тварагу...

    – Паўтаруся, я ем нямнога. Хочаце спытаць пра спартыўнае харчаванне? Я не толькі не ўжываю стэроіды, я нават яшчэ ні разу не каштаваў дазволенае спартыўнае харчаванне, якое выпускаюць і беларускія вытворцы, той жа Бярозаўскі сыраробны камбінат, і якое любы можа купіць у магазінах. Яно і дарагое, і…яшчэ невядома, як адрэагуе мой арганізм. Тое звычайнае харчаванне, якое спажываю зараз, дазваляе падтрымліваць сябе ў нармальнай форме… Ці ёсць сакрэт? Ем я даволі многа кашы – асабліва аўсянку і грэчку.

    – Для мяне стала адкрыццём, што ты па-ранейшаму “патрыёт” турніка і падцягвання. Гэта неверагодна, бо трэба мець надзвычай дужыя рукі, каб дзясяткі разоў паднімаць і апускаць 150 кілаграмаў уласнай вагі!

    – Большасць стронгменаў, сапраўды, зусім не фанацеюць ад падцягванняў, бо сур’ёзная маса цела не вельмі спрыяе гэтаму. А я вось гэтае практыкаванне люблю з дзяцінства, і нават зараз, хаця мая вага даходзіць да 150 кг, выконваю за трэніроўку некалькі дзясяткаў падцягванняў. Лічу, што менавіта турнік і заняткі армрэслінгам (ім займаюся прафесійна)  дазваляюць мець моцныя рукі. Так, падчас выканання практыкавання “Буксіроўка грузавіка” я зрушваю МАЗ менавіта сілай рук, хаця мае сапернікі больш выкарыстоўваюць сілу мышцаў спіны і ног. Дарэчы, “Буксіроўка грузавіка” – адно з маіх самых любімых практыкаванняў. Каб падтрымліваць сябе ў форме, стаўлю свой “БМВ” на “ручнік” (каб было цяжэй зрушыць), прывязваю канат – і цягну па дарозе. 

    – Ведаю, што твая мама пражывае на Віцебшчыне, а мясцовая раёнка ўжо піша, што “наш віцебскі асілак Руслан Багіраў”…

    – У мяне адна радзіма – Дабромысль. Хоць нарадзіўся ў Івацэвічах, тут, на берагах Шчары, прайшло маё дзяцінства. Тут мне і дыхаецца лёгка, сюды заўсёды спяшаюся пасля вахты… 

    Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.

    Фота Аляксандра ГОРБАЧА і з архіва Руслана Багірава.

    Автор: Аляксандр ГОРБАЧІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)