05 Мая, 2024 Воскресенье

Навічкі аблавілі бывалых

  • 25 января 2017 Спорт Беларуская 0

    Днямі на возеры Святое, якое знаходзіцца непадалёку ад пасёлка Зялёны Бор Смалявіцкага раёна, прайшлі першыя барысаўскія міжраённыя спаборніцтвы па падлёднай лоўлі рыбы на мармышку. 

    Арганізатарам мерапрыемства выступіла кіраўніцтва Барысаўскай раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”.

    Паспрачацца ў лоўкасці і ўменні падлёднай лоўлі рыбы выказалі жаданне 48 аматараў “ціхага палявання” – членаў Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў з Барысаўскага, Бярэзінскага, Крупскага, Мінскага, Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў, якія спаборнічалі ў складзе 16 каманд па тры чалавекі ў кожнай. У іх ліку была і каманда юніёраў – рыбакоў ва ўзросце да 18 гадоў.

    Барысаўскі рэгіён быў прадстаўлены пяццю камандамі – “Акуні”, “Карасі”, “Барысаў-1”, “Барысаў-3” і “Навічкі”.

    За апошнюю каманду барысаўчан прапанавалі выступіць і супрацоўніку газеты “А”.

    Згодна з умовамі спа-борніцтваў кожны член каманды павінен быў на працягу трох гадзін рыбачыць у адным з трох сектараў возера, на якія загадзя было раз-дзелена возера чырвонымі флажкамі. Каб усе ўдзельнікі спаборніцтваў былі ў роўных умовах.

    Варта адзначыць, што надвор’е ў той дзень было не вельмі спрыяльным: няўстойлівы атмасферны ціск, з самага ранку і практычна без перапынку ішоў снег. Таму актыўнага клёву не было, даводзілася час ад часу свідраваць новыя лункі, мяняць мармышкі і прынаду. Некоторыя рыбакі за адведзеныя тры гадзіны спаборніцтваў не толькі не злавілі ні адной рыбкі, але нават не ўбачылі ні адной паклёўкі. І тым не менш аўтару гэтых радкоў удалося злавіць пяць акунькоў агульнай вагой 80 грамаў. А вось улоў другога члена нашай каманды – беспрацоўнага Максіма Гігевіча заважыў 640 грамаў, і ў індывідуальным заліку ён выйшаў пераможцам спаборніцтваў. Гэты рэзультат стаў вызначальным і пры падвядзенні вынікаў у камандным заліку – каманда “Навічкі” заняла першае месца. Другое месца дасталася камандзе “Усяж” са Смалявіцкага раёна, а трэцімі прызёрамі сталі члены барысаўскай каманды “Акуні”. Дарэчы, капітан гэтай каманды, работнік фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Беліна” Сямён Попікаў заняў другое месца ў індывідуальным заліку. А трэцім прызёрам у індывідуальным заліку стаў работнік КУП “Смалявіцкая ЖКГ” Алег Касцяневіч.

    Сярод юніёраў перамог сямікласнік Усяжскай сярэдняй школы Смалявіцкага раёна Дзяніс Глазкоў. Другі вынік паказаў вучань першага класа СШ № 3 г. Барысава Аляксандр Смалякоў, а трэцяе месца заняў вучань другога класа барысаўскай гімназіі №3 Уладзіслаў Козік.

    Пераможцам і прызёрам спаборніцтваў уручаны адпаведныя дыпломы, медалі і каштоўныя прызы, а камандам – дыпломы і кубкі.

    Усе ўдзельнікі спабор-ніцтваў атрымалі зарад бадзёрасці і добрага настрою і з апетытам частаваліся прыгатаванай на вогнішчы шурпой.

    Як зазначыў дырэктар Барысаўскай раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Віталь Мікулёнак, у арганізатараў міжраённых спаборніцтваў ёсць намер падобныя мерапрыемствы зрабіць традыцыйнымі і праводзіць кожны год.

    Мікалай ЧАЛЕЙ, фота аўтара

    Автор: Николай ЧАЛЕЙЕдинство
    Теги: 

Комментарии (0)