30 Апреля, 2026 Четверг

Раз канькі, два канькі – мы выходзім на каткі!

  • 03 февраля 2017 Спорт Беларуская 0

    Зіма працягвае радаваць марозным надвор’ем. А значыць, прадаўжаецца сезон актыўных і няўрымслівых герояў верша Якуба Коласа, якім не сядзіцца ў хаце.

    Сёлета дэфіцыту для аматараў лядовага шоу няма – спецыяльныя пляцоўкі залілі ля кожнай навучальнай установы. У Астраўцы часта можна ўбачыць, як трэніруюцца хакеісты, а побач спрабуюць выпісваць піруэты фігурысты.

    Аднак у горадзе і магчымасцей, і спосабаў іх рэалізацыі больш. А як бавяць зімовы час на раёне, асабліва ў аддаленых яго куточках? Каб адказаць на гэтае пытанне карэспандэнт “АП” вырашыў наведацца ў пасёлак Альхоўка, тым больш што тут, аказваецца, дзейнічаюць не адзін, а два каткі: школьны і “пасялковы”.

    все на каток1

    все на каток2

    все на каток3

    Вясёлае шчабятанне, звонкі смех і дружны шоргат канькоў – каля Альхоўскай сярэдняй школы ўжо здалёк чуваць дзіцячыя галасы, а маленькія постаці шустра коўзаюцца па лёдзе.

    – Ды яны могуць тут гадзінамі катацца – і не надакучвае, – усміхаючыся, расказвае намеснік дырэктара Алена Іванаўна Кусойць. – Каток ля школы мы заліваем ужо другі год, і ён сябе поўнасцю апраўдвае – дзеці катаюцца тут у вольны час, а некаторыя прыходзяць яшчэ і пасля заняткаў у школе.

    Пацвярджаючы словы настаўніцы, юныя фігурысты па катку “намотваюць” чарговы круг, выпісваючы усё новыя фігуры.

    – Катацца на каньках я люблю! – паведамляе адзін, спрытна раскручваючыся на месцы.

    – І я! І я! І я – таксама! – наперабой крычаць астатнія.

    – А мне мама спецыяльна сёлета канькі новыя купіла, – хваліцца ружовашчокая дзяўчынка.

    – А ў мяне і мама катаецца, і тата, і старэйшы брат. У выхадныя, калі бацькі не вельмі занятыя, мы ідзем на каток усёй сям’ёй, – бойка расказвае яе сяброўка. – Толькі не тут, а на другім, вялікім катку.

    – Гэта наша актывістка і спартсменка Лерачка Жук – у іх і сапраўды ўся сям’я быццам на каньках нарадзілася, – расказвае Алена Іванаўна. – Па вечарах і ў выхадныя выходзяць на лёд не толькі дзеці, але і дарослыя. У пасёлку яшчэ адзін каток ёсць! Тут, ля школы, коўзаюцца ў асноўным вучні малодшых класаў. А старэйшыя дзеці і дарослыя збіраюцца на іншым, які між сабой мы называем “гарадскі”.

    все на каток4

    все на каток5

    все на каток6

    Два каткі ў адной вёсцы? Гэта крута!

    Як высвятляецца другая лядовая пляцоўка натуральнага паходжання: каток уяўляе сабой расчышчаную тэрыторыю вадасховішча. Аднак калі вы думаеце, што гэта – з большага рассунуты снег, моцна памыляецеся. “Вылізаная”, раўнюткая, бы пад лінейку, зробленая пляцоўка па памерах амаль з футбольнае поле. А вакол яе – такая ж акуратная бегавая дарожка на лёдзе: пакуль старэйшыя хлопцы гуляюць у хакей, малодшыя, нікому не перешкаджаючы, коўзаюцца тут.

    – Гэты каток існуе дзякуючы нашаму няўрымсліваму Генадзю Іосіфавічу Бужымскаму, – расказвае А.І. Кусойць. – Ён яго расчышчае, даглядае. Ды і сам, нягледзячы, што размяняў восьмы дзясятак, любому маладому на каньках ці лыжах фору дасць.

    все на каток7

    Генадзь Іосіфавіч Бужымскі ў свій час працаваў галоўным інжынерам на кардоннай фабрыцы “Альхоўка”. Тады яму, маладому і ініцыятыўнаму, даручылі курыраваць спартыўнае жыццё ў пасёлку. З таго ўсё і пачалося.

    – Са спортам я заўсёды сябраваў, у інстытуце нават чэмпіёнам па канькабежным спорце быў, – успамінае мужчына. – Раней і ў Альхоўцы спартыўнае жыццё віравала. Якая ў нас была хакейная каманда! Мы выязджалі на спаборніцтвы ў раён і вобласць – і “рвалі” сапернікаў на лёдзе. Ды і зараз, калі прыязджае сын з унукамі, гуляем супраць мясцовых хакеістаў. Хочацца, каб і сучасныя дзеці падтрымлівалі спартыўны дух сваіх бацькоў і дзедаў. Вось і апякуюся гэтым катком – дзеля памяці былой і для нашай будучыні.

    все на каток9

    все на каток10

    все на каток8

    На катку з шайбай, гарэзліва носяцца юныя хакеісты. І, гледзячы на іх, разам з настальгіяй па мінуламу ажывае Генадзь Іосіфавіч і адчувае надзею, што ўсё прадоўжаць дзеці.

    Зіма працягвае радаваць марозным надвор’ем – і, не толькі ў Альхоўцы, але і ў Спондах, Міхалішках, Рытані, Вароне, Гудагаі і іншых вёсках раздаецца вясёлы гоман і ажываюць каткі. Зімовыя забавы працягваюцца!

    Марына МАЦКЕВІЧ.

    Автор: Марына МацкевічАстравецкая праўда
    Теги: 

Комментарии (0)