04 Мая, 2024 Суббота

Слалам для кашалька

  • 30 декабря 2016 Спорт Русский 0

    Гарналыжны сезон сёлета пачаўся ў рэкордна раннія тэрміны. У «Сілічах» і «Лагойску» трасы запрацавалі яшчэ ў сярэдзіне лістапада. Тых, хто выбірае актыўны адпачынак на свежым паветры, хоць адбаўляй. Але многія аматары такога ўік-энда наракаюць: маўляў, за дзень на лыжах, цюбінгах або снаўбордзе можна аддаць паўзарплаты. Карэспандэнт «Р» высвятляла, колькі каштуе зімовы спорт.

    Гарналыжны цэнтр «Сілічы» знаходзіцца ў 32 кіламетрах ад Мінска. Калі няма машыны, дабрацца да крутых схілаў і трас можна на аўтобусах і маршрутках. Напярэдадні паездкі вывучаю цэны на неабходную экіпіроўку.

    Мінскія магазіны прапануюць лыжы ў сярэднім ад 440 рублёў, чаравікі і палкі да іх — ад 300 і 40 рублёў адпаведна. Каб пракаціцца на ўласным снаўбордзе, таксама давядзецца патраціцца: за дошку выкласці ад 470 рублёў, за чаравікі — ад 330. І гэта цэны для ўзроўню «навічок» — больш якаснае абмундзіраванне каштуе ў разы даражэй! Таму адпраўляюся без рэчаў — калі катацца ўсяго пару разоў за зіму, экіпіроўку больш выгадна браць напракат. Гадзіна арэнды гарналыжнага камплекта будзе каштаваць 8 рублёў у будны дзень і 11 — у выхадны. Усе прадметы «гардэроба» можна браць і паасобку.

    У дні з сапраўды зімовым над­вор’ем у цэнтры мнагалюдна. У асноўным гарналыжнікі адпачываюць парамі. З размовы двух сяброў зразумела: тут яны тусуюцца кожныя выхадныя. «У дзяцінстве спрабаваў катацца, але неяк не прыкіпеў. Любоў да снаўборда прачнулася ўжо ва ўніверсітэце, калі з аднакурснікамі аднойчы выбраліся за горад. Цяпер, як кажуць, не дай паесці, але дай паганяць па схілах. Магу патраціць усе свабодныя грошы і не шкадую», — смяецца заўсёднік Сяргей Радзівонік.

    Ля таблічкі-прэйскуранта сустракаю сямейную пару. Муж і жонка прыглядаюцца. «Нас палохалі, што цэны на паслугі рэзка падскочылі. Але ўсё ж выбраліся сюды», — дзеляцца Данута і Валерый Лосік. На шчасце наведвальнікаў, чуткі не пацвердзіліся.

    Вераніка Няхайчык, начальнік планава-эканамічнага сектара рэспубліканскага гарналыжнага цэнтра «Сілічы», тлумачыць: «Каб прыцягнуць як мага больш кліентаў, у гэтым сезоне цэны засталіся на ўзроўні мінулага года. Гэта таксама датычыцца катка, які зараз знаходзіцца на рэканструкцыі і адкрыецца ў канцы студзеня. Дарэчы, перад тым як прыехаць, на нашым сайце можна азнаёміцца з картай цэнтра, станам трас, а таксама адсачыць колькасць наведвальнікаў на вучэбнай трасе і трасе № 1. Запіс з вэб-камер трансліруецца ў рэжыме рэальнага часу».

    Каб спланаваць бюджэт, з Вера­нікай Няхайчык разлічваем суму на стандартную сям’ю: мама, тата, дзіця. Да прыкладу, яны вырашылі дзве гадзіны прысвяціць зімоваму ак­тыўнаму адпачынку – такі тэрмін кліенты выбіраюць часцей за ўсё. «Пад’ёмнік у будны дзень для дваіх дарослых каштуе 30 рублёў. Плюс 7 рублёў за дзіця. Кошт пракату камплектаў з лыжамі і снаўбордам аднолькавы: для дарослых па 9 рублёў, для дзяцей — 4,5 рубля. Так, за дзве гадзіны катання з поўнай экіпіроўкай на ўсю сям’ю атрымліваецца каля 60 рублёў. Праўда, у выхадныя гэтыя сумы ўзрастаюць: пад’ёмнік для адной такой сям’і абыдзецца ў 63 рублі, а поўны камплект амуніцыі — у 32,5 рубля.

    Тым, хто няўпэўнена трымаецца на лыжах ці няўдала рассякае на снаўбордзе, хвалявацца не трэба. Дапаможа інструктар. Праўда, за дадатковую плату. Гадзіна трэніроўкі аднаму адпачываючаму абыдзецца ў 25 рублёў, а сям’ю з 3—5 чалавек катацца навучаць за 50 рублёў.

    Разабраўшыся ў цэнніках, мяняю лакацыю. Сусед і канкурэнт «Сіліч» — «Лагойск». Комплекс размешчаны крыху далей па Віцебскай трасе. Наплыў людзей тут прыкладна такі ж, ды і цэны аналагічныя. Сярод наведвальнікаў сустракаюцца і замежнікі.

    Дарэчы, на навагоднія святы з 30 снежня па 8 студзеня «Сілічы» і «Лагойск» уваходзяць у топ-10 самых папулярных у расіян гарналыжных курортаў СНД і Грузіі. Адпачынак у гэтых месцах абыдзецца ім у 50 долараў у суткі — беларускія варыянты занялі трэцяе месца ў рэйтынгу бюджэтных кірункаў. У кошт уваходзіць сярэдняя цана сутачнага пражывання ў гатэлі ці апартаментах, абеду ў кафэ і скi-паса.

    З-за недахопу вольнага часу на дарогу многія аддаюць перавагу гарадскому адпачынку. Гарналыжны цэнтр «Сонечная даліна» знаходзіцца ў межах Мінска, гэтым і прывабны. І цэны тут ніжэйшыя за загарадныя. На дзве гадзіны пракат гарналыжнага камплекта тут каштуе 10 рублёў у будны дзень і 14 — у выхадны. Карыстанне пад’ёмнікам за гэты час абыдзецца ў 8 і 9 рублёў. Дзецям, вядома, танней.

    Яшчэ адзін папулярны від актыўнага адпачынку — катанне на лёдзе, гэта таксама нятаннае задавальненне. Цэны на добрыя канькі ў крамах даходзяць да 1 тысячы долараў. А напракат — па цане аднаго кубка гарачай кавы. Адпраўляюся на самы вялікі сезонны мінскі каток. Лядовая пляцоўка «Чыжоўка-Арэны» каля 4 тысяч квадратных метраў. На гладкім і акуратным лёдзе мнагалюдна.

    «Мы з Брэста, прыехалі на экскурсію. Вырашылі размяць ногі пасля працяглай дарогі, — маладая мама ненадоўга прыпыняецца ля борціка. — Прыемна, што сеанс доўжыцца 1,5 гадзіны замест звыклых 45 хвілін. Тут жа можна перакусіць — калі адпачываеш з дзецьмі, гэта плюс. Акуратныя раздзявальні, ветлівы персанал, ёсць медыцынскі работнік з аптэчкай. І ўсё гэта за 4 рублі, білет для дзіця каштуе ў два разы танней».

    Дарэчы, усяго ў Мінску і вобласці пры спрыяльных умовах надвор’я працуе больш за 150 аб’ектаў для актыўнага зімовага адпачынку. Наведвальнікаў прымаюць 33 каткі, 50 хакейных каробак, 76 лыжных трас. «Каля адкрытых лядовых пляцовак працуе 75 пунктаў пракату канькоў з агульнай колькасцю такога інвентару 5266 пар. Для аматараў актыўнага адпачынку на лыжах ёсць 33 пункты пракату з 2960 парамі лыж», — расказаў Вячаслаў Шыпароў, намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама.

    Аматары актыўнага зімовага адпачынку з нецярпеннем чакаюць студзеньскіх маразоў і снегу.

    НЕКАЛЬКІ ПУНКТАЎ АДПАЧЫНКУ ЗА МКАД

    На святы можна наведаць адзін з найбуйнейшых у Еўропе першародных лясных масіваў — Белавежскую пушчу. Акрамя казачнай прыроды, там можна ўбачыць Дзеда Мароза. У яго галоўнай рэзідэнцыі гасцей прымаюць штодня і без выхадных з 9 да 18 гадзін. Кошт візіту — 8,5 рубля для дарослых і 7 — для дзяцей.

    Новенькі квадрацыкл каштуе каля 10 тысяч рублёў. Такое аўто не многім па кішэні. А ў парку актыўнага адпачынку «Якуцкія горы» за 5 рублёў на снегаходзе можна праехаць адзін круг, а гэта каля 900 метраў. У іншых пунктах пракату краіны паездка на квадрацыкле абы­дзецца прыблізна ў 25 руб­лёў за 10 кіламетраў.

    Зімой даступная і прагулка на конях. Да прыкладу, у Прылепскім запаведніку кошт адной паездкі — 20 рублёў. За такую ж суму дзеці ад 2 гадоў могуць пакатацца на поні.

    Автор: ПОПКО Юлия ИосифовнаРэспубліка
    Теги: 

Комментарии (0)