27 Апреля, 2024 Суббота

Падарожжа ў шахматную краіну

  • 10 февраля 2017 Спорт Беларуская 0

    Тры мільёны варыянтаў гульні на шахматным полі ўзнікае пасля першага хода. Вы ведалі?

    Гульнёвы турнір «У гасцях у каралевы шахмат», які адбыўся ў цэнтры дзіцячай творчасці ў мінулую суботу, прыемна здзівіў неардынарнасцю. Мерапрыемства спалучыла ў сабе спаборніцтва, навучанне гульні ў шахматы, тэатралізацыю, пазнавальную і забаўляльную часткі. Было вельмі цікава і дзецям, і іх бацькам.

    Ідэя ўзнікла ў кіраўніка ўзорнага ансамбля танца «Папараць-кветка» Ірыны Віктараўны Лаўровай:

    – Сёння нашы дзеці столькі часу праводзяць у віртуальнай прасторы, што проста неабходна вярнуць іх да жывых адносін, дапамагчы ім запоўніць вольны час нечым карысным, пашыраць кругагляд. Мы вырашылі звярнуць увагу дзяцей на шахматы – інтэлектуальную гульню, якая развівае мысленне, памяць, уменне канцэнтравацца, прымаць рашэнні. Кіраўнік фізкультурна-спартыўнага клуба «Трыумф» Георгій Рубэнавіч Амбарцумян падключыўся да рэалізацыі задумкі. Запрасілі ўдзельнікаў нашага ансамбля з бацькамі і шахматыстаў з «Трыумфа». Прыклад дарослых – самае лепшае ў выхаванні.

    Усё атрымалася цудоўна. Пакуль шахматысты, а яны былі ва ўзросце ад 5 да 60 гадоў, высвятлялі мацнейшага ў парах, госці турніра даведаліся пра гісторыю шахмат, як называюцца і як  «ходзяць» фігуры, самі паспрабавалі згуляць, разгадвалі загадкі. Хтосьці з гульцоў хутка разабраўся з апанентам, «аформіў» некалькі партый, а за адным са столікаў гульню прйшлося завяршаць у бліц-рэжыме. І як жа радаваліся дзеці, калі іх таты атрымлівалі медалі і дыпломы за ўдзел у шахматным спаборніцтве. Прыемна было і бацькам назіраць, як іх дзеткі спраўляюцца са складанымі шахматнымі задачкамі, пачуць словы ўдзячнасці ад арганізатараў мерапрыемства. Дарэчы, у турніры змагалася адзіная дзяўчынка – Анастасія Губчык, яна перамагла свайго саперніка і атрымала ў падарунак шахматы.

    Аліса Паслядовіч прыйшла на турнір з мамай Вольгай Уладзіміраўнай і татам Дзмітрыем Мікалаевічам. Тата ўдзельнічаў у спаборніцтве. Алісу ён таксама вучыць гуляць у шахматы. Акрамя гэтага дзяўчынка займаецца ў цэнтры дзіцячай творчасці танцамі, маляваннем, музыкай – у дзіцячай школе мастацтваў.

    – З задавальненнем прынялі ўдзел у гэтым цікавым пазнавальным мерапрыемстве. Цудоўна правялі разам час, – падзяліўся ўражаннямі Дзмітрый Мікалаевіч.

    Спадабалася і пяцігадоваму Арцёму Валатовічу з татам. Хлопык паўгода наведвае шахматны гурток у клубе «Трыумф» і ўжо гуляе на ўзроўні са старэйшымі, адзначае Георгій Рубэнавіч Амбарцумян.

    – Шахматамі ў «Трыумфе» займаюцца і пяцігадовыя дзеці,  і дзевяностагадовыя аматары. Дзяцей ходзіць каля 30 чалавек. Радуе, што ім гэта цікава. Тут яны і вучацца, і гуляюць, і спаборнічаюць, і абмяркоўваюць розныя тэмы, – гаворыць Георгій Рубэнавіч. – Дзеці заняты, яны развіваюцца інтэлектуальна. Спадзяюся, сёння мы зацікавілі ўдзельнікаў нашага падарожжа ў краіну шахмат і хтосьці прыйдзе да нас у секцыю.

    Автор: Ірына ВЕЧАРСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)